ДУМКА (дума). Разважанне, роздум; тое, што з'явілася ў выніку развагі, роздуму.

1. Пра думкі (думы) вялікія, значныя, узвышаныя: агнявая, блакітная, велічная, вольная, высокая, дзівосная, дзіўная, залатая, залацістая, крылатая, прыгожая, радасная, свабодная, светлая, святая, чаруючая, чыстая, шчасная, ясная.

Ты цягнулася да яе [Радзімы] усім сваім дзіцячым сэрцам, чыстымі, блакітнымі думкамі дзіцяці (М.Лынькоў). Радкі высокіх дум не нікнуць у знямозе (П.Броўка). Можа з гэтых чысцюткіх крыніц, Верасоў, траў духмяных і соснаў Ты па кропельцы ўзяў, Каб з драбніц скласці гмах сваіх думак дзівосных (М.Калачынскі). Родзяцца ў сэрцы дзіўныя думы, Хочацца пушчу паслухаць, паняць (Я.Купала). Бачыў я тваіх рэк сінь і сталь, Думаў думу з табой залатую (А.Дудар). Ой, так думкі снавалі залацістыя мы, Покуль нам не сагналі беды гэтыя сны (Я.Купала). [Дубы] постаць згадалі бунтарскую, рысы задумнага твару, Думы паэта крылатыя, Тыя, што нішчылі хмары (П.Броўка). А ў душы прыгожыя, Чыстыя і светлыя Думкі-мары бліскаюць, Нібы, зоркі снежныя (Н.Гілевіч). У сэрцы поўна думак радасных і кволых (К.Буйло). Ваш брат і цёмны і галодны: Хацінка свой зжывае век: І век не знаў ён дум свабодных, І крыўдзіў свой брат — чалавек (Я.Купала). Светлых думак гнаць не хоча Маладосць-краса (Я.Купала). Не! Душа ў вас [сяброў-выгнаннікаў], Сэрца — добрыя, Думкі чыстыя, Мыслі ясныя! (Я.Колас). У іх [песнях] арліныя крылы чаруючых думак баяна (Я.Колас). Я думаю шчасную думу, Атулены ласкай начной (А.Звонак).

2. Пра думкі (думы) сумныя, пакутлівыя: абразлівая, балючая, безнадзейная, бязрадасная, гаротная, горкая, жорсткая, журботная, злая, злосная, ліхая, маркотная, напружаная, невясёлая, недарэчная, неўвароткая (разм.), нудная, няздзейсненая, паганая, пакутлівая, прыкрая, самотная, скрушная, сумная, суровая, трывожная, турботная, хворая, хмурная, цёмная, цяжкая, чорная, шурпатая.

“Даруй, Сашок”, — ціха папрасіў ён прабачэння за свае абразлівыя, недарэчныя думкі (І.Шамякін). І раптам знікла цяжкая і балючая думка, што яна [жонка] загінула (А.Кулакоўскі). І тысячы самых розных думак праносіліся ў галаве дзяўчыны, думак горкіх і светлых, радасных і безнадзейных (М.Лынькоў). Бязрадасныя думы апанавалі старую жанчыну (А.Пальчэўскі). Думкай горкаю, Невясёлаю звіс туман сівы над балотамі (Я.Колас). Замаўкаюць абодва. І ў кожнага думка жорсткая, шурпатая (М.Лынькоў). І розныя думкі, лёгкія, як цені хваёвых галінак, журботныя, як курлыканне журавоў у небе, снавалі ў яго [Лабановічавым] сэрцы (Я.Колас). Бачыш слёзы ты [месяц] людскія, Як яны з расою льюцца, у тумане думкі злыя Горкім плачам аддаюцца (Я.Колас). Калі Міхайла Іванавіч быў не ў гуморы, то Ксеня Паўлаўна прымала ўсе меры, каб вярнуць мужу спакой душы і адагнаць яго ліхія думкі (Я.Колас). Думы маркотныя, думы гаротныя, Труціце быт мой сірочы... (Я.Купала). Глыбока запалыя вочы яго [параненага] свяціліся напружанай думкай і дапытлівасцю (І.Новікаў). Я гнаў невясёлыя думкі, але адчуванне страшнай трывогі не адыходзіла (І.Мележ). Горкія мне песні толькі дасталіся, Многа думак нудных, Слёзы каб ліліся (Я.Колас). Дум няздзейсненых чуеш палёт (А.Пысін). Грышка падняўся, азірнуўся і пачаў свістаць, каб адагнаць паганыя думкі (Я.Колас). Каму з нас прыйшла прыкрая думка палохаць ластавак, не памятаю (А.Пальчэўскі). Ляжа спаць, укрыецца аўчынаю, — Ад самотных дум знікае сон (П.Панчанка). Астаткі крыўды, шкадавання, Ды думка скрушная, з якой Даўно змірыўся (Н.Гілевіч). Зняў пілотку ля помніка з думай суровай (П.Панчанка). Трывожныя думкі дарог заўсёды вядуць да цябе (Д.Бічэль-Загнетава). І гэтак штоночы, Да першай зарніцы, Калі непагоды гудуць, Адна за другой Да заходняй граніцы Турботныя думкі лятуць (П.Глебка). Ціхне на душы змаганне хворых дум... (М.Багдановіч). Эх ты, лета гарачае, бурнае! Ажыўляеш ты поле і луг. Люба, думкі пакінуўшы хмурныя, На свет выйсці ды глянуць... (Я.Купала). Цяжкіх дум, горкіх дум Зваяваць не магу (Я.Купала). Загараліся шляхі зорныя — Зоры зорныя над паласой: Пазбіраліся думы чорныя — Хмары чорныя над галавой (М.Танк).

3. Пра накіраванасць, характар думак: адвечная, белая (паэт.), бязважкая, важкая, вечная, вясенняя, ганарліва-задаволеная (аўт.), гарэзлівая, гаючая, далёкая, духмяная, жывая, знаная (разм.), імгненная, маладая, мройная, няскораная, няўлоўная, няясная, павольная, патаемная, пралётная, радасна-пякучая (аўт.), разважная, руплівая, сталая, творчая, трапяткая, трывожна-салодкая (аўт.), фантастычна-неверагодная, ціхая, шчырая, шырокая  адчайная, атрутная, беспрасветная, бесталковая, бяссонная, вірлівая, дзёрзкая, дзікая, жалем выліваная (аўт.), ліхаманкава-адчайная, ліхаманкавая, маркотная, неакрэсленая, неспакойная, неўсвядомленая, нудная, няўтрымная, панура-злосная, панурая, прытупленая, пякельная, страхавітая (аўт.), супярэчлівыя (мн.), суцяшальная, упартая, чужынская (разм.), шэрая, ясна-балючая (аўт.).

І плывуць, адплываюць чаўны Дум адвечных, як мора шырокіх (П.Трус). Ціха, так ціха — ні ветру, ні шуму... Быццам лес белую думае думу (М.Танк). Было хораша і зручна сядзець на сене... аддавацца мройным, бязважкім думкам (А.Асіпенка). Поўны важкіх дум, ён [Васіль] задрамаў толькі пад світанне (І.Мележ). А ці думы вечныя прыйшлі Аб краіне, Ворагам забранай? (П.Глебка). Яшчэ ніяк не страчаны запал, Яшчэ шумяць вясенніх думак рэкі (А.Бачыла). За клопатным роздумам пра яе [Ганну] таілася ў бацьку ганарліва-задаволеная думка — завіталі, кланяюцца... (І.Мележ). Іншы раз узбрыдала Міканору гарэзлівая думка (А.Кулакоўскі). Гаючая і суцяшальная думка, што Кулеш жывы і выратуе Рэнату, імгненна аддаліла бяду (А.Савіцкі). І раптам прыходзяць далёкія, ціхія думы (Я.Скрыган). Толькі думы думныя чуюць хмары буйныя, Хвойкі, елкі шумныя (Я.Купала). На кожным уроку ў прыцішаным гуле ўсяго класа гучыць, як срэбная песня жаваранка, голас жывое, трапяткое думкі (В.Вітка). Ціснуць думы знаныя, жалем выліваныя (Я.Колас). Мільганула [у Петрыка] нейкая думка ў галаве, няясная і неакрэсленая, імгненная, як маланка (Я.Колас). Ой, сябры мае... Дзе цяпер вы, дарагія? Ці схавалі свае сілы? Ці ёсць думкі маладыя? (Я.Колас). Шуміць цёмны лес. Без канца яго шум. І я ад людзей не ўтаю: Адну з яго шчырых няскораных дум Пазычыў я ў песню сваю (К.Кірэенка). Нейкая няўлоўная і неўсвядомленая думка стала карцець яму [Лабановічу], разганяць добры настрой (Я.Колас). Гэтыя павольныя і разважныя ў цішыні думкі чалавека раптам прыпыніліся ад далёкіх раскацістых стрэлаў (В.Быкаў). Затое — ад вобраза простай жанчыны, ад матчынай яе слязы, ад смаку вясковага чэрствага хлеба зноў ажывалі яго, Алесевы, патаемныя думкі (Я.Брыль). Ці вымкну я птушкаю з думкай пралётнаю На тое поле, на роўнае тое, Ці ўгледжуся ў хату ўбога-маркотную — Сумна мне бачыць гора людское (Я.Купала). Ён ішоў, здалёк назіраючы за дзяўчынай, і думаў сваю радасна-пякучую думку (А.Марціновіч). Праходзіць нетаропка гэта лета, Вызвоньвае руплівай думкай час... (К.Кірэенка). Яна ж — Дзіна Сяргееўна... [чакала дзіця]... і думкі пра гэта былі трапяткія, трывожна-салодкія (А.Марціновіч). Як нашу працу не спыніць, Так не спыніць і творчай думкі (У.Дубоўка). Фантастычна-неверагодная думка бліснула ў галаве Сашы: можа, Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем (І.Шамякін). Светлая хмарка, як ціхая думка шчасця, ціха і спакойна плыла ў небе (Я.Колас). Адчайная думка застроміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі (М.Гарэцкі). Думкі былі неспакойныя і атрутныя (М.Лынькоў). Нялёгка было распазнаць, калі яна [мама] плача, а калі спачывае ад слёз, зноў снуючы беспрасветную думку (Я.Брыль). А думкі, бесталковыя, дзікія думкі, заварушыліся ў ім скора-скора, як снег, які з усіх бакоў так бязжаласна сыпаў на Васіля (Я.Колас). Праяснілася вірлівая думка, што трэба нацягнуць на галаву кофту, каб не чуваць было кашлю (А.Савіцкі). Няўжо не падкажа Быліна, Як дзёрзкаю думкай Акінуць мяжу Абсягаў тваіх, Украіна (Р.Барадулін). Цяпер бурна, страшна мора! Хваля поўна дзікіх дум (Цётка). Захлынаючыся ад сухіх рыданняў, якія раздзіралі горла, аднымі ліхаманкава-адчайнымі думкамі ён раджаў гэтыя радкі на свет (У.Караткевіч). Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі (У.Караткевіч). Думы ўзнімаюцца, думы маркотныя (Я.Купала). Разам з ветрам, з халадамі Думак рой к нам наляціць, — Нудных думак, неспакойных, — Сэрца беднае сушыць (Я.Колас). Стэпа прачнулася і падняла з сабою ўчарашнія думкі. Ні каліва не прытупленыя, ясна-балючыя, няўтрыманыя, трывожныя (Ц.Гартны). Віктар... забыўся на свае панурыя думкі (А.Асіпенка). Колькі патрэбна было перадумаць думак і дум — пякельных і горкіх, — каб дачакацца вось гэтага берага (К.Кірэенка). Упершыню пасля запальчывага ўзрушэння з’явілася страхавітая думка: куды? Куды яны яго вязуць? (В.Быкаў). Супярэчлівыя думкі таўкліся ў галаве ў Васіля (Б.Сачанка). Так ён [кравец] і астаўся стаяць... апанаваны новай І ўпартай думкай (К.Чорны). Таймуючы тугу і здраду Чужынскіх дум, Варожых дзей, Мы падымалі барыкады, Каб вораг не прайшоў нідзе (П.Глебка). Думы шэрыя Таццяніны нявесела На бярозах падарожных ноч развесіла (М.Танк).

* Думка-маладуха, думкі-весялушкі, думкі-задумы, думкі-жаданні, думкі-летуценні, думкі-лятункі, думкі-маланкі, думкі-мары, думкі-парывы, думкі-ўзоры, думкі-ўспаміны, думы-імкненні, думы-пчолы, кветкі-думкі, лятункі-думкі, чараўніцы-думкі  думка-роздум, думка-смутак, думкі-трывогі, клопаты-думкі.

Думкі, думкі-весялушкі! Скуль вы ўзяліся, што ў душы, як тыя птушкі, Песняй азваліся (Я.Купала). Сонца ўздымаецца раннем, сыплючы промні сустрэчы, З сэрцаў, вачэй, з думак-задум чалавечых (П.Броўка). Новая думка-жаданне нечакана з’явілася ў яе [Сцепанідзінай] галаве (В.Быкаў). Луналі думкі-летуценні Над ціхай Свіслаччу маёй (А.Александровіч). Скінь, мой дружа, пыху з сэрца, Скінь, вазьмі паслухай, Што хачу тут расказаці Думкай-маладухай (Я.Купала). Шмат снавалі мы кросен шаўковых З нашых думак-лятунак і мар (Я.Колас). Ты [ледакол] здзейснены водгук... думак-лятунак, Што выкрасаў з сэрца... (П.Броўка). А ў думках-марах столькі сонца, блакіту і зеляніны (Я.Брыль). Дні маладосці, Думкі-парывы, Узносце, узносце Да зорак шчаслівых Мае запаветныя спадзяванні (В.Вітка). Маці шые-вышывае... То барвенкам наплываюць Думкі-ўзоры на канву (А.Александровіч). Мяккай згоднай чарадой плывуць думкі... Думкі-ўспаміны (М.Зарэцкі). У сэрцах людскіх агнявыя напевы, Бо можна забіць, растаптаць чалавека, Ды нельга забіць яго думкі-імкненні (К.Кірэенка). Я кожны дзень бяруся за пяро — І прылятаюць думы-пчолы роем... (К.Буйло). Дзе вы, другі-аднадумцы? У якіх шыротах, далях? Мне пра вас лятунка-думка Звычай даўні прыгадала (А.Звонак). Абступілі чараўніцы-думы, Маладосці светлыя ўспаміны... (А.Звонак). Праблукаў я ўсю ноч да відна Думкай-роздумам светлым, Радзімы цяплом абагрэты (А.Звонак). Сцішна ў вёсцы. Думка-смутак часта душу томіць (Я.Колас). Захопленая думкамі-трывогамі, узрушаная невядомасцю, якая прыйшла к ёй разам з Карчамі, Ганна ўсё стаяла на агародзе (І.Мележ). ...Усё шчыльней агарталі яго [старшыну] клопаты-думкі (В.Быкаў).

Паведаміць пра недакладнасьць