ДУХ . Пах, водар: адвечны, гарачы, гаючы, жыватворны, жыватворчы, калядны, магічны, малады, настоены, настойна-смаляны, святочны, смачны, старажытны, таемны, усемагутны, усеўладны, хлебны, цёплы  грозны, злосны, злы, кіслы, марозны, млявы, нафталінавы, панскі, прытарны, спёрты, сярдзіты, тленны, цяжкі.

І вось у твар дыхнула цёплым, Адвечным духам збажыны (Н.Гілевіч). Ад печы несла гарачым, смачным хлебным духам (Я.Колас). Спяшайцеся, брацці, расою халоднай Ваш твар выразлівы абмыць І дух той гаючы палёў, нівы роднай У грудзі чым больш захапіць (Я.Колас). Спевам-гоманам і звонам Поўніцца ўвесь луг, І дрыжыць над ім, зялёным, Жыватворчы дух (Я.Колас). Святочны, старажытны дух калядны, Магічны дух язычніцкіх акрас, Смалення дух, дух кмену і каляндры... Калісьці ўсемагутны, усеўладны, што ж на “куццю” ты не збіраеш нас? (Н.Гілевіч). Пахла жывіцай, цягнула настоеным духам лесу (В.Карамазаў). Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды, Любіць твой [зямлі] дух настойна-смаляны (Я.Янішчыц). Шлях-гасцінец. Старасвецкія бярозавыя прысады загінаюцца ўправа, а адтуль ужо спрадвеку патыхала панскім духам: Глухенькае месца, панскае і шляхечае гняздо (К.Чорны). І гэтая цішыня, і таемны густы дух лесу хвалявалі — радавалі і трывожылі (З.Бядуля). Вядома, марозны дух грозны, Вядома, вядома — зіма (А.Пысін). [Дзед] венікі — злосны дух абнаўлення — Мурашынай дарожкай нясе (А.Пысін). Пахне потам чалавечым... Цяжкі, спёрты, кіслы дух... (Я.Колас). [Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя ўборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на сурдут цэлую бутэлечку адэкалону (М.Лынькоў). І нясе сярдзітым духам, Дзікім сіверам зіма (Я.Колас). Маўчала воддаль цэркаўка, не звонячы, Акацый водар ліўся ў тленны дух (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць