ДАРОГА. I. Паласа зямлі для язды, хадзьбы; шлях зносін.

1. Пра шырыню, даўжыню, форму, іншую характэрную прымету (дарогі); пра стан праезджай часткі: блакітная, бязмежная, бясконцая, вілястая (разм.), вітая, вузкая, гнуткая, далёкая, дальняя, калёсная, мяккая, неабсяжная, паднебная (разм.), падсінена-белая, пакручастая, прамая, роўная, санная, язджалая  крывая, пакалечаная, пыльная, цесная; бітая, гладкая, звонка ўкатаная, уезджаная  бліскучая, выбоістая, завеяная, золкая, малаезджаная, няезджаная, няроўная, няходжаная, разбітая, скрыпучая, слізкая, трасучая, ухабістая.

Вясёлая трывога Прагнала моцны, сон... Блакітная дарога з асенніх верасоў (П.Панчанка). Конскія капыты паблісквалі срэбрам — то ляцела насустрач бязмежная і бясконцая дарога (М.Лынькоў). Азіраюся — тая ж вілястая пыльная дарога, той жа бясконцы вірлівы паток... (Б.Сачанка). Вялічка павёў свой узвод вітай дарогай, цаліной паміж двума ледзь заўважнымі ўзвышшамі (К.Чорны). Вузкая калёсная дарога між тым... рассекла невялікую круглую паляну, спаласаваную зялёнымі радамі бульбы... (Б.Сачанка). ...І зноў ціха. Толькі ветраная поўзь. Толькі гнуткая восеньская дарога (Я.Скрыган). На станцыі, пакідаючы мяне, мама заплакала... Перасільваючыся, вінавацячы сябе, сказала: “Усё адно як адвезла і пакінула. Неабсушанага... Далёкая дарога...” (Ф.Янкоўскі). Тры нялёгкія заданні Мне жыццё дало: На начной дарозе дальняй Адшукаць святло (М.Танк). Пайшлі па дарожцы, усыпанай лісцем, вузенькай і пакручастай (Я.Скрыган). Дарога ляжала падсінена-белая, мяккая (В.Карамазаў). Пойдзем жа сёння з табой па разлогах, Па неабсяжных радзімы дарогах (М.Танк). Між паўночных зор месяц коціцца Па дарогах паднебных глухіх (М.Танк). Пакручастая, між казачных узгоркаў дарога ад самага Мінска ўзяла ў палон (Ф.Янкоўскі). Не ўсюды роўная, прамая Мяне дарога ўдаль вядзе (Г.Бураўкін). І як толькі Саўка выбіўся з Камаровай паляны на санную ўхабістую дарогу, так канчаткова і выспела ў яго галаве думка звесці са свету гэтыя пчолы (Б.Сачанка). Дарога не вельмі язджалая (Я.Брыль). Скажы мне, дарожка, Чаму ты крывая, І вузка, і цесна, Як доля людская? (Я.Колас). Разбітая, пакалечаная вайною дарога. Абапал яе — разварочаная, перакапаная снарадамі і бомбамі зямля... (Б.Сачанка). Завеянай дарогаю. Далінамі, разлогамі З табой ідзём (М.Танк). За малаезджанай лясной дарогай — першай дарогай, што сустрэлася яму ў лесе, — Васіль убачыў пад кусцікам арэшніку баравічок (Б.Сачанка). Праз нейкі час калёсы зноў скрыпяць па бітай палявой дарозе (Б.Сачанка). А калі сядалі ў машыну, сказала [жанчына] зноў тое матчынае, шчырае, тое народнае, незабыўнае: — Я й за гарою вам пакланюся. Дадала: — Гладкае вам дарогі. Хай будзе гладкая ваша дарога (Ф.Янкоўскі). Вёскі цягнуцца... злучаныя звонка ўкатанымі дарогамі (Я.Брыль). Ад завірух калючых пацярух... дарога ўезджаная ўгрэта (Р.Барадулін). Выбоістая, золкая дарога, Куды ты скіравалася, скажы? (С.Гаўрусёў). Дарога гладкая, слізкая, бліскучая. Ільсніцца сліпучы белы снег (М.Лужанін). І ўсё ж я рад, што шмат яшчэ Да нашага паселішча Такіх палёў, Такіх далін завеяных, Такіх дарог няезджаных, Такіх вятроў (М.Танк). І сэрца не заные без трывогі, Без дабраты не знойдзеш уначы Няходжанай, няроўнае дарогі, Каб чалавеку ў горы памагчы (С.Грахоўскі). Змоўклі пыльныя скрыпучыя дарогі (М.Танк). На раз’юшаны захад У чорную дымную далеч Маладосць наша крочыць Па разбітых дарогах вайны (М.Танк). Люблю я гэту вузкую, гэту трасучую мужыцкую дарогу (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дарогі): бойкая, ветлая, гаманкая (разм.), гарачая, гулкая, дзіўная, звонкая, лучыстая, мілая, мнагадумная (аўт.), настраёвая (аўт.), незвычайная, празрыстая, прамяністая, прыгожая, родная, слаўная, смутна строгая (паэт.), цудоўная, чароўная  адзінокая, глухая, журботная, забытая, задуменная, маркотная, маўклівая, мёртвая, непрытульная, пакутлівая, пустая, сляпая, смутная, сумная, трудная (разм.), тугая, турботная, цёмная, цяжкая, шумная.

Мы ішлі пераважна лясамі, абыходзячы бойкія дарогі (Е.Лось). Разаслаліся шырока Ветлыя дарогі, Я ступаю смелым крокам Без тугі, трывогі (Я.Колас). Калісь, яшчэ ў дні юнацтва, мяне зачароўвалі прасторы зямлі з іх шматлікімі гаманкімі дарогамі, шырокімі і вузкімі, роўнымі і крывымі (Я.Колас). Ішлі мы да яго [дзеда], як падалося мне, страшэнна доўга... па мяккай, пыльнай і гарачай, бы прысак, дарозе... (Б.Сачанка). Дарога стала гулкая: падмарозіла (Ф.Янкоўскі). ПІто гэта была за дароганезвычайная, дзіўная, не падобная на ўсе іншыя дарогі ў балотнай старане! (І.Мележ). А я праз лес пракладваю... Тугую звонкую дарогу (С.Грахоўскі). Дарогі, родныя дарогі!... Як быццам пратапталі вас: Прамыя — у часы трывогі, Лучыстыя — ў спакойны час (М.Аўрамчык). А сама гэтая дарога! Мілая, слаўная! Яна бегла кудысьці далёка адгэтуль (Я.Колас). Ноч міне, дарогай прамяністай Дзень сустрэчы нашай прабяжыць (А.Александровіч). Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы (Я.Брыль). Не хачу спяшацца пакідаць Родныя дарогі і хаціны, Поле з каласамі, сенажаць, Гэта неба над маёй краінай (М.Танк). Дарогі, вечныя дарогі!... Няма канца вам, ні супыну; Вы жывы кожную часіну, То задуменны, смутна строгі, Як след захованай трывогі (Я.Колас). Нас бачылі толькі глухія дарогі, Сляды замяталі суровыя зімы (С.Грахоўскі). Яны [дарогі] заўсёды свежы, новы І мнагадумны, настраёвы (Я.Колас). І хто паддасца нагаворам, Засне навекі пад прасторам Халодных зор, снягоў глыбокіх, Сярод дарожак адзінокіх (Я.Колас). Маёй рукой пасаджанай бярозе Гадоў якіх праз сорак, сорак пяць Не пры глухой дарозе красавацца, А ў будучага веку на парозе (А.Куляшоў). Жыве яна, песня... Як куст шыпшыны, пяшчотна-ружовыя кветкі якой цвітуць пры пясчанай, журботнай дарозе, пакрытыя пылам (Я.Брыль). Дрэўцы стаялі ўжо голыя — дзе-нідзе сіратліва трапяталіся адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ больш маркотнай і пустой (І.Шамякін). Захацелася, каб дарога была мёртвая, забытая ўсім светам; Хацелася ад непрытульнай дарогі накіраваць каня да хатак (З.Бядуля). Я памятаю ноч: Маўклівая дарога Вілася, вузкая, У цемры... (П.Глебка). Цёмная паласа лесу... вабіла прытулкам, адпачынкам, абяцала канец гэтай пакутлівай дарогі (П.Пестрак). Ад пылу і сляпнёў сляпая Дарога ў возера нырае (М.Танк). Тая ж трудная дарога Між пяскоў ідзе ўбога (Я.Колас). Яна і спявала, і плакала, і рассыпалася смехам — ягоная скрыпка. І гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці — там, у глухім палескім лесе, на турботнай і пыльнай дарозе (Я.Брыль). І ў вачах паўстала раптам... глухая, цёмная дарога праз зарослыя маладняком дзялянкі (Б.Сачанка). Дзецям ногі баляць, іх дарога цяжкая стамляе (А.Куляшоў). Пры дарозе пыльнай, шумнай, Недалёка ад сяла, Адзінокай прыгажуняй Груша стройная ўзрасла (Н.Гілевіч).

II. Паход, паездка, падарожжа: далёкая, доўгая, паходная, шчаслівая  беззваротная, крывавая, неадольная, прыкрая, цяжкая.

Паўстанак адпраўляе цягнікі У шчаслівую далёкую дарогу (С.Грахоўскі). Бяры, таварыш, майго варанога... На полі шырокім, у доўгіх дарогах Дзесяць гадоў ён служыў аддана (П.Панчанка). Пасля дарог паходных, Пасля... турбот Зайшоў у цэх я родны Праз дзевяць доўгіх год (П.Панчанка). Ты смяешся. Не знаеш, вярнуўся з якой Беззваротнай дарогі на голас я твой (М.Танк). А па страчаных блізкіх На крывавай дарозе Можна плакаць, Ды плачам ў жыцці не паможаш (П.Броўка). Каб гора і бяду перамагчы, Адчай і неадольную дарогу, Склікалі ў паходы трубачы (С.Грахоўскі). Яна [Надзея] гаварыла і заклапочана паглядала на Ксаню, якая карміла пад дрэвам дзіця, на маленькага Васільку, якога так змарыла прыкрая дарога (М.Лынькоў). І хоць прайшлі дарогаю цяжкой — На загарэлых тварах быў спакой (М.Танк).

III. Жыццёвы шлях; кірунак у развіцці (народа, краіны): вольная, вялікая, жыццёвая, зорная, надзейная, новая, нязнаная (разм.), празрыстая, пракладзеная, прамая, прамяністая, прасторная, разумная, роўная, свабодная, светлая, святая, слынная (аўт.), торная, цвёрдая, шырокая, ясная  крутая, суровая, цяжкая, цярністая.

Дарогай вольнай, зорнаю, Шырокаю, прасторнаю... Ідзе вясёлы Май (Я.Колас). Я хацеў бы, каб песню маю... Не забылі ніколі сябры, Не занеслі пяскамі вятры І не сцёрла імгла забыцця На вялікай дарозе жыцця (М.Танк). О, якое шчасце ісці па вялікай жыццёвай дарозе! (Е.Лось). Колькі я не ўзараў, не скасіў, Не прабіў у завею надзейных дарог, Не пакінуў сцяжынак на золкай расе... (С.Грахоўскі). Выходзіш ты [равеснік] у пошук нязнаных дарог, Насустрач спакою і ночы (А.Звонак). Суровая і роўная, празрыстаю была Дарога мая, поўная і смутку, і святла (М.Хведаровіч). І плывуць прамяністыя Дарогі радзімы да сённяшніх дзён (П.Панчанка). Здольна для шчасця без ценю трывогі Сэрца тваё расцвісці — Толькі ніколі са светлай дарогі Ты не збівайся ў жыцці (А.Бачыла). Колькі слынных дарог ты [краіна] прайшла! (Я.Колас). Мы згадаем быль далёкую, Наш парыў і пачуццё, Як дарогаю шырокаю Мы выходзілі ў жыццё (Н.Гілевіч). На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ, грамадою, — сотні новых і ясных дарог рассцілае жыццё прад табою! (Я.Колас). Ён лічыў, каб выкіравацца на цвёрдую жыццёвую дарогу, трэба прыдбаць добры кавалак зямлі (А.Кудраўцаў). Не баяліся ў паходах Ні крутых дарог, ні стром, І было жыццё народа Нашым першым букваром (А.Александровіч).

* Бальшак-дарога, далячынь-дарога, дарога-пуціна, дарога-пуцявіна, дарога-разгон, дарога-струна, дарога-сцежка, мяжа-дарога, насып-дарога, пуцявіна-дарога, сінь-дарога, шлях-дарога.

Гэты борвысозны подых нетраў, Звон крынічак, цёплы белы мох, Цішыня сцяжынак непрыкметных І прыволле бальшакоў-дарог (К.Кірэенка). Трэба мне пільней Углядацца ў далячынь-дарогу (М.Танк). Мой верны друг! Прайшлі мы крок у крок Крывых дарог-пуцін ужо нямала (Я.Колас). Выйшла маці ўслед за ёю, Зорыць на дарогу, На дарогу-пуцявіну — Там яе Гануля (Я.Колас). Нас вабіць і горне, і туліць Дарога-разгон (Я.Колас). Напяты ўвысь дарогі-струны, Яны мінулі Марс ужо... (П.Броўка). І стане мой сынок на ножкі Ды пойдзе сам хадзіць-гуляць, Дарожкі-сцежачкі таптаць (Я.Колас). Глыбока ўрэзваюцца каляіны ў аксамітную мяжу-дарогу (Я.Скрыган). За ельнікам — лугавіна, якую перасякае насып-дарога (І.Навуменка). Ой, лясы-бары ды лугі-разлогі! Цераз вас ідуць пуцінкі-дарогі (М.Багдановіч). На карце... не ў баку ні трошкі Ад новых пуцявін-дарог Раён Старадарожскі (К.Цвірка). Сінь-дарогай раннем, Як жыццё, даўгою я нясу каханне З жалем і тугою (В.Вярба). Ляжа вольная шлях-дарога З краю ў край (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць