ЖЫЦЦЁ. Жыццёвы ўклад, спосаб існавання чалавека, прыроды; быт.

1. Пра жыццё змястоўнае, творчае, шчаслівае: адменнае, актыўнае, багатае, бадзёрае, баявое, бурлівае, бурнае, велічнае, выдатнае, вялікае, вясёлае, гарачае, гордае, дзіўнае, доблеснае, добрае, доўгае, жвавае, жывое, залатое, захапляльнае, захапляючае, зялёнае (аўт.), імклівае, іскрамётнае, іскрыстае, каляровае (аўт.), кіпучае, летняе, магутнае, маладое, неабсяжнае, невытлумачальна любае, паўнакроўнае, поўнае, праведнае, прыгожае, пярэста-звонкае (аўт.), радаснае, роднае, светлае, слаўнае, сонечнае, страснае, строгае, таямнічае, творчае, трапяткое, хмельнае, цудоўнае, чароўнае, чыстае, шматграннае, шматколернае, шчаслівае, шырокае, яркае, яснае.

Лес ужо жыў сваім актыўным, багатым вясновым жыццём (Б.Сачанка). У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё (М.Зарэцкі). Баявое і суровае жыццё адшліфавала яго [Бачылы] характар (С.Грахоўскі). Цяпер з табой мы неразлучны У нашым велічным жыцці (А.Астрэйка). Я ведаю, цяжкімі будуць годы, А нам стаяць, не гнуцца, як трысцё, Бо лёс славян і лёс майго народа — Нялёгкае і гордае жыццё (У.Караткевіч). Як добра легчы з кнігай на траве, абаперціся над ёй на локцях і чытаць, бясконца чытаць, — жыць тым дзіўным, чароўным жыццём, што схавана ў радочкі слоў!.. (Я.Брыль). Прыгажосцю і сілай песні — яшчэ адной з’явай жыцця, такога добрага, вялікага, незразумелага, невытлумачальна любага і таямнічага (Я.Брыль). Я гляджу на раку... і думаю: якое вялікае і доўгае ў ракі жыццё (Б.Сачанка). З апошнім званком у Ганьцы зноў прарастае жыццё — жывое, трапяткое, захапляючае! (А.Васілевіч). Дымам пойдзе ўсё ліхое, Ўсё, што душыць нас і гне. Вер, брат, — жыцце залатое Будзе ў нашай старане (Я.Колас). А жыццё — цудоўнае і грознае, Каб стаць чалавекам У час наш суровы, Помні жыцця асновы (П.Панчанка). Жыве тады лес пярэста-звонкім жыццём, і ў тым жыцці — у зялёным, у сонечным — чуваць гармонія шчасця, гармонія светлае радасці (М.Зарэцкі). Іван Савіч, каб выправіць няёмкае становішча, прапанаваў свой тост — за жыццё кіпучае, імклівае, поўнае працы і змагання (І.Мележ). Сядзіш, ап’янёны, незвычайна напоўнены іскрамётным жыццём, якое прынёс у хату бесклапотны весялун, і хочацца, каб гэта жыццё не канчалася (В.Карамазаў). Над сталёвым бёрдам у ясны дзень жыццё каляровае зацвіце, бо буду надзеямі звонка ткаць, будзе толькі бёрдачка ляскатаць (Л.Геніюш). Жыццё магутнае ёй [жанчыне] падарыла сына. І хоць яшчэ маўчаў ён, як нямы, З ім горда выйшла ў свет пасля пакут жанчына І ўпэўнена сказала слова: “Мы” (К.Кірэенка). Рэня мала чым адрознівалася ад усіх іншых дзяўчат-першакурсніц. Такая ж вясёлая, такая ж рухавая, поўная маладога кіпучага жыцця (М.Лынькоў). Усеўладная восень неадступна цікавала за гэтымі апошнімі праявамі хмельнага летняга жыцця (І.Навуменка). Жыццё! Яно — магутнае, імклівае і неабсяжнае (М.Гамолка). Мы ніколі... не залезлі ў гэты сад. Можа таму, што Ласіху нашы маткі лічылі жанчынай праведнага жыцця (І.Навуменка). Доўгія-доўгія гады, цэлыя вякі, жыла пушча згодна, шчасліва, жыла поўным, багатым жыццём (Я.Колас). Якому сыну ахвота развітвацца з прыгожым і паўнакроўным жыццём свету! (Е.Лось). Перад вачыма Сівага, нібы наяве, разгортваецца роднае жыццё і першая праца — касьба (Я.Брыль). Каб толькі светлае жыццё тут красавала, Якое сёння ля дубоў тваіх шуміць! (У.Дубоўка). На лёгкіх крылах летуцення, На бурных хвалях пачуцця Зноў неслі людзям захапленне І радасць творчага жыцця (П.Глебка). Усё жыццё такое ж цёплае, шурпатае, як шырокая бацькава далонь (М.Лынькоў). І ў напружэнні паўнаты свайго шырокага жыцця Без болю, ціха зойдзеш ты ў краіну забыцця (М.Багдановіч). Вуліцы жывуць сваім яркім, адменным, непрывычным для нас жыццём (В.Вольскі).

2. Пра цяжкае, нешчаслівае, беднае жыццё; пра бадзяжнае жыццё: адзінокае, ахвярнае, беднае, беспрагляднае, беспрытульнае, бядачае, бязвольнае, бяздомнае, бязладнае, бязрадаснае, вандроўнае, гаротнае, горкае, грознае, дробнае, жабрацкае, жорсткае, замужняе, здрадлівае, злое, ліхое, лядачае, маркотнае, неверагоднае (аўт.), невясёлае, незразумелае, ненадзейлівае (аўт.), непражытае, неспакойнае, нецікавае, нуднае, нязвычнае, нязнанае, нялёгкае, няпэўнае, паганае, пакутлівае, пакутнае, паспешлівае, пахілае, прытоенае, пякельнае, рабскае, распраклятае, страшнае, сумнае, суровае, трагічнае, трывожнае, тужлівае, хапатлівае, цёмнае, цяжкае, цярністае, чорнае, шурпатае, шэрае, шэранькае.

Як жа гэтага многа ў адзінокім жыцці, калі гора з парога не жадае сысці (А.Бачыла). Паміраюць байцы і паэты, Што ўслаўлялі свае запаветы І ахвярным жыццём І радком (А.Пысін). Аб жыцці беспраглядным сваім Разважаю я ў гэтай цішы... (Я.Купала). Нельга не дзівіцца, колькі паспеў зрабіць ён [Язэп Драздовіч] у сваім беспрытульным, бяздомным жыцці-вандраванні (А.Ліс). А тут закопаны навекі Надзеі, радасць чалавека, І гора схована ліхое — Жыццё бядачае людское (Я.Колас). І вечна не знойдзеш спакою Ў замужнім бязвольным жыцці: Нядоля ўслед за табою, Як здань тая, будзе ісці (Я.Купала). Перабірае [Бадзейка] у памяці сваё жыццё, бязладнае і цёмнае (Я.Колас). Дзіця адчувае нейкую вялікую віну перад сваёй старой маці за яе бязрадаснае жыццё (А.Адамовіч). Спачатку жылі вандроўным жыццём, бо сталую работу цяжка было знайсці (А.Чарнышэвіч). Кузьма Чорны з малых год наглядаў гаротнае жыццё вясковай беднаты... (Я.Скрыган). Вырасла, стала дзяўчынай прыгожаю, Ды горкім было жыццё далей (Я.Купала). Колькі пастак ты мне прыхавала, Добрае не дробнае жыццё! (П.Панчанка). Ён стаяў разгублены, гнучы, ламаючы маладую галінку-парастак з бярозы... думаў,... якое ўсё-ткі жорсткае і здрадлівае жыццё (І.Мележ). “І гэй ты, наша жыццё злое! — Міхал у лесе песню цягне (Я.Колас). Мы вырасталі непакорныя Жыццё ліхое перайначваць (П.Глебка). Стану баіць, гаманіці Аб жыцці лядачым (Я.Купала). Лопат лакамабіля і гудзенне трактароў за прысадамі даносіліся да яго вуха далёкім, маркотным жыццём (І.Грамовіч). Чытай, сынок, вясёлыя запіскі Майго неверагоднага жыцця (Я.Янішчыц). Але ж і тое-гэтае спазнаем У гэтым ненадзейлівым жыцці, Каб сівізной расквеціцца, як маем, І ў новы свет паціху адплысці (М.Стральцоў). [Куранёўцам] не было відаць тое, што мы бачым за сабой... Ім трэба было ісці няходжаным полем непражытага жыцця (І.Мележ). Увесь гэты час, пасля вайны, Кавалевіч жыў неспакойным, імклівым жыццём (І.Мележ). Праўда, дзякаваць богу, ён-такі выбавіўся з гэтага шэранькага і нецікавага жыцця (М.Лынькоў). Зноў пацягнуліся аднастайныя будні нуднага лагернага жыцця (М.Машара). Сярод гэтага нязвычнага жыцця Ганне больш верылася, што от і для яе пачынаецца інакшае, нязнанае, добрае жыццё (І.Мележ). У тым прытоеным, няпэўным жыцці... найбольш няпэўнасці, нязладнасці было ў Васіля (І.Мележ). О, колькі гора, колькі мукі Нясеш, паганае жыццё! (Я.Купала). Вельмі ж ужо блізка мы стаім да кузюрак, і нам не трэба нагінацца, каб убачыць іх жыццё — паспешлівае і хапатлівае, як і ў людзей (Я.Сіпакоў). Івану ніколі не ўдавалася выплакацца, выгаравацца, выскардзіцца і гэтым самым выліць з душы ўсю гаркату, усю боль пахілага жыцця (Я.Колас). Таіса Міхайлаўна не надта любіла ў кіно і ў кнігах жыццё звычайнае, суровае, цяжкае, асабліва трагічнае... (І.Шамякін). Блудныя сцежкі цёмнага жыцця Навукі сонцам мусіш рассвятліць, Каб мы і наша ў прышласці дзіця, Не блудзячы, маглі свой век дажыць (Я.Купала). Шчыра дзякую вам [Пяшчынскаму] за пяснярскі прывет, Якім міла мяне прывіталі; Так цярніста жыццё, столькі мук, столькі бед! Вы другое жыццё паказалі (Я.Купала). Івану стала горка, як ніколі. Усё жыццё, шэрае, невясёлае жыццё, прайшло яшчэ раз перад яго вачыма (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць