ДРЭВА (дрэвы). 1. Пра колер, наяўнасць лістоты, пра таўшчыню, вышыню дрэва, пра яго крону: белакорае, вогненнае, высокае, галінастае, густалістае, густое, зялёнае, разгалістае, разложыстае, рослае, стройнае, стромае, стромкае, цяглае (разм.), чырвонае  голае, крываватае, крывое, пахілае, сухое, счарнелае, танклявае, тонкае, цёмнае, чорнае.

А ці ты выстаіш, круча-любоў, Тая, якой мы баімся і самі, Як белакорае дрэўца гадоў Над маразамі і над слязамі (Я.Янішчыц). Паглядзелі, як весела гарыць агонь... як шырока раскінуліся над намі пышныя кроны высокіх дрэў (В.Вольскі). На паўнеба жыхнула маланка... Галінастае вогненнае дрэва з грукатам і бляскам упала на зямлю... (Л.Дайнека). Дрэвы густыя ў бліскучых латах, Як вартавыя, вартуюць сады (У.Караткевіч). Захар нічога не ўгледзеў сярод зялёных маладых дрэўцаў (А.Савіцкі). Добра пад бярозай! Заплюшчыш вочы, і тады разгалістае зялёнае дрэва ўявіцца мачтай (І.Навуменка). Хутка вясна! Гэта значыць — пара для яе Гнёзды бусліныя ўзнесці на стромкія дрэвы (М.Танк). Стары бор. Сасонка з сасонкай гаворыць. Усе дрэвы рослыя, цяглыя (“Беларусь”). Ён паглядзеў у акно, за якім стаялі дрэвы, высокія, голыя падбеленыя з аднаго боку мокрым ліпкім снегам (І.Мележ). Дрэвы голыя, цвёрдыя (А.Куляшоў). Здаецца, вада бліснула за камлём старой бярозы, што расце неяк адзінока, паадсунуўшы ад сябе ўсе танклявыя крываватыя дрэўцы (А.Савіцкі). Купкі белаватых вербаў... гусцеюць, упіраюцца ў пахілае разгалістае дрэва (А.Савіцкі). Сухія дрэвы на пагосце Паданнем цёмным зацвілі (А.Пысін). Пякліся яблыкі. І цень Адама Віднеўся між счарнелых голых дрэў (А.Пысін). Пацягнулася тонкае дрэўца, І туды і сюды трапянецца — Не хапае апоўдні святла (А.Пысін). За сцяною цёмных дрэў уздыхі (А.Пысін). Дрэвы, чорныя ад дажджу, густалістыя і разложыстыя, нагадвалі нейкія пабудовы (М.Лынькоў).

2. Пра ўзрост, век (дрэва): адвечнае, векавое, векавечнае, маладое, пасталелае, спрадвечнае,сталетняе, старое.

Проста маленькім ялінкам добра ў цяні адвечнага дрэва (У.Караткевіч). Векавыя дрэвы схілілі вершаліны свае... (Т.Хадкевіч). Уражвае... задумлівае маўчанне векавечных дрэў (А.Ліс). На высокім беразе вышэй ад усіх кустоў узнімалася маладое дрэўца (К.Чорны). Я ў сустрэчу верыў і не верыў, І вось іду між пасталелых дрэў, І нечакана ў асеннім скверы Адзінага знаёмага сустрэў (С.Грахоўскі). Сталетняе дрэва. Раскошна галіны У зелень убрала вясна (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (дрэва): высакароднае, гаманлівае, гаманкое, запаведнае, магутнае, мілае, мудрае, новае, падмаляванае, памаладзелае, пявучае, радаснае, рознаплямённыя (мн.), роднае, свежае, ціхае, цудоўнае  адзінокае, гаротнае, горкае, дрогкае, закіданае, згалелае, змаркатнелае, змрочнае, маўклівае, мокрае, надакучлівае, напаўструхнелае, незнаёмае, нямое, соннае, стомленае, струхнелае, сумнае, тужлівае, хлуслівае.

Толькі на Палессі можна ўбачыць такія... запаведныя зборышчы высакародных дрэў (В.Вольскі). Ён [Іван] любіць і гэтую цесную глухую дарогу, і змрочныя, гаманкія дрэвы і кусты (Б.Сачанка). Ноч... плыла. Дагаралі сілуэты вежаў, Незнаёмых запаведных дрэў (А.Пысін). Я вучань, першакласнік я нясмелы, Вучуся ў мудрых дрэў... (А, Пысін). А дрэўца мілае ў куточку сумуе ціха... (П.Пестрак). Напэўна, навальніца некалі скалечыла гэтае рослае, магутнае дрэва (Т.Хадкевіч). Вакол возера, як вежы, стаялі мудрыя дрэвы — дубы (Я.Колас). Час адлічваюць новыя дрэвы, Што ў сярэдзіне веку ўзышлі (А.Пысін). На чысценькай вуліцы, на памаладзелых падмаляваных беллю дрэвах, на дахах ляжаў першы мяккі сняжок... (І.Мележ). О, не сячыце дрэў гэтых пявучых, Калі свае любіце песні (М.Танк). Як паміралі людзі, — дрэвам Перадавалі галасы. І дзед мой лёгкую калыску Зрабіў з такіх пявучых дрэў (В.Вярба). Сабраліся, нібы на з’езд Рознаплямённыя дрэвы (П.Макаль). Прыемна пахне тут смалою І свежым дрэвам, хваіною (Я.Колас). Сям-там цьмяна стракацела кустоўе, адзінокія палявыя дрэўцы... (В.Быкаў). Дрэва горкае ў скверы, бывай! (Е.Лось). Мне ўслед чародкі дрогкіх дрэў Самотна галлё заламалі (П.Макаль). Спярша нават здавалася, што гэтае закіданае адзінокае Дрэва стаяла з боку жыцця — больш гібела, чым жыло... (Я.Колас). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай (І.Мележ). У парку — лістапад. Стаяць маўклівыя, сонныя дрэвы (М.Дзелянкоўскі). Спачатку вецер... паабтрасае апошнія лісты з мокрых дрэў (Я.Сіпакоў). Гаспадар круціўся з боку на бок, дарэмна прыжмурваў вочы і зусім змучаны бяссонніцай кляўся заўтра ж знішчыць надакучлівае дрэва (В.Гардзей). На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы... (У.Караткевіч). Ходзяць зоры над краінай, Дрэвы стомленыя спяць, Толькі маці з любым сынам Будзе доўга размаўляць (П.Глебка). Плоткай іграючай быстры мой човен Выплыў, мінаючы сумныя дрэвы (М.Танк).

* Дрэва-аднагодак, дрэва-манумент.

А люблю вясной глядзець на вішню, Нават на сырое бервяно. Як святлее дрэва-аднагодак... (А.Пысін). Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне (У.Караткевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць