ВОЗЕРА (азёры). 1. Пра колер, празрыстасць вады; пра форму і велічыню (возера): блакітнае, густа-сіняе, залатое, зеленкавата-блакітнае, зялёнае, ізумруднае, крыштальнае, празрыстае, ружовае, сіняе, чыстае, шэрае, шэра-халоднае; бясконцае, бяскрайняе, вузкае, вялікае, глыбокае, доўгае, малое, невялікае.

Люстры, блакітных, сініх, зялёных азёр ці адасоблены, ці пераліваюцца з аднаго ў другое (В.Ждановіч). Над густа-сінім возерам чарот з прыходам восені шуміць тужліва (У.Караткевіч). І зоры воду выпілі З азёраў залатых (Я.Янішчыц). Пад нагамі ляжала вялікае зеленкавата-блакітнае возера ў зялёнай аздобе баравін (У.Арлоў). Сцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засценкі і хутаркі. Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі (П.Галавач). Ізумруднае возера з зялёнай вадою. Да нейкай халаднаватай жудасці глыбокае (Я.Брыль). Краіна ваколіцаў сініх, крыштальных азёр і крыніц, твой люд у няволі не згіне (М.Машара). Белыя азёры — самы прыгожы куток Брэстчыны. Азёры празрыстыя, чыстыя (У.Караткевіч). Азірнуўся на вёску, глянуў на ружовае возера за ёй, якое нерухома застыла (А.Варановіч). Гараць пад сонцам сінія азёры... (А.Звонак). Там зорак асколкі на дне Мільгаюць у возеры чыстым (А.Звонак). Хлопцы доўга... сачылі з кустоў за самотным, растрэсеным хутарам у даліне, на беразе вялікага і, як здавалася, шэра-халоднага возера (Я.Брыль). Бясконцыя азёры, шматлікія дробныя прытокі ва ўсіх напрамках праразаюць пойму (В.Ждановіч). Прыгожы быў позірк... вачэй адкрытых і чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера (Я.Брыль). Кусты алешніку растуць па берагах шматлікіх крыніц і ўздоўж вузкіх і доўгіх азёраў (І.Шамякін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (возера); пра характар яго паверхні: аслоненае дубамі і ліпамі, быліннае, лагоднае, ласкавае, ласкава пакрытае снегам, легендарнае, непрыступнае, прыгожае, пышнае, сінявокае, спакойнае  аглохлае, аглухлае, лянівае, маўклівае, мёртвае, прахалоднае, соннае, сумнае; бурлівае, бурнае, зацішнае, зыбкае, іскрыстае, люстранае, шкляное  зацягнутае слізкім жабурыннем.

Свіцязь. Аслоненае дубамі і ліпамі, ласкава пакрытае снегам малое возера, якое праз адну душу ўлілося ў вялікую паэзію (Я.Брыль). Нашы плечы ў баях не паслаблі, Хоць крышыў іх нягоды віхор. Чаратамі — сталёвыя шаблі Над прадоннем былінных азёр (Я.Янішчыц). Самалёт, быццам чайка зарой, Праімчаўся над хвалямі жыта, Будзіў нетры плужанскіх бароў, Легендарнае возера Свіцязь (М.Танк). Недзе далей, за курганам, там, дзе Сож прымае ў сябе глыбокія рукавы непрыступнага ляснога возера, засталіся патаемныя сцяжынкі да партызанскай базы (К.Кірэенка). Рэчка была невялікая: у лесе яна пачыналася, у лесе і канчалася, — канчалася пышным і прыгожым возерам... (Я.Колас). Ой, не чапайце вуціцу У аглохлым азяры! (Я.Янішчыц). Крутыя берагі. Аглухлыя азёры. “Ты ёсць — і свет другі!” — мне чуецца ў прасторы (Я.Сіпакоў). Сінявокае і празрыстае, як расінка ў лузе, чыстае возера Свіцязь (В.Шымук). Возера, лянівае і спакойнае, было аслоненае высокімі елкамі (ЛіМ). Мы з Васілісай... па крутой сцяжынцы паволі спускаемся да маўклівага возера (А.Васілевіч). Мёртвае возера было цяпер сумнае (З.Бядуля). Блішчыць сярод зеляніны невялікае прахалоднае азерца (Я.Сіпакоў). З табою мы ў чоўне былі І па возеры сонным плылі (К.Буйло). І вецер затрубіў з паўночы Над возерам бурлівым, сінім (М.Танк). Глыбокае возера, бурнае. Ідзе канал з яго да Белага мора (М.Лынькоў). Спярша далекаватае ад буйных гарадоў, зацішнае возера вабіла яго [Уладзіслава] толькі ўдалай рыбалкай (У.Арлоў). Зараз плысці ім [лодкам] па возеры нецярпення зыбкім (Р.Барадулін). На дзяўчыну пала змора, Спіць яна ў полі чыстым. Поўнач. Месяц выплыў з бору, П’е ваду з азёр іскрыстых (П.Броўка). Убачу народ — непахісны ў змаганні... І роднага неба блакітны прастор, І ясныя зоры — вясной, на світанні, І ціхія гладзі люстраных азёр (К.Буйло). Над возерам шкляным стаяць касмічным роем зоры, мігцяць, адсвечваюцца ў ім (У.Ляпёшкін). Над маленькім, зацягнутым слізкім жабурыннем азярцом прабілася сонца (С.Грахоўскі).

* Возера-акно, дзіва-возера, казка-возера, легенда-возера.

А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Такое дзікае яно (Я.Колас). Свіцязь — дзіва-возера, казка-возера, легенда-возера! На цябе глядзеў бы і не наглядзеўся б... (У.Дамашэвіч).

Паведаміць пра недакладнасьць