ДАЛЯГЛЯД . Уяўная лінія паміж небам і зямной ці воднай паверхняй; небасхіл: агністы, блакітны, бясконцы, густы, дзіўны, дымны, залаты, малінавы, неабсяжны, прасторны, прываблівы, прыветлівы, радасны, родны, ружова-сіні, ружовы, светлы, сіні, чароўны, чысты, ярка-чырвоны, ясны  белабрысы (аўт.), замглёны, затуманены, зыблівы, нахмураны, пусты, сярдзіты, чорны.

Захар ахапіў позіркам пагоркі вельмі выразныя на агністым даляглядзе (А.Савіцкі). Жывая Беларусь, апетая Янкам Купалам, паўстае перад намі — ...блакітныя далягляды, баравы шум (У.Караткевіч). Прысніўся мне той край у ззянні сонца: Над галавою неба сінява, І неабсяжны далягляд бясконцы, І сцелецца пад ногі нам трава (Н.Тарас). Густы, малінавы далягляд наблізіўся... (А.Савіцкі). Заглянуць хацелася за дзіўны, Борам акаймлёны далягляд (П.Панчанка). Садзілася сонейка, далягляд рабіўся залаты і прыветлівы (“Маладосць”). З вяршыні Машука... — проста арліны агляд. На паасобныя горы, што акружаюць горад зялёнымі пірамідамі, на горны хрыбет, што снежна бялее на прываблівым, радасным даляглядзе (Я.Брыль). Мігалі водбліскі, агні Над даляглядам родным, сінім (Я.Пушча). Вас [дарогі] горне шлях прасторнай плыні І далягляд ружова-сіні, дзе так панадна свеціць сонца (Я.Колас). Хадзем жа, любая, пад светлы далягляд, Пад шум вясны і дзён няспынны грукат (А.Звонак). [Возера] нерухома застыла, разліўшыся да сіняга далягляду (А.Варановіч). З высокага пагорка лашчыў вока чароўны далягляд (Я.Рамановіч). Нагоняць хмар на чысты далягляд, вятроў, на гора зорцы, назапасяць... (Е.Лось). Усходняе акно паказвала дзяўчынцы ясныя далягляды... (М.Лужанін). Пчолам хочацца лета вярнуць, Чаіцца далягляд белабрысы (Р.Барадулін). А ўсё ж ратунак прыйшоў!.. Спачатку толькі паказаўся на вадзяным, зыблівым ды замглёным даляглядзе (Я.Брыль). Ужо канавы поўныя наліты І далягляд нахмураны, сярдзіты (Е.Лось). За лесам, на чорным даляглядзе, нясмела міргалі зарніцы (І.Мележ).

Паведаміць пра недакладнасьць