ВОДАР. 1. Пра сілу водару, яго характэрныя прыкметы: асенні, бальзамічны, вільготны, вясновы, густы, далікатны, духмяністы, духмяны, клейкі, лёгкі, мурожны, мядовы, мядункавы, мяккі, сакавіты, саладжавы, смалісты, смаляны, стойкі, сунічны, тапаліны, таполевы, тонкі, хваёвы, цёплы, чысты  востры, гаркавы, душны, золкі, слабы, халаднаваты, церпкі.

Асенні водар кружыць галаву (У.Някляеў). З нетраў веяла бальзамічным водарам маладой лістоты... (У.Караткевіч). Люблю зямлю, што пахне лесам. Люблю густой жывіцы дух, Вільготны водар свежых трэсак... (С.Грахоўскі). Над Прыпяццю сінее лес, адтуль нясе церпкім густым водарам (І.Навуменка). Далікатны мядовы водар верасоў напаўняў паветра (В.Вольскі). І духмяністым водарам яблык Залівае палі навакол (В.Гардзей). З варот ударыла мурожным водарам (Н.Гілевіч). Праз водар мядункавы Спелых лугоў у пракосах... Спяшаецца ўдалеч Стары беларускі бальшак (Н.Гілевіч). Валяцца аіры, валяр’яны, Малачай лье слёзы малака. Сакавіты водар іх духмяны Ап’яніў да стомы Петруська (Х.Жычка). Саладжавы водар тлуміў галаву (А.Савіцкі). Тхнула смалістым водарам, ішоў дым, трапяталіся агні (К.Чорны). Сасонкі... выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напоўніўшы паветра стойкім смаляным водарам (У.Шыцік). І вольна ў гэтым лесе дыхаць Сунічным водарам густым (К.Кірэенка). Ад далёкае ласкі нябачнага сонца ірдзелі снегавыя вяршыні гор... мацней запахла клейкім тапаліным водарам (В.Быкаў). Чайныя ружы ў мяне на стале Свецяцца квола ў вячэрняй імгле, Свецяцца бляскам сваім залацістым, Дыхаюць водарам тонкім і чыстым (К.Буйло). Водар хваёвы. Сіняе неба, Кожнае ранне Рады я хлебу (П.Броўка). За цёплы водар малака — Павага мне і вам пашана (П.Панчанка). Усё навокал тады незвычайнае: зеленавата-празрыстае, як шкло, неба... і вясновы, яшчэ халаднаваты, востры водар лесу! (А.Жук). Твой [Белавежы] водар гаркавы Нясу я з сабой: Зубрыныя травы, зазубраны боль (Я.Янішчыц). У душным водары палян, дзе маладосць хадзіла, багун, дурнічнік, дурнап’ян — раздзьмулі ўсе кадзіла (А.Вялюгін). Восень... З агародаў нясе золкім водарам ад выкапанай і скіданай на мяжы рэдзькі... (І.Пташнікаў).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце водару; пра характар фізічнага ўздзеяння (водару): амаль няўлоўны, гаючы, дарагі, жыватворны, здаровы, магічны, непаўторны, несмяротны, неспазнаны, пахучы, прыемны, п’янлівы, п’янючы, родны, самлела-гаркавы (аўт.), светлы, скупы, хвалюючы, хмельны, чараўнічы, шчымлівы.

Я... усё азіраўся, хацеў зразумець, адкуль струменіць такі тонкі, амаль няўлоўны і неспазнаны водар (Я.Сіпакоў). Вецер прыносіць у салон пах мёду, пах лугу і сена, прыемны, дарагі з дзяцінства водар сенавання (Б.Сачанка). Здаровы водар маладога хлеба! Шчаслівы час — заможнасць і спакой (С.Гаўрусёў). Хацелася на поўныя грудзі ўдыхнуць жыватворны водар вясновых дрэўцаў... (А.Кулакоўскі). Яе [юшкі] магічны водар, духмяны пах гарачы Мы ўчулі з парахода за тры вярсты ад дачы (Н.Гілевіч). Над палеткамі разліўся непаўторны водар канюшыны (А.Чарнышэвіч). Ад іх [коўдраў] струменіць несмяротным водарам Дымкоў пастушых, спелых траў і лісця (Н.Гілевіч). Антон прагна... удыхнуў пахучы водар (І.Сіняўскі). Дождж прайшоў — І водарам п’янлівым Пацягнула з маладога бору (Н.Гілевіч). Неба — ружовае-ружовае. Паветра напоўнена п’янючым водарам (М.Ваданосаў). Водар лета самлела-гаркавы, П’ю бярозавы ранак з карца (Я.Янішчыц). І светлы, нібы німб святога духа, Асенні водар кружыць галаву (У.Някляеў). Калі спалучу я ў адным адчуванні скупы водар халоднай зямлі, журблівае святло неба, — скрозь восень гляну я сабе ў душу (М.Стральцоў). Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі... (І.Навуменка). Зноў над роднай зямлёй Вее водарам хмельным, вясновым (Н.Гілевіч). Ад слоў дзяўчыніных ідзе аж водар чараўнічы... (У.Дубоўка). Водар шчымлівы мяты — як тытуню зацяжка (К.Камейша).

Паведаміць пра недакладнасьць