ВЫШЫНЯ (высь). Высокая прастора над зямлёй.

1. Пра бязмежнасць, неагляднасць прастору: бяздонная, бязмежная, бясконцая, бяскрайняя, высокая, далёкая, завоблачная, неабсяжная, неаглядная, недасягальная, недасяжная, нябачная, паднебная, падсонечная, скразная (аўт.).

Ён ляжыць... і паглядае з-пад рукі ў чыстую бяздонную сінюю вышыню (М.Ракітны). Вочы [дзяўчынкі] пазіралі ў бязмежную вышыню роднага неба, а вусны сумна маўчалі (М.Лынькоў). З бясконцай і, здавалася, бяскрайняй вышыні блакітнага прастору лілася прывітальная песня жаваранка (“Маладосць”). Гняздо ўпадзе з высокай высі — І зноў становіцца зямлёй (А.Пысін). І перша жаваранка божа Запела ціха аб вясне, Паліўся срэбрам спеў прыгожа У далёкай сіняй вышыне (Я.Колас). І часам з завоблачных вышынь, з светлых мар... Косця і Надзя варочаліся да сённяшняга, да звычайнага... (М.Лынькоў). Люб мне поўдзень, цішыня Раніцы прахладнай, Крык у небе каршуна, У высі неагляднай (Я.Колас). У недасягальнай вышыні замігцелі першыя зоры (М.Лынькоў). Салодка ім [ластаўкам] лунаць над вечным светам У пругкай недасяжнай вышыні (С.Законнікаў). Пад нябачнымі высямі Зоры і яблыкі выспелі (А.Пысін). Эх, як прыгожа ты, высь неаглядная, Цёмная, сіняя гладзь! (Я.Колас). У высі паднебнай мой зрок спачывае... (Я.Колас). І тады прыйшлі паважна хмары — Айсбергі падсонечных вышынь (П.Панчанка). У бераг білі хваляў пералівы, Курлыкала скразная вышыня (А.Пысін).

2. Пра колер, празрыстасць; пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце вышыні: агністая, блакітная, бязвоблачная, крыштальная, празрыста-сіняя, празрыстая, сіне-сонечная, сінюткая, сіняя, чыстая, ясная  засмужаная, чорная, шэрая; жураўліная, маўклівая, пругкая, прыціхлая, сумная, трапяткая, тугая, уяўная, халодная.

Трывога цяпер ішла... з-за лесу, з той агністай, як падпаленай, высі (А.Савіцкі). Праз бела-зялёную навісь галін і галінак прабіваецца блакітная вышыня (В.Жуковіч). Падымаўся ў бязвоблачную вышыню дым вогнішчаў (У.Караткевіч). І кліча [сонца] к жыццю ўсё стварэнне З сваёй крыштальнай вышыні, І будзіць кліч той аддаленне Прызывам радасным вясны (Я.Колас). Ён [гай] з вышыні празрыста-сіняй Пад ногі сыпаў нам лісты На цёмны дол, дзе першы іней Кранаў расліны і кусты (П.Глебка). Узняўся б у неабсяжную сіне-сонечную вышыню, разгарнуў бы ўшыр магутныя крылы (З.Бядуля). Хораша летам у лузе: унізе квяцісты дыван, а ў небе чыстая сінюткая вышыня (“Беларусь”). [Глечыкаў] зрок ледзь-ледзь знаходзіў у шэрай засмужанай высі рухавую рыску (В.Быкаў). Ён [Захар] прагна абсачыў позіркам чорную высь неба (А.Савіцкі). Песня сэрца майго замірае ў жураўлінай тугой вышыні (В.Жуковіч). Захар глядзеў... на кола поўні, што, як скамянелае... сіратліва вісела ў халоднай і маўклівай высі (А.Савіцкі). Аж са здзіўлення ўрэзаўся ў азерца Маладзічок з прыціхлай вышыні (К.Кірэенка). Здалася ты [Прыпяць] мне з вышыні трапяткой, З глухой самалётнай шыбы Сасновай галінкаю, да якой, Як гнёзды, прыліплі сялібы (П.Макаль). Не веру ўяўнай вышыні, Што змерана сляпым аршынам (А.Пысін).

* Высь-багна

З цёмнай высі-багны Ўжо глядзяць Стажары, Пояс дыяментны Ткуць нябёс абшары (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць