ГУК (гукі). Ваганні паветра, успрымальныя на слых.

1. Пра гучнасць, тэмбр, характар (гука); пра аддаленасць, працягласць гучання: акруглены, аксамітны, выразны, глыбокі, густы, гучны, дрыжачы, залівісты, заліўчаты (разм.), звінючы (разм..), звонкі, зіхатлівы, круглы, крыштальны, лёгкі, магутны, мажорны, медзяны, меладычны, металёвы, мілагучны, мяккі, няўлоўны, павольны, пакручасты, пералівісты, пераліўчаты, плаўны, празрысты, пругкі, пявучы, серабрысты, сярэбраны, трапяткі, унушальны, ціхі, чысты, яркі, ясны  аднастайны, аднатонны, бязладны, віскатлівы, глухі, кволы, меланхалічны, мінорны, набатны, невыразны, нізкі, нязладжаны, няясны, плыткі, пранізлівы, прарэзлівы, прыгаслы, прыглушаны, роспачна-абрывісты, сіплы, слабы, сухі, трупцявы (разм.), тупаваты, тупы, хрыпаты, цяжкі; абрывісты, аддалены, адрывісты, блізкі, далёкі, доўгі, кароткі, незмаўкальны, несупынны, несціханы, няспынны, працяглы, працяжны, суцэльны, часты.

Ціхія аксамітныя гукі адажыо напаўнялі душу, супакойвалі (Я.Сіпакоў). Як бы прыпыняючы іх [Рамана і Пятра] спрэчку, пракаціўся густы выразны, акруглены гук (Я.Колас). Раптам з бору, аднекуль зусім зблізку, мабыць з-пад кургання, дайшлі да слыху старога мілагучныя дзіўныл гукі (К.Кірэенка). Праз адчыненае акно пачуўся нейкі залівісты, дрыжачы гук (“Маладосць”). Подыхам ветру прынесла пакручасты і заліўчаты гук гармоніка (Х.Шынклер). Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл, нараджаючы меланхалічны, звінючы гук (К.Чорны). Плачуць... пераліваюцца зіхатлівымі гукамі Ромкавы цымбалы (У.Мехаў). Гукі, сухія і круглыя, як гарошыны, шамацелі, бегалі, нібы па ланцужку (А.Кудравец). Дрыжыць крыштальны гук высокай скрыпкі... (Н.Тулупава). Хлопцы нечакана пачулі лёгкі гук (А.Якімовіч). Медзяныя гукі то жаласліва-пакорліва, то пагрозна-прызыўна клічуць... (З.Бядуля). І малады чалавек ужо не той аднакурснік, а начальнік з металёвымі гукамі ў голасе (“Беларусь”). Пачуліся плыткія і гучныя гукі ўрачыстага марша (Х.Шынклер). І ў гуках, празрыстых і яркіх, чуваць, Як ад краю ў край гудуць трактары... (П.Глебка). Павольныя... гукі адажыо адразу ж прыносілі нейкі супакой (Я.Сіпакоў). Мажорна гукі пругкія плылі, Як лава сінявы пасля грымот... (А.Пысін). Скрыпка спявала яшчэ галасней, перакрываючы сярэбраныя пералівістыя гукі акардэона (У.Дамашэвіч). Каб соль не страціла ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, На свеце існуе мастацтва (С.Дзяргай). Здалёку пачуліся глухія, нізкія гукі (В.Вольскі). Густы трупцявы гук званка справадзіў Рыгора... на яго месца (Ц.Гартны). Чуцён быў трэск галінаў бярозы, што з тупым гукам біліся адна аб адну... (П.Пестрак). Ад узрыву дэтаніравала снарады, і атрымаўся даволі ўнушальны гук, быццам залп артылерыі (Я.Брыль). З неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі (В.Быкаў). Усе трое змаўкалі і прагна прыслухоўваліся да няясных слабых гукаў жыцця (Л.Дайнека). Нейкія дзіўныя, прыгаслыя гукі, падобныя на журботную, разарваную ветрам песню, увесь час жылі ў пасохлых сцяблінах (А.Савіцкі). Звонкія і прарэзлівыя гукі плылі з канца вёскі (М.Нікановіч). У пакой урываліся аддаленыя гукі радыёрупара (М.Ракітны). Няведама адкуль... даляцелі быццам першы раз пачутыя, але такія знаёмыя і блізкія гукі (М.Чарняўскі). Балеслаў чуў выразны — сухі, кароткі, не досыць часты гук (К.Чорны). Я прызвычаіў зрок даўно Да сонца, да штурвала — рукі, А слых і сэрца — да званоў, Набатных несціханых гукаў (М.Танк). Ад аргана, ад яго густых, працяжных гукаў, што шырыліся... ад спеваў хору ў Алесі замерла, зашчымела ўсё ў душы (В.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гука): агністы, бадзёры, вясёлы, гарачы, дзівосны, дзіўны, жывы, заліхвацкі, замілаваны, звыклы, лагодны, ласкавы, новы, прыгожы, пяшчотны, сарамлівы (аўт.), светлы, смелы, таемны, таямнічы, цудоўны, чароўны, чуллівы  абыякавы, баязлівы, востры, грозны, драўляны, жаласлівы, журботны, засмучона-паважны (аўт.), злавесны, калючы, кволы, млявы, нудны, пакутліва-тонкі (аўт.), палахлівы, развітальны, скігітлівы, страшны, сумны, халодны, шчымлівы.

Гармонік... агаласіў хату агністым гукам (П.Пестрак). Наперад выйшаў хлопец, расцягнуў гармонік на ўсё плячо, і бадзёрыя, заліхвацкія гукі ўстрывожылі ціхую вуліцу (У.Шахавец). ...І льюцца вясёлыя гукі, Прывабныя, як шашлыкі (Л.Дайнека). Раптам загаварыў рэпрадуктар, пачуліся дзівосныя гукі (І.Гурскі). У той жа момант да яго [Глечыка] слыху даляцелі дзіўныя журботныя гукі (В.Быкаў). І падалі гукі жывыя На дол, дзе рамонкі цвілі (А.Бачыла). Звыклыя гукі напоўнілі лясныя гушчары: у галлі заварушылася сонная птаха, піскнуў заяц, бязгучна мільгануў кажан... (М.Лынькоў). Гарманіст кінуў збіраць іх [гукі], чапляць на нітку, але разам з імі траплялася шмат другіх, новых, прыгожых... (А.Кудравец). У сівым кудлатым тумане над соннай вадой б’юцца прыгожыя, ласкавыя гукі (М.Зарэцкі). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха (Я.Маўр). Флейта валодала светлым, мяккім і вельмі лёгкім, але некалькі халодным гукам (ЛіМ). Шнур жывы, загнуты крукам, Ледзь чарнеецца ўгары, І ўсё стада з смелым гукам Журавель вядзе стары (Я.Колас). Чуліся... таямнічыя... гукі летняга вечара (І.Новікаў). Гукі цудоўныя мае музыка рухаў — Яна агнявая (І.Калеснік). Хачу я чароўныя гукі У словы сардэчныя ўкласці (А.Бялевіч). Кволыя і баязлівыя гукі мацнеюць... (З.Бядуля). Гук ног аб мёрзлую зямлю быў востры і калючы (К.Чорны). Жаласлівы, скігатлівы, пакутліва-тонкі, перарывісты, ён [гук] ішоў ад маснічыны са спальні (Я.Радкевіч). У халодным вільготным паветры далёка чуваць дзіўныя, нібы драўляныя гукі (В.Вольскі). Абдзіраловіч адчыніў акно і пачуў засмучона-паважныя і прыгожыя гукі хаўтурнага марша (М.Гарэцкі). ...Ціхія, нібы сарамлівыя гукі адажыо адразу ж прыносілі нейкі супакой... (Я.Сіпакоў). Раман прыслухоўваўся нядоўга: таемны гук грымнуў і трэці і чацвёрты раз (Я.Колас). Алесь нібы слухае, нібы здзіўляецца зноў, колькі цудоўных гукаў схавана ў душы... баяна (Я.Брыль). Грозны гук паўтарыўся грозна і выразна (Я.Колас). Ніводнага выстралу на тысячы кіламетраў вакол, ніводнага злавеснага гуку вайны (І.Новікаў). З вестыбюля далятаюць прыглушаныя, млявыя гукі музыкі... (І.Навуменка). Прыслухаўся Міколка да палахлівых гукаў (М.Лынькоў). Ланцужок [птушыны] карацей, карацей, І цішэй развітальныя гукі (А.Пысін). Не кувай ты, шэрая зязюля, Сумным гукам у бары (М.Багдановіч). А страшныя гукі, так моцна калышучы душу, усё грымелі і грымелі, то кароткія, то працяжныя (Я.Колас). За шчымлівымі гукамі траўрнай мелодыі адплываў ён ад берага жыцця (А.Грачанікаў).

Паведаміць пра недакладнасьць