ЗЛОСЦЬ. Агорклая, адвечная, адчайная, азвярэлая, атрутлівая, атрутная, безвыходная, буйная, бяззубая, бязлітасная, бяссільная, вар’яцкая, гарачая, глухая, горкая, грозная, дзікая, дзіўная, дурная, д’ябальская, жахлівая, жорсткая, жудасная, зайздрослівая, запальчывая, зацятая, заядлая, звярыная, з’едлівая, калючая, камарыная, кіпучая, ліхая, лютая, неадступная, нелітасцівая, нечалавечая, нудная, нязгасная, нямая, нястрымная, няўтольная, палкая, панурая, помслівая, прагавітая, прагная, пякучая, раз’юшаная, раз’ятраная, раўнівая, саладкаватая, салодкая, сляпая, страшная, тупая, халодная, чорная, шалёная.

І жыла яна [Люба] з гэтай адчайнай, агорклай злосцю на ўвесь свет (К.Чорны). Усярэдзіне [Касьяна] бушавала атрутлівая злосць (Ц.Гартны). Безвыходная, горкая злосць закіпае ў душы, і мне становіцца цесна і душна ў палаце (Я.Брыль). А дзяцюк ад буйнай злосці непрытомны, аж дрыжыць (З.Бядуля). Пырскае слінаю [вораг], грозіць нам згубаю І давіцца ўласнаю злосцю бяззубаю (К.Крапіва). Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго [Мікіты] безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэтая злосць, горкая, дзікая і дурная (Я.Брыль). Ці то слёзы з крыўды страшнай, Ці з бяссільнай злосці, Што к чужынцу без пытання прывялі ў госці (Я.Купала). Прыступ нейкай вар’яцкай злосці захоплівае яго ўсяго (Я.Колас). І таму я глытаю гарачую горкую злосць і, супакоены трохі, кажу: “Ну, хлопцы, будзем сцены разбіраць” (Я.Брыль). І злосць яе [Вользіна] на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць (І.Шамякін). Дзесьці цяжка плёскалася на дне глухая, чорная злосць (М.Лынькоў). Твар [Джуліі] зноў разгарэўся запальчывай злосцю (В.Быкаў). Зацятая злосць і глухата старой... захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце (І.Мележ). Яна заўважыла, якой звярынай злосцю бліснулі вочы Лукашыка (У.Дамашэвіч). Паны кідаюць маланкі з’едлівай атрутнай злосці на... усход (П.Пестрак). Мы ўсё разумеем — не толькі шэдэўры, Але і тваю камарыную злосць (Н.Гілевіч). Мучаідзе адчуў нейкую ліхую злосць... (Э.Самуйлёнак). Міця ў лютай, гарачай злосці пагнаў каня (В.Адамчык). Гэтая маўклівая дагадлівасць, неадступная, нелітасцівая злосць між імі [Імполем і Хрысцяй] узнікала ўжо не раз (В.Адамчык). У яе была толькі злосць немаведама на каго; нудная, яна, як чарвячок, тачыла Лідзіну істоту... (А.Чарнышэвіч). Калі нямая злосць дыхне з астрожных крат, Даволі сэрцу стукнуць гордым рытмам — І зернем залатым запырскае іскра, І змрок густы, пажарам загарыцца (В.Таўлай). Кіпела ў ім [Васілю] няўтольная злосць (І.Мележ). Млеючы ад саладкаватай помслівай злосці, думала, што, можа, і не вернецца [Імполь] у Дварчаны (В.Адамчык). Каб не раз’ятраная, сляпая злосць... такою ўжо дачка была б (В.Адамчык). На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна [Гелена] адразу справілася (У.Караткевіч). Ад тупой звярынай злосці [Рэдар] пачаў біць пасуду (І.Шамякін). Шалее неба ў чорнай злосці (Л.Дайнека). Везувія злосцю шалёнай Палохаў нас захад (П.Панчанка).

Паведаміць пра недакладнасьць