ГУЛ . Пра гучнасць, характар гулу; пра яго працягласць, аддаленасць гучання: адрывісты, басавіты, буркатлівы, віратлівы (разм.), высокі, глухі, густы, гучны, дрыжачы, звонкі, зіхатлівы, ледзь улоўны, маўклівы, медны, мембранны, металічны, мяккі, надрыўны, натужны, несціханы, несціхаючы, неўгамонны, няясны, пералівісты, перакатны, працяжны, прыглушаны, раскацісты, роўны, стальны, струмністы (аўт.), траскотны (разм.), траскучы, урачысты, хрыплы, ціхі, цяжкі, шматгалосы; аднастайны, бясконцы, далекаваты, далёкі, дужы, неўтаймоўны, суцэльны.

[Наста] злавіла цяпер ледзь улоўны, адрывісты гул матораў (А.Савіцкі). З басавітым гулам, працяжным Кружацца жорны (П.Броўка). Як толькі прагудзе гудок надвечар, Заціхне віратлівы гул машын, Я развінаю стомленыя плечы, На лыжах з сябрам выязджаю ў шыр (П.Глебка). Ідзе высокі гул і стогн ракі, Калыша зоры і вякі (А.Разанаў). З мястэчка... даносіўся глухі пералівісты гул ад касцёльных званоў (П.Пестрак). Ад вёскі гул разыходзіўся па полі — густы гул людскіх галасоў (К.Чорны). Яго [ветэрана] з сяла ці з горнага аула, З Палесся, з Дагестана Ці з Тувы Сустрэнуць гучным і ўрачыстым гулам І музыкаю вуліцы... (С.Грахоўскі). Гарадскі шум гучэў больш выразна, набываючы пад вечар звонкі гул (Р.Мурашка). Сны дзявоцтва ў зіхатлівым гуле Сцелюцца ўзорным палатном (С.Гаўрусёў). Вокны, люстры на маім паверсе Здрыгануліся ў маўклівым гуле (А.Пысін). Чую гул мяккі конскага тупату (М.Багдановіч). Зрэдку даносіўся зверху прыглушаны гул матора, надрыўны, з задышкай (М.Лынькоў). Шура раптам пачуў натужны густы гул, які даносіўся з-за павароту шашы (І.Навуменка). Малатарня зноў загула роўным, злёгку дрыжачым гулам (А.Васілевіч). Дарога. Абапал густа стаяць стромкія хвоі. Угары гул несціхаючы, роўны, ціхі... (П.Галавач). Гул стальны, як мора, неўгамонны Цішыню расколе на Дзвіне (М.Калачынскі). У гарах стаяў няясны гул, нібы недзе далёка рушыліся абвалы (В.Каваль). Неслі гул перакатны з сабою Грудзі соцень людзей... (А.Куляшоў). І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле (А.Пысін). Абуджаны раскацістым гулам грому вяз пытаўся ў бярозкі: “Чаму ты не спіш, дзеткі?” (Я.Колас). Гул струмністы на небасхілах, Пах мядовы на ўвесь небасхіл (А.Пысін). [Грач] услухаўся ў траскотны гул... загадна махнуў рукой (А.Савіцкі). З захадудакучліва і глуха — Даносіцца хрыпаты гул гармат (П.Макаль). Жыццё, сваім цяжкім гарачым гулам ў зашклёныя ўрываючыся дні, дыктуе рытм (Т.Бондар). Я выходжу да людзей на вуліцу, У натоўпа шматгалосы гул (Г.Бураўкін). Над ёю [грэчкай] плыў аднастайны гул працавітых пчол (І.Сіняўскі). Цяжкаю ўрачыстаю актавай Я хацеў уславіць волі сонца, Гарадоў дыханне, луг у травах І бароў дрымучых гул бясконцы (К.Кірэенка). Неўзабаве Апейка пачуў далекаваты, але дужы гул (І.Мележ). Адгукаюцца ў далёкім гуле Кананады ўсіх франтоў маіх (А.Пысін). Галасы людзей зліваліся ў суцэльны гул, падобна на аддалены шум марскога прыбою (І.Шамякін).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (гулу): бадзёры, бяссонны, велічны, гарачы, лабасты (аўт.), мускулісты, (аўт.), радасны, руплівы, светлы, трапяткі, трывожна-горды (аўт.), трывожны  абураны, гнеўны, грозны, дзікі, душны, д’ябальскі, злосны, крывавы, лянівы, маркотны, насцярожаны, нясцерпны, смяротны, сыты, трывожны.

Ад самых верхавін стромкіх і цяглых соснаў ішоў нейкі велічны гул (“Маладосць”). Гул бадзёры, вечар звонкі, Маладзёжны карнавал... (А.Александровіч). Сціхлі хвалі на Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул (А.Александровіч). Бяру цябе агулам — З усім цяплом, з усім святлом, З бяссонным мускулістым гулам І німбам зорным над чалом (С.Гаўрусёў). Лабасты гул чарговага прыбою, І на жарстве ўспеніўся паўкруг (А.Пысін). Бор, перакулены ўніз галавой, Топіць у возеры радасны гул (Н.Гілевіч). Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі (І.Мележ). Нясу ў душы трывожны, светлы гул (К.Кірэенка). І даспявае далягляд У трапяткім мембранным гуле (А.Пысін). Усё ў адным трывожна-гордым гуле: Нашэсце птушак, думак і віны (Я.Янішчыц). Сход адказаў абураным гулам (І.Шамякін). Хай лёс прарастае праз бур гнеўны гул — Ды пэўна ў чаргу за шчасцем не станеш (Т.Бондар). З дзікім гулам праносіліся варожыя эскадрыллі (В.Мыслівец). Ад вітрын, ад д’ябальскага гулу... Скіравалі ў вузкі мы завулак (П.Панчанка). А неба зноў прасякла злосным гулам — Над могільнікам юнкерс закружыў (П.Панчанка). Два дні зліліся тады ў адзін нясцерпны, душны, крывавы гул (І.Новікаў). А калі ў смяротным грозным гуле ўпаду я, Кінуты на дол ранняю хваробай або куляй, І асірачу пісьмовы стол, — Аб такім не пашкадую лёсе (А.Куляшоў).

Паведаміць пра недакладнасьць