ЕЛКА . 1. Пра вышыню, таўшчыню, характар ствала; пра форму, гушчыню кроны; пра колер (елкі): векавая, вечназялёная, выносістая, высокая, гонкая, густая, зялёна-белая, зялёная, камлістая, купчастая, кучаравая, маладая, маладзенькая, малая, малюсенькая, нятоўстая, прыдарожная, разлапістая, раскідзістая, роўная, таўстастволая, цёмнагрывая (паэт.), шатрыстая (аўт.)  бухматая (разм.), калматая, кашлатая, кудлатая, нерухомая, нізкая, прыземістая, прыгнутая, ускалмачаная, цёмная.

А хвоі, елкі векавыя Пад зыкі песень маладыя Маўчком стаялі... (Я.Колас). За дубамі ўзвышаюцца, гамонячы сваімі калматымі вершалінамі з сінім небам, вечназялёныя елкі і сосны (М.Паслядовіч). Партызаны ціха выбраліся з-пад густой елкі (В.Шымук). Елкі зялёныя, гонкія Плямамі цені раскінулі (“Маладосць”). За акном злева — камлістыя елкі, зялёна-белыя, у серабрыстым мроіве мяцеліцы... (ЛіМ). Невысокія стройныя сосны ўперамежку з кучаравымі елкамі паўкругам абдымалі поле (У.Шахавец). Антанюк... кінуўся за першае дрэва, адтуль нырнуў пад маладзенькія прыземістыя елкі... (І.Шамякін). Вагоннае акно, распісанае ўзорамі наледзі. За акном, у прахуканым кружочку, сцяна прыдарожных елак (Я.Брыль). Пад разлапістымі елкамі выглядалі з пушыстага моху цёмныя галоўкі баравікоў (З.Бандарына). Астрова — роўная і гонкая нятоўстая елка, адзін бок яе абчасаны (Ф.Янкоўскі). Елкі цёмнагрывыя намоклі (П.Панчанка). Замест вежы аказалася шатрыстая елка... (Я.Колас). І вось на ранку ля чаўноў збуцвелых Я збіў з бухматых елак пульхны снег (К.Кірэенка). Сцяжынка абагнула таўстастволую елку, якая ўчапілася ў зямлю пяццю каранямі. Калматыя елкі засталіся ззаду, сярод балота (М.Капыловіч). А елкі кашлатыя, ліпы, бярозы Пад снежнаю ватай: не возьмуць марозы (У.Карызна). І тут адзін з іх [людзей] заўважыў ногі [Слышэні], якія вытыркаліся з-пад кудлатай елкі (М.Лынькоў). Нерухомыя елкі ўткнулі ў неба свае доўгія пікі-верхавіны (М.Дзелянкоўскі). Са страхам я паглядаў на прыгнутыя ўскалмачаныя елкі, з заміраннем душы чакаючы, што некаторая з іх усім сваім велічным ствалом рухне на дарогу (В.Адамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (елкі): велічная, гордая, задумлівая, паважная, пяшчотная, урачыстая, чароўная  журботная, нязграбная, няўдалая, панурая, пахмурная, смутная, спахмурнелая, сумная, суровая, сярдзітая, хітрая.

[Чалавеку] карціць дазнацца, чаму такія ўрачыстыя і такія велічныя гэтыя елкі і сосны (С.Кухараў). Цень ляжыць ад гордай елкі, Як піковы чорны туз (П.Панчанка). Цішыня. Маўчаць паважныя, задумлівыя елкі (“Маладосць”). Падсада малюсенькіх, пяшчотных, як у казцы, елачак (Я.Брыль). На самым краечку лесу расла журботная елачка, нязграбная, малая (Я.Колас). Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу (Я.Колас). Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі... (Я.Колас). У сярдзітай елкі іх [сукоў] даволі (Р.Барадулін). А елка хітрая і цёмная У сховішча пазвала нас (А.Ліс).

* Гардыня-елка, елка-выварацень.

У такі час хочацца думаць. Пра што? Ці не ўсё адно для гэтых прыгажунь-соснаў і гардынь-елак (С.Кухараў). Многа было елак-вываратняў (П.Місько).

Паведаміць пра недакладнасьць