ГАЙ. Невялікі лісцёвы лес.

1. Пра колер гаю, яго вышыню, гушчыню: барвовы, белакоры, белы, блакітны, выносісты, высокі, гонкі, густалісты, густы, залаты, зялёны, купчасты, кучаравы, малады, малочны, празрысты, пышны, ружовы, рэдкі, светлы, серабрысты, сіні, стройны, цёмна-сіні, цёмны, цяністы, чысты  голы, стары, чэзлы.

Захмарыла ўжо восень неба І распранае гай барвовы (А.Вялюгін). І плешча пад гай белакоры Ячменю вусатае мора (М.Лужанін). Яму шкада было бяроз, шкада ўсяго гэтага белага, малочнага гаю (І.Шамякін). Я ішоў праз высокі і нейкі блакітны бярозавы гаёк, і на душы было светла (К.Кірэенка). Над гонкім гаем, над густым кустоўем сінечу неба вочы ціха п’юць (В.Жуковіч). Мы адшукалі шлях... у густалісты гай (П.Панчанка). Восень, Залаты бярозавы гай іскрыцца на скупым сонцы (“Беларусь”). У кветкі луг прыбраўся, Спяваў зялёны гай (П.Броўка). Звешвае лісцяў маністы купчасты бярозавы гай (Я.Колас). Пра што шапочаш, гай празрысты, вераснёвы? (У.Някляеў). Выдаліся дні, калі настрой душы вельмі лёгка зліваўся з настроем пышных шапатлівых гаёў... (В.Карамазаў). Прыйшоў сюды, на бераг нізкі І пасадзіў ружовы гай Настаўнік з горада Сімбірска (С.Грахоўскі). Сын твой [Беларусі], у белай ільнянай кашулі ў свет ідучы светлым бярозавым гаем, імя тваё, славу тваю, песню тваю берагчы перад светам усім прысягаю (В.Жуковіч). Слаўна жыць з табой, серабрысты гай (М.Лужанін). Адцвіце вясна на ўзлеску, Пабяжыць за сіні гай (Я.Янішчыц). Шкода мне гаёў цяністых І лугоў прастору, Дзе пад ветрам ходзяць хвалі Травянога мора (Я.Колас). У голым бярозавым гайку зрабілі прывал (І.Навуменка). Баравікі Петрык часта знаходзіў у старым дубовым гаі (І.Навуменка).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гаю): вечны, вясёлы, гаваркі, галасісты, гутарлівы, добры, задуменны, задумлівы, звонкі, пахучы, прыціхлы, прыцішаны, радасны, расспяваны, родны, салаўіны, сонечны, спакойны, трапяткі, усхваляваны, ціхі, цудоўны, чароўны, шапатлівы  зажураны, змрочны, маўклівы, невясёлы, пахмуры, сонны, шумлівы, шумны.

Зірні — які спакойны гай... Свяці і грэй, а не шугай, Каб на святло ішоў сустрэчны, Каб зелянеў вясною гай, Празрысты, радасны і вечны (С.Грахоўскі). Звонкаструнны ты, мой лесе, галасісты гай, Для мяне, якую хочаш, песню заспявай (А.Русак). Што ж ты невясёлы, змрочны, добры гаю? (А.Бялевіч). Мне ўсё дорага тут — І ў прысадах дарога, І задумлівы гай Над высокай гарой... (П.Броўка). Дорага ўсё да драбніц! Засень гаеў задуменных, Белыя крушні на ўзмежку... (Н.Гілевіч). Знаходзілі мы адпачынак здаровы Па ціхіх дубровах, па звонкіх гаях (П.Броўка). Сонейка схавалася, і толькі на заходзе, над прыцішаным гайком, чырванеецца паласа небасхілу (М.Гарэцкі). Мне сніцца старонка далёкая, Там Свіслач плыве сінявокая, Вясной у расспяваным гаю (К.Буйло). Ой ты, поле! Гай ты родны! Толькі ж я не з вамі (Я.Колас). А ў полі тры таполі Зашумелі як ніколі, А пасля у адзін міг Салаўіны гай прыціх (А.Дудар). Усходзяць замест сонечных гаёў там Маўклівыя журботныя крыжы (П.Панчанка). Прыслухаешся — поруч з полем усхваляваны гай шуміць (В.Жуковіч). Я прыйшоў у рабінавы гай. Гай мой ціхі, Як сам я, зажураны (П.Панчанка). Пасля поўдня яны пайшлі гуляць... за сад, дзе быў цудоўны гай з таполяў і каштанаў (М.Ваданосаў). Ішлі на бой харобра За свой народ і край, Аб гэтым помніць добра Стары маўклівы гай (П.Панчанка). У цішы, у цішы гай стаіўся пахмуры, А ў душы, а ў душы не сцішаецца бура (П.Броўка). Я шчасце гукала ў сонных гаях (К.Буйло). Дзень добры, рэчанька! Прывет, шумлівы гай! (П.Панчанка).

Паведаміць пра недакладнасьць