ВУСНЫ. 1. Пра колер, форму, абрысы вуснаў; пра іх фізічны стан, ступень мяккасці (цвёрдасці), вільготнасці: вільготныя, вішнёвыя, выразныя, замкнёныя, запунсавела-прытухлыя, малінавыя, поўныя, прыпухлыя, пульхныя, пунсовыя, пухкія, пухлыя, румяныя, сакавітыя, тугія, чырвоныя, ярка-чырвоныя, яркія  белыя, бясколерныя, бяскроўныя, засмяглыя, засушаныя, надзьмутыя, пабляклыя, пасінелыя, пасмяглыя, рэзка акрэсленыя, сасмяглыя, сінія, смяглыя, сухія, тонкія, тоўстыя, халодныя, цвёрдыя, цёмныя, чорствыя, шархоткія, шурпатыя.

Яе [Алі] вільготныя выразныя вусны задрыжалі, вочы напоўніліся слязамі (І.Мележ). Гэй, жаніх, гані нам выкуп І багаты, і вялікі За кужэльныя косы, за блакітныя вочы, За вішнёвыя вусны! (П.Панчанка). Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур’ёзным (Я.Колас). Запунсавела-прытухлыя вусны Свецяцца ціха-шчасліва праз снег (Я.Янішчыц). І адразу зразумеў Пракаповіч, што ўсё гэта для яго — ...і нясмелая, з затоенай надзеяй усмешка на поўных малінавых вуснах (Я.Радкевіч). На ёй [Алесі] лёгкія летнія туфлі, шэры касцюм, які шчыльна аблягае... фігуру. Смуглявы твар, прыпухлыя вусны, вясёлыя шэрыя вочы (І.Навуменка). У Касі ўсё такія ж румяныя, як у маладой дзяўчынкі, пульхныя вусны (А.Васілевіч). Яна [Марына] засмяялася, загарэліся яе шчокі і пунсовыя вусны (А.Савіцкі). Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжалі ад крыўды (І.Мележ). Усмешка перасмыкнула яе [паненкі] румяныя вусны (Я.Брыль). Вусны дзяўчыны — прыпухлыя, як у дзіцяці, трохі як бы пакрыўджана надзьмутыя і сакавітыя, што маліны (І.Шамякін). Алена, як і раней, стаяла разгубленая і спалоханая, — пухлыя, быццам у дзяцей, вусны, бездапаможна ўздрыгвалі (І.Мележ). У жанчыны яшчэ зусім малады твар і чырвоныя выразныя вусны (С.Грахоўскі). Калі клубіўся ранак сіні, На вусны белыя, як мел, Зляталі з вецця апельсіны, Што зрэзаў нечаканы стрэл (С.Грахоўскі). — Дайце мне чыстую кашулю, — сказаў Валодзя і адвярнуўся, заўважыўшы, як яна [маці] па-свойму мужна звяла сухія, бясколерныя вусны... (Я.Брыль). Яна [Майка] глядзела на [Алеся]. Бяскроўныя вусны, змярцвелае аблічча і глыбокія вочы... (У.Караткевіч). Быццам само па сабе зляцела з яе засмяглых вуснаў: — Веру (А.Савіцкі). За боль бяры [бабка], за жорсткія спакусы Вачэй, што адшугалі, як ільны. За цёмныя засушаныя вусны з трагедыі праклятае вайны (Я.Янішчыц). Куточкі строгіх, рэзка акрэсленых вуснаў госця ледзь прыкметна задрыжалі ад затоенай усмешкі... (І.Мележ). Тут колісь прашчур тупаў басанож... Шаптаў замовы вуснамі сасмяглымі, Бездапаможны перад злой бядой (Н.Гілевіч). Пані Любка разбудзіла мяне ўначы. Твар бледны, вусны сінія (У.Караткевіч). Ён [дождж] упіваўся, прыпадаючы, У вусны смяглыя зямлі (Н.Гілевіч). А ў цэнтры [фатакарткі] — герой, вялікі лётчык. На цвёрдых вуснах — не астыўшы смех. Высокі лоб. Брывей круты разбег, І смелыя дапытлівыя вочы... (П.Панчанка). Вусны былі халодныя, шурпатыя (М.Гамолка). І вусны чорствыя мае Сагрэліся цяплом яе [Сальвейг] (М.Танк). [Гайдаш] пацалавала яго [Захара] моцна, парывіста, адчайна, гарачымі, але шархоткімі вуснамі (А.Савіцкі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце вуснаў; пра вусны, якія выражаюць стан, настрой, рысы характару чалавека: бяссонныя, вабныя, гарачыя, даспелыя, зваблівыя, знаёмыя, ласкавыя, мілыя, мядовыя, натхнёныя, нявінныя, падатлівыя, пекныя, прыветлівыя, пяшчотныя, родныя, салодкія, смачныя, смелыя, спелыя, трапяткія, чароўныя, чуткія  горкія, грэшныя, жорсткія, згорклыя, непаслухмяныя, нямыя, падатлівыя, палахлівыя, прагныя, распаленыя, салёныя, сляпыя, спакуслівыя, строгія, суровыя, тужліва сціснутыя, уладныя, упарта сціснутыя, упартыя.

На падлогу звалілася кніжка. Нагнуўся, каб падняць яе, але Мальвіна мяне апярэдзіла. Мільганулі толькі тонкія рукі ды ў лагоднай усмешцы скрывіліся вільготныя, такія вабныя вусны (Б.Сачанка). Здалося, крануліся скроняў Гарачыя вусны твае (С.Грахоўскі). Гладзіць вецер чало прапацеўшае, то гуляе з кашуляй жняі, песціць вуснаў даспелых чарэшні, дзесь адносячы песню ў палі (Л.Геніюш). Панна Анэта мела чорныя, вельмі зваблівыя вочы і яшчэ больш зваблівыя, пекныя вусны (Б.Сачанка). Я ўзыходжу на двор, Я кажу ёй: “Са святам!” І цалую знаёмыя родныя вусны... (Н.Гілевіч). Ласкавыя, мілыя вусны [Майкі] задрыжалі, скрывіліся ў горкай усмешцы (М.Лынькоў). І як мне паверыць, што яно [сэрца] ужо не б’ецца, што натхнёныя вусны замерлі зацята (А.Лойка). Цяпер з яе падатлівых вуснаў нібы цёк хмель... (А.Карпюк). А вусны, пяшчотныя, салодкія, як яны ўмелі цалаваць! (“Маладосць”). І я прайшоў калісьці паўз цябе. Паўз вусны смелыя... (У.Караткевіч). Спелых вуснаў вырыс, ясь вачэй крутая... (А.Жук). І толькі вусны былі зусім незнаёмыя — тонкія, чуткія вусны, якія прыкметна ўздрыгвалі... (А.Савіцкі). Горкія дзіцячыя вусны, пасмачка валасоў, рух цела, як быццам дзяўчына гуляе ў лапту (У.Караткевіч). Здароў, ігумен слуцкі, залатыя рукі і вусны грэшныя! (М.Клімковіч). Іх [суседзяў] рукі і вусны да мулкасці жорсткія, І ў кожнага вочы — надзея ў хворага (П.Панчанка). Дзе, пад якою зоркаю Варушыцца курган? І шэпчуць вусны згорклыя: “Іванечка, Іван!” (Я.Янішчыц). А ў гаспадыні твар, як маска... і непаслухмяныя вусны (У.Караткевіч). Яны [продкі] аддалі нам меч і касу, Слова з вуснаў, цяпер нямых... (У.Караткевіч). Каханне маё берагло І сон твой спакойны, І рук тваіх холад, І вуснаў тваіх палахлівых цяпло (П.Глебка). Ён [Грач] не даў ёй [Насці] дагаварыць... пацалаваў прагнымі гарачымі вуснамі (А.Савіцкі). І ад радасці хмельнае грузны, Абмінаючы дрэвы і пні, Прыпадзі да распаленых вуснаў... (Р.Баравікова). І толькі вусны, Твае сляпыя і сухія вусны, Як месяц прабіваліся праз цемру І зноў вярталі мне ў душу святло (Г.Бураўкін). Паміж сабою сталі мы бліжэй, З суровых вуснаў не злятаюць скаргі. І куст лазы палескай даражэй Зрабіўся нам за казачныя скарбы (П.Панчанка). Па тужліва сціснутых вуснах... ён [Захар] зразумеў, што Гайдаш чула яго размову (А.Савіцкі). Памятаю невялічкія, упарта сціснутыя вусны (К.Каліна).

Паведаміць пра недакладнасьць