ВЯСНА. I. Пара года.

1. Пра характар надвор’я; пра колер лісця, яго прыгажосць; пра вясновыя гукі: бурная, бясхмарная, вятрыстая, дружная, пагодліва-багатая (аўт.), празрыстая, сонечная, хуткабежная (аўт.), цёплая  парная, халодная, хмурная; бела-зялёная (аўт.), белая (паэт.), блакітная, залатая (паэт.), зеленабокая (аўт.), зялёная, іскрыстая, квяцістая, кучаравая, ружавашчокая (паэт.), сінявокая (паэт.), сіняя; галасістая, гаманкая (разм.), гаманлівая (разм.), гулкая, звонкая, зычная, мнагаграйная (аўт.), пявучая  гарластая, рыкастая (аўт.).

Зруйнаваны дашчэнту межы, Прастораў зрокам не абняць, Да іх павольна з ветрам свежым Прыходзіць бурная вясна (П.Глебка). У ім [пакоі] водсвет вясны бясхмарнай, поўны ён маладога святла (А.Вярцінскі). Прайшла вятрыстая вясна, Другая йдзе зялёная (У.Ляпёшкін). Крыху спозненая, але дружная вясна набірала ўсё болей і болей жыватворных сіл (Я.Колас). Жыццё, прашу, ты сыну дай вясны пагодліва-багатай (В.Жуковіч). Я стаю, стаю ў чаканні Празрыстай, сонечнай вясны (П.Панчанка). Дзяцінства гады залатыя, Маленства ружовыя сны, Лятуць, як віхуры ліхія, Як дні хуткабежнай вясны!.. (А.Звонак). А тут снег яшчэ не скора згоніць цёплая вясна (Я.Колас). Вясна ўдалася цёплая, парная, з навальніцамі (М.Лупсякоў). Эх, вясна, вясна халодная, Чым пацешыш ты аратага? (Я.Колас). Часамі хмурнаю вясною Цяплом павее, цішынёю... (Я.Колас). Лунае ў прасторы задушэўная песня... пра нашу бела-зялёную вясну (Я.Брыль). Дзяўчаты ў час мяцеліц ткалі [ручнікі], Бялілі белаю вясной (А.Пысін). Баец папрасіў сваіх верных сяброў, Каб тыя ў яго на магіле Дубкі маладыя з любімых бароў Блакітнай вясной пасадзілі (У.Ляпёшкін). Калі, калі мае песні-сны зазвіняць між ніў залатой вясны? (М.Танк). Пралеска ўжо ачуньвае, А дзесьці кнігаўка галёкае, Што з жаўруком на крылах чуйных Нясуць вясну зеленабокую (Н.Мацяш). Вясна чароўная, вясна іскрыстая Ў краіну родную прыйшла, квяцістая (М.Васілёк). І вясна прыйшла. Такая самая, як летась, як кожны год: звонкая, пявучая, кучаравая і маладая (Я.Скрыган). Чуецца зялёны шум вясны, Мне відаць вясна ружавашчокая (А.Бялевіч). І на крылах вясну сінявокую [май] Да высокага сонца прынёс (А.Бялевіч). Ведаю, сіняй таёжнай вясной пырснула позна на схілах трава (А.Вялюгін). Пасля... дажджу... лес нібы памаладзеў, і вярнулася галасістая, зычная вясна (І.Новікаў). Не вер нашэсцю лютаўскай віхуры, Вер у нашэсце гаманкой вясны (А.Звонак). Дзікія лагчыны Сняць сны аб гулкай сонечнай вясне (А.Звонак). Прыходзяць вёсны мнагаграйныя і адыходзяць рана-рана (В.Ракаў). У гушчар нівелір углядаецца пільна — Выбірае сцяжынку гарластай вясне (В.Лукша). І мяне рыкастаю вясною Падхапіла з сцежак карусель (А.Пысін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (вясны): вечна юная, вольная, добрая, маладая, мілая, незабыўная, непераможная, неўміручая, нясмелая, прыветная, прыгожа-светлая (аўт.), прыгожая, пяшчотная, радасная, родная, самая лепшая, святочная, урачыстая, хвалюючая, цудоўная, чароўна-светлая (паэт.), чароўная, юная  ваяўнічая, галодная, забытая, заплаканая, невясёлая, непуцёвая, няўмольная, няўтольная, трывожная.

Над светам, змучаным тыранам І пакалечаным вайной, Заззялі ранкам вы [байцы] румяным І вечна юнаю вясной (Я.Колас). Вольная вясна... радасна ўсміхалася людзям (А.Васілевіч). То мастак навеяным пейзажам Зноў наблізіў добрую вясну (А.Пысін). Смутку не знае вясна маладая Ніколі ні ў полі, ні ў лесе (А.Александровіч). Прылятае вясна мілая Ды вясна мая туманніца (Я.Колас). Непераможная вясна Ідзе над мірнымі палямі (А.Звонак). Як першы крок вясны прыветнай Устала сонца над гарой (А.Звонак). Хачу, каб вечна красавала прыгожа-светлая вясна (П.Трус). Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю, На бязмежных лугах кураслепаў халодны папар, Жыватворнае, мяккае сонца раскошнага мая, І дажджы залатыя, што шчодра бруіліся з хмар (У.Караткевіч). Зноў вясна рамонкі сыпле мне пад ногі, Радасная звонкая вясна (Н.Тарас). Людзі з палёгкай адчулі, што і тут, у Наднямонні, паказаліся нарэшце першыя ластаўкі роднай вясны (Я.Брыль). У горадзе самая лепшая вясна, калі яна яшчэ нясмелая і маладая (М.Стральцоў). Будуць [ліпы] нам жывымі ўспамінамі Аб цудоўнай маладой вясне (Н.Плевіч). Не ўсядзіш, не заўважыш, Як насустрач вясне, Маладой і прыгожай, Выбягаеш... (А.Бачыла). І п’ю я ў маладосці мілай Кілішкі, поўныя да дна, Што мне ў маленстве падарыла Чароўна-светлая вясна (П.Трус). Ваяўнічыя вёсны Тут [у лесе] гнёзды свае заснавалі (П.Макаль). Невясёлая, галодная, Халадэчамі багатая, Эх, вясна, вясна халодная, Чым пацешыш ты аратага (Я.Колас). Словы жудасна паміраюць... Толькі недзе ў далёкай вёсцы З плёску рэк і шуму лясоў, Узляцяць, як забытыя вёсны, Салаўямі на сто галасоў (Г.Бураўкін). І пачуў салдат па-над дарогай Ціхі кліч заплаканай вясны (К.Кірэенка). Але ўжо над таполямі З відна і да відна Крыламі б’е няўтольная, Няўмольная вясна (Г.Бураўкін). Недзе там была і засталася Сіняя трывожная вясна І ў далёкім пачатковым класе Белая дзяўчынка ля акна (С.Гаўрусёў).

II. Светлая, радасная пара ў жыцці чалавека: юнацтва, маладосць: адчайная, бурная, залатая (паэт.), казачная, маладая, незабыўная, прыгожая, роспачна-радасная (аўт.), светлая, смелая, шумная, юная  адшумеўшая (аўт.), блакадная (аўт.), зраненая(аўт.), незваротная, сівая (аўт.), убогая.

А намі ж яшчэ не растрачана, Не вычарпана да дна Адвага наша юначая, Адчайная наша вясна (П.Броўка). А як разгарнуўся наш росквіт вялікі У дні нашай бурнай, прыгожай вясны! (П.Броўка). Ка мне ж ты не прыйдзеш, вясна залатая! І жаль нейкі сэрца маё спавівае (Я.Колас). Ты пагладзь мяне, мая матуля, ласкава, ціхенька, хоць у сне, як тады, калі пяяла люлі ў дзяцінства казачнай вясне (Л.Геніюш). Каб я волю меў, я сказаў бы: “Стой, Дні вясны маёй, Светлай, маладой! (Я.Колас). Ад той роспачна-радаснай, Незабыўнай давеку вясны... Вось каторы ўжо год У мае неспакойныя сны... Прыходзіць начамі... Чарот (Н.Гілевіч). Не крыўдуй, не журыся, паэт, Тут прычына, як кажуць, адна — Тваіх думак не хітры сакрэт Ці не смелая песень вясна (А.Куляшоў). Пройдзе многа заснежаных зім, Шумных вёсен і сонечных летаў (Н.Гілевіч). Гартавалася [Арыядна] добра ў паходах лясных, на парозе семнаццатай юнай вясны (У.Дубоўка). Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі, Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі над маёй адшумеўшай вясной запалі! (А.Куляшоў). А навокал — Курганы, курганы, курганы... Дзе па-брацку — Плячом да пляча — Пахаваны Блакадныя зімы, Блакадныя вёсны (Г.Бураўкін). Над маёй зраненай вясною І сёння плачуць журавы (“Маладосць”). І такая лагода навокал і ўва мне! Усміхаюцца годы незваротнай вясне (Т.Каржанеўская). Я ўдзячная сівой сваёй вясне, яна заўжды са мной на сцежцы спеўнай (Е.Лось). Мой родны кут, як ты мне мілы... Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае убогай, К табе я ў думках залятаю І там душою спачываю (Я.Колас).

* Вясна-вяснянка, вясна-жартаўніца, вясна-краса, вясна-красна, вясна-красуня, сонца-вясна, чараўніца-вясна, юначка-вясна.

У садзіку ля крымскіх стромаў павеяла вясной-вяснянкай (Е.Лось). А вясна-жартаўніца, Бы знарок, як сыпне Рой бялёсых пялёсткаў Мне на стол... (А.Бачыла). Вясна-красна наўкол Загуляла ліха (А.Звонак). У песнях радасці прыйшла вясна-краса (А.Александровіч). Глуха лес маўчыць, Думку думае... Па вясне-красе, Залатой пары (Я.Колас). Вясна-красуня ў бубен б’е (А.Александровіч). Засвяціла цяпло бляскам радасці яснай... Бачым светласць кругом, бачым сонца-вясну! (Я.Купала). Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна, Першым буйным дажджом, першым грукатам перуна (А.Звонак). І новыя песні ў народзе звінелі, Як голас юначкі-вясны (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць