ЗВОН. 1. Пра гучнасць, тэмбр, характар, час гучання; пра ўяўны колер (звону): вераснёвы, весні, высокі, галасны, глыбокі, залівісты, златагукі, зорны, іскрысты, крыштальны, лёгкі, меладычны, мілагучны, мяккі, незмаўкальны, нязмоўклы, празрысты, працяжна-медзяны, прачысты, пругкі, прызыўны, срэбраструнны, стогалосы, стройны, струнны, тонкі, ціхі, часты, чысты, шматструнны, шырокі  аглухлы (аўт.), аднастайны, аднатонны, глухі, гнусавы, густы, дробны, дрыготкі, дрыжавы, жалезны, замагільны, іржавы, кволы, манатонны, металічны, натужны, пранізлівы, разбіты, рэдкі, стальны, сухі, хаўтурны, цягучы; аранжавы (аўт.), васільковы (аўт.), жоўты (аўт.), зялёны (аўт.), малінавы (паэт.), празрыста-сіні, серабрысты, срэбна-медны, срэбны, срэбраны, сярэбраны.

А карты ў яе [восені] незвычайныя: З лістоты бяроз і клёнаў — Барвовыя, разнастайныя, З вераснёвым звонам (М.Танк). Мо нехта дні былыя ўспомніць Пад весні звон (М.Танк). Звоняць звоны галасныя (Я.Колас). З кузні ляцеў звон, сухі, высокі (І.Пташнікаў). А за полем — агародам, Дзе пажоўклыя сады, — Звон шырокі, Сэрцу родны, Звон глыбокі, Малады (П.Трус). А звон залівісты бліжэй Разносіць тоны ў ціхім ранку (Я.Колас). Вясна ідзе ўжо з поўдня З нечым радасным каханнем, З салаўямі, зорным звонам... (П.Панчанка). Здасца часам гул імклівы. То падкоў іскрысты звон... (П.Броўка). З палёў шырокіх вецярок прыносіць Крыштальны звон даспелага калосся (П.Панчанка). І на міг яму [разведчыку] здалося, Што ідзе ён на пакос, Што чуваць у сініх росах Лёгкі звон сталёвых кос (П.Панчанка). Гучна, з лёгкім меладычным звонам адбіваў секунды маятнік... гадзінніка (І.Шамякін). Сасна загудзела, перадаючы меладычны звон з камля ў верхавіну (І.Шамякін). І лашчыў [звон] сэрца іх і вушы, І поўніў радасцю ім душы, Такі прыемны, мілагучны (Я.Колас). Чуваць, як аб галінкі хвой Сняжынкі б’юцца з мяккім звонам (Р.Барадулін). І месяц зазвоніць празрыстым звонам, Аж ходзіць рэха па цёмным лесе (П.Панчанка). Плыве прачысты звон суровы За жураўліным клінам дзён (В.Вярба). Зямля мая, мая краіна! Я чую твой прызыўны звон. Прымі ж хоць слова твайго сына — Не доўгі будзе твой палон (Я.Колас). Жучкі і конікі трашчалі І ў стройны звон свой зык злівалі (Я.Колас). А пад вечар навасёлаў Стогалосы чуўся звон (М.Калачынскі). І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працяжна... (Я.Колас). Угары над хвойнікам зялёным Снуюцца пчолкі з ціхім звонам (Я.Колас). Суцішна спалі дрэвы, росы, Калі данёсся часты звон (А.Пысін). Выбіўшыся з цеснаты, з гурту людзей... заміраючы ад працяжна-медзянога чыстага звону, што калыхаўся і высока плыў у небе, яна высунулася крышку наперад, каб бачыць гэтых прывабных дзяўчатак (В.Адамчык). Шматструнны звон штодзённых гукаў урываецца затым у вясковую вуліцу (А.Васілевіч). Званамі аглухлымі падаюць бэры На попел цяпельца любові і веры (У.Някляеў). Аднастайны, манатонны звон кроплі з неахайна закручанага крана... (М.Паслядовіч). [Лес] зачаруе глухім звонам глыбокай сваёй цішыні (М.Зарэцкі). З-пад “святога калодзежа” далятаў, як бы з разбітага чыгуну, нудны, гнусавы звон (Я.Колас). Дзесьці далёка раставаў і густы, што плыў, пераліваўся і трымцеў, цягучы звон (В.Адамчык). У няяснай прасторы асенняй раніцы плыў, пераліваўся кволы дрыготкі звон (“Беларусь”). Не звіняць жалезным звонам Цяжкія кайданы... (Я.Колас). Макрычны змрок. Іржавы звон. Стары сакрэтны бастыён (А.Вялюгін). Раптам птушынае курлыканне заглушыў металічны натужны звон (М.Гамолка). Не чутно пранізлівага звону матораў, толькі глуха татакаюць колы (А.Савіцкі). Хоць разбіты, хоць забыты [звон], — Для ўсіх зразумелы, І ад свету аж да свету Слухае свет цэлы (Я.Купала). Дождж ападае стрэламі на дах, Чуваць хаўтурны звон падраных блях (П.Панчанка). Цягучы, натужлівы звон у маёй галаве памалу аддаляецца (В.Быкаў). Сіні спеў жаўрука... Аранжавы звон... (У.Караткевіч). І зноў тоны заігралі Ў зачарованай жалейцы... Васільковым звонам лёну (М.Танк). Хіба ніхто з вас восенню не чуў, які стаіць над краем жоўты звон? (Я.Сіпакоў). Паверу, што зямля ў зялёным звоне, Памаладзеўшы, зноўку расцвіце... (М.Федзюковіч). Над зямлёй плыве малінавы звон (А.Грачанікаў). Я неба звон празрыста-сіні Над зелянінай так люблю (П.Броўка). Сінія кубкі азёр, Звон ручаёў серабрысты І ў берагах задуменных Ціхія плыні Дзвіны (П.Броўка). Доўга прыслухоўваўся чалавек да тонкага срэбранага звону і ўсё не мог уцяміць, ці наяве ён чуе яго, ці ў дрымотным сне далятаюць да яго меладычныя гукі (М.Лынькоў). У сваю мелодыю ён уплятаў... шум трапяткога лісця, сярэбраны звон ручаін (М.Гамолка). І быў [звон]... Срэбраструнны, златагукі (Я.Колас).

2. Пра ўражанне псіхалагічнае ўспрыняцце (звону): векавы, векапомны, ветлівы, вясёлы, думны, жывы, любоўны, малады, прыемны, пявучы, пяшчотны, радасны, развітальны, раздольны, родны, рытарычны, удалы, цудоўны, чароўны, шчаслівы  абрыдлы, балючы, гнеўны, грозны, жаласны, журботны, забыты, заклапочаны, захмялелы, маркотны, невясёлы, нудна-тоненькі, нудны, нясмелы, паганы, пакутны, смутлівы (аўт.), смутны, сумны, суровы, сцюдзёны, трывожна-набатны (аўт.), тужлівы, халодны, шчымлівы.

Мы адліць усё патрапім, Апроч звону векавога, Таго звону, які ўсе мы Роднай моваю завём (М.Танк). Шуміць, апавядае вёска Лістотай памяці вайны. І звоняць сосны і бярозкі, Як векапомныя званы (В.Вярба). Хвалі весела ветлівым звонам Набягаюць на бераг зялёны (А.Александровіч). Ляціць вясёлы звон з кацельняў... (К.Кірэенка). З глыбінь прыйшла, з глыбінь прынесла Нязмоўклы, думны, чысты звон Рачулка ціхая, як песня... (К.Кірэенка). Ходзяць па свеце людзі, Нібы званы жывыя (П.Макаль). У белай гушчы бязлікіх вішнёвых кветак да новай раніцы заціх любоўны, заклапочаны пчаліны звон (Я.Брыль). А за полем — агародам... Звон шырокі, Сэрцу родны... Малады (П.Трус). Ветру не было, а дрот бесперастанку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казка гэтых панурых лясоў і балот Палесся (Я.Колас). [Зіма] адступае ў невядомыя паўночныя далі, а наўздагон ёй імчыцца вясёлая пераклічка пералётных птушак, пяшчотны звон ручайкоў (Т.Хадкевіч). Люблю да забыцця... І развітальны звон лістоты (Я.Янішчыц). Часта меладычнасць верша падмяняецца рытарычным звонам... (М.Хведаровіч). Адазваўся песняй новай І панёсся стройнай мовай Чуткіх струн удалы звон (Я.Колас). Ад Слаўгорскіх бароў да шырокіх лугоў Перагону Не іду, а лячу я на крыллях чароўнага звону (К.Кірэенка). І быў сэрцам ён [звон] чуллівы. Срэбраструнны, златагукі, Успрымаў ён радасць, мукі, То маркотны, то шчаслівы... (Я.Колас). Вушы заклала абрыдлым, нудна-тоненькім звонам (В.Адамчык). Шоў тым месцам падарожны І спыніўся: чуе ён — Не то голас чый трывожны, Не то струн балючы звон (Я.Колас). Дакраніся, таварыш, да ўласных грудзей — Сэрца б’е гнеўным звонам (П.Панчанка). Пятроўскіх шабляў грозны звон, здаецца, чуўся мне заўсёды... (К.Кірэенка). Рана, жоўтае лісце, Са звонам журботным злятаеш, Рана сцежкі мае — Дарагія сляды — замятаеш! (П.Панчанка). Пад захмялелы звон цымбальных струнаў народу гаманіла паўсяла (Е.Лось). Чую звон я нудны, Рэдкі, невясёлы (Я.Колас). Я пазнаваў у хоры два галасы: грудное, мяккае кантральта і пяшчотны, нясмелы званочак. Гэта Наталька і сумавала, і рада была, што жыве (Я.Брыль). Звон пакутны, звон паганы Аддае стагнаннем (Я.Колас). Было ўжо адно адчуванне напятай, незразумелай пустаты і гэтага смутлівага і тонкага звону (М.Стральцоў). Сцюжа, Мяцеліца Сцелецца, Кружыць. Звонам Сцюдзёным Наліты прастор (А.Александровіч). І сціхне ліры звон тужлівы, Бо блізак захад той маўклівы... (Я.Колас). Трывожна-набатны... над зямлёй плыве... звон (А.Грачанікаў).

* Гуд-звон, заўцы-званы, звон-веча.

Гудам-звонам срэбна-медным Звоняць звоны на званіцы (Я.Колас). Як хмуран пагляд туманны, Як заўцы-званы. На няцвіўшыя паляны Леглі курганы (Я.Купала). [Ветры] Ускалыхніце сэрцам, каменным, Звонам-вечам ды ўсё полацкім... (Я.Купала).

Паведаміць пра недакладнасьць