ДАЛЬ (далечыня, далеч, далячынь). Вялікі, далёкі прастор.

1. Пра велічыню, шырыню прастору, яго ўсеабдымнасць і неабсяжнасць: безгранічная, бяздонная, бязмежная, бязмерная, бясконцая, бяскрайняя, вольная, вялікая, глыбозная, глыбокая, неабдымная, неабсяжная, неаглядная, недасяжная, нязмерная, прасторная, прывольная, раздольная, разложная, свабодная, шырокая.

Ёсць нейкае хараство ў гэтай няяснасці, у гэтай безгранічнай далечыні, дзе неба нізка-нізка нахіляецца над зямлёй (Я.Колас). Беларусь, твае далі бязмежныя Ўскалыхнуць сваёй песняй хачу! (М.Танк). ...Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... (К.Кірэенка). Паплылі залатыя калоссі У бяскрайнюю сінюю даль (А.Астрэйка). Узнялося сонца яснае Над палямі, над азёрамі, Асвяціла далі вольныя (А.Русак). А зоры клікалі ў даль вялікую, У даль прасторную (П.Глебка). У неагляднай глыбознай далечыні ні адной хмурынкі (І.Мележ). Паходны мяшок, як на фронце, на плечы, Дачку пацалуй — і гайда! Ад нудных размоў, ад пракураных спрэчак У неабдымную даль (П.Панчанка). [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі (У.Шахавец). У бязмерную даль вы [коні] ляціце, А за вамі, прад вамі — гады (М.Багдановіч). Дух чалавека, дух непакорны Рвецца ў прывольную даль (Я.Колас). Туманамі апавіта даль разложная палёў (Я.Колас). Засмуцілася, Зажурылася Даль шырокая, Неаглядная (Я.Колас).

2. Пра колер, празрыстасць; пра характар надвор'я: аксамітавая, аранжавая, барвовая, беласнежная, белая, залатая, залацістая, люстраная, празрыстая, ружова-сіняя, ружовая, светлая, святлістая (аўт.), серабрыстая, сіне-блакітная, сіняя, смуглая, сонечная, яркая, яскрава-сонечная  пацямнелая, сівая, цёмная, чорная, шкляная, шызая, шэрая; асмужаная, аснежаная, імглістая, мутная, непраглядная, пераднавальнічная, туманна-празрыстая, туманная.

Верасень — месяц святла, празрыстасці, асмужаных, аксамітавых даляў (І.Навуменка). Вечарам аранжавыя далі сеюць зорны пыл (А.Звонак). Ідзём у даль барвовую (М.Танк). Даль беласнежная вабіць і радуе (А.Александровіч). І ў хмарах відны белыя, сінія, чорныя далечы (М.Лужанін). Даль анямела залатая (М.Смагаровіч). Дзяўчына вядзе карабель свой між хваль, Карабель свой вядзе ў залацістую даль (А.Куляшоў). Гэй, ляці, маленства, рвіся ў люстраную даль (С.Шушкевіч). Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай бавоўны (З.Бядуля). Я люблю гэтыя прасторы, люблю неаглядныя, ружова-сінія далі іх... (Я.Колас). Спыніліся мы, і ў вачах маладых Ружовая далеч, як дзіва, паўстала (А.Звонак). Арлы новай эры снавалі пуціны У светлыя, вольныя далі (Я.Колас). Ляці мая думка... Аб далях святлістых... На ліры іграй (К.Буйло). Вабіць вока бор далёкі, Далі серабрыстыя (А.Русак). Лісці даўно абсыпаліся з дрэў, і праз сеткі галін відаць была даль, яркая, сіне-блакітная, нібы на паперы намаляваная (З.Бядуля). Сэрца вабіла возера Даллю ружовай і сіняй (А.Куляшоў). Вясна праляцела, прамчалася лета, бы коннік у смуглую даль (З.Бядуля). У сонечную даль народ шляхі пракладзе (“Беларусь”). ...Празрыстыя далі, збягаючыся... рабіліся блізкімі, яскрава-сонечнымі (М.Нікановіч). Нейкі смутак лажыўся на гэтыя пацямнелыя далі (Я.Колас). З далячыняў сівых наплывае самотны напеў (У.Някляеў). Нас разлучалі вёрсты і гады, І цёмныя аснежаныя далі (С.Грахоўскі). Вакол хмялеюць шкляныя далячыні... (З.Бядуля). Прамчала віхрам конніца І знікла ў шызай далі (С.Гаўрусёў). Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла шэрая далячынь (В.Быкаў). Даль імгліста, нерухома — Не відна нічога (Я.Колас). Луіза... задуменна глядзіць у мутную далячынь (А.Шашкоў). Дарога ў далеч пераднавальнічную, Хоць незнаёмая, здалася роднай (Н.Гілевіч). Даль была туманна-празрыстая, абрызганая з берагоў пазалотаю сонейка (З.Бядуля). Ці клікне вас мора туманная даль... Пакіньце на беразе смутак і жаль (Н.Гілевіч).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (далі): аблюбаваная, гожая, дарагая, добрая, дрымотная, жаданая, жураўліная, задуменная, ласкавая, маляўнічая, мілавідная, мілая, мнагадумная (аўт.), незабыўная, нязведаная, нязнаная, промнерогая (аўт.), прывабная, прыгожая, світальная, сцішаная, таемная, таямнічая, ціхая  засмучоная, знямелая, маркотная, маўклівая, мяцежная, неакрэсленая, невядомая, нудная, нямая, пахмурная, расхрыстаная (аўт.), сцюдзёная, тужлівая, хмурная, чужая.

І стала прасіць маладое насенне, каб вецер узяў яго з сабой і панёс у аблюбаваную даль (Я.Колас). Эх, што можа быць дарожай Вольнай волечкі, палёў? Гэтай сіняй далі гожай, Невядомай і прыгожай, Без канца, без берагоў (Я.Колас). Далеч дарагая, неабдымная. Над зямлёй цвіце зара барвовая (К.Кірэенка). Ласкавая, быццам добрая, была сіняя далеч (І.Мележ). Загараюцца агні Ў начных дрымотных далях... (А.Зарыцкі). Ізноўку даль жаданая ўваччу (В.Ракаў). Па-сірочаму плакалі жураўліныя далі (В.Лукша). Як увосень туман аблягае лугі І палёў задуменную даль (Я.Колас). Беларусь гукае, кліча Больш, чым нечых мораў шквал, Сваёй даллю маляўнічай, Сваім рокатам цымбал (К.Кірэенка). Вось мілавідная дзе далеч!.. Які прастор... (А.Лойка). [Сяргей Карага] акідаў вачыма гэтыя такія мілыя, такія прывабныя далі, што больш і больш вырысоўваліся і асвятляліся ясным усмехам новага дня (Я.Колас). Прыветна пазіралі мнагадумныя светла-сінія далі (Я.Колас). І свецяцца зоркі, І людзі, як хвалі, — То падаюць, То ўваскрасаюць яны... Мінулыя дні, Незабыўныя далі... (А.Куляшоў). І чым ты так вабіш, не знаю, Нябёсаў бяздонная сінь, За казачныя небакраі У нязведаную далячынь! (М.Танк). З лёскатам крыга за крыгаю Трэцца, нясецца ў нязнаную даль (Я.Купала). Аж дзесь за даллю промнерогаю, Чужая ўсяму, ўпаду (Н.Мацяш). Усё тыя ж шырокія, яшчэ больш прывабныя далечы разгортваюцца перад вачамі (Я.Колас). Даль світальная — белая пустка, Ды не боязна — сцежка свая (А.Пысін). Бягуць сасонкі — за сястрой сястра — Пад небасхіл у сцішаныя далі (А.Пысін). Новы, невядомы свет вабіў сваімі таямнічнымі, неакрэсленымі далямі (І.Навуменка). Поле без берага, шыр несканчоная, Даль неаглядная, даль засмучоная, Смугай спавіта ўся ты! (Я.Колас). Чаго ж смуцішся І маркоцішся, Даль шырокая, Даль знямелая? (Я.Колас). Далячынь віднелася па-асенняму задуменная, маркотная са сваімі спусцелымі палямі... (І.Мележ). Стагі, нібы вежы, па Свіслачы ўсталі, І час восеньскай глухаты-смугі Выражалі маўклівыя далі (Я.Колас). Мне весела разагнацца ў мяцежную даль (А.Дудар). Тое, што, можа, і радавала некалі, загінула ў нуднай далечы перажытага (Э.Самуйлёнак). Даль нямая з-за туманаў сірацінаю глядзіць (Я.Колас). За нязнаную даль пахмурную закацілася Ясна сонейка (Я.Купала). [Вярблюд] Ляціць насустрач далечы расхрыстанай (Н.Гілевіч). Замлелі тужлівыя далі За сінім лясным рубяжом (Я.Колас). Лёгкаю, цёплаю смугою, нібы сумам, засцілаліся ціхія далечы з іх лясамі... (Я.Колас). Я гляджу ў сцюдзёныя далі — Сорак выраяў выпусціў з рук (А.Пысін).

Паведаміць пра недакладнасьць