ЗОРКА (зоркі, зоры). 1. Пра велічыню, колер, яркасць; пра характар адсвечвання: агнёвакрылая (аўт.), агністая, агромністая, бахматая, белая, блакітнавокая (паэт.), блакітная, бліскучая, буйная, бурштынавая, бурштынашчокая (аўт.), залатая, зыркая (разм.), іскрыстая, квяцістая, крынічная, крыштальная, малінавая, махнатая, поўная, празрыстая, прамяністая, светлая, серабрыстая, сіняя, смугла-залатая (паэт.), ядраная, яркая, ясная (нар.-паэт.)  бледна-зялёная, бледная, бляклая; зіхатлівая, зорная, мігатлівая, нерухлівая, трапяткая, цёплая, чыстая  зябкая, пахаладзеўшая, сцюдзёная, халодная.

Зірні: палошчацца ў крынічаньках Агнёвакрылая зара (А.Звонак). Сонца ціха скацілася з горкі; Месяц белы заплаканы свеціць, Аглядае бахматыя зоркі... (М.Багдановіч). На белых зорах выраслі рамонкі, Вясною кожны топча іх і мне (А.Пысін). Блакітнавокія, бледна-зялёныя зоры ўрачыста паблісквалі ў вышыні (М.Лынькоў). Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй (Я.Колас). Буйныя зоркі залатымі вышыўкамі мігацелі ў прасторы, віселі ў бяздоннай вышыні (З.Бядуля). І нават чайка, што, як мы, шукае З-пад пенных хваль бурштынавыя зоры... такая, З якой спрачаўся ты на Мінскім моры (М.Калачынскі). Хусцінкай весняга кастра Мой смутак відніш, Аўкштайтыя, Бурштынашчокая зара (Р.Барадулін). У блакітнай высі, цёмна-сінім моры, Дагаралі зоры, Зоры залатыя (П.Трус). А зоры зыркія ірдзяцца, А песні з далечы плывуць (К.Кірэенка). Сажалкі... адлюстроўвалі ў сваёй глыбіні тысячы іскрыстых зорак, што весела мігцелі ўгары (А.Чарнышэвіч). А квяцістыя зоры... усыпаюць усё неба, дрыжаць, пераліваюцца колерамі вясёлкі (Я.Колас). ...Пад гэты халодны небасхіл, пад першую крынічную зорку на ім, да залатога іканастаса захаду прыйшлі людзі — мы (У.Караткевіч). Не шукайце красы за морамі, Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, — Прыяджайце да нас на Полаччыну (Г.Бураўкін). Адгаманіла лета на мове зор малінавых і кветак (П.Панчанка). Нібы ўпершыню ён [Міколка] бачыў і гэтае неба, і такія ж махнатыя зоры (М.Лынькоў). Даўно апусцілася ноч, высыпаўшы на неба поўныя зоры (Я.Скрыган). Над бярозамі віселі халаднаватыя і празрыстыя зоры (У.Караткевіч). Адзінокі курган заўважыў, што з недасяжнай нябеснай вышыні над ім свеціцца яркая, бліскучая, нібы дыямент, прамяністая зорка (Я.Колас). Я ім [жураўлям] кажу: ляціце, родныя, Па светлых пуцяводных зорах На нашы рэкі паўнаводныя, На неабсяжныя прасторы (М.Танк). Гэй, вольная песня, ляці ты На крыллях заранак і зор серабрыстых... (М.Танк). Калі ж сачыўся бледнаваты Зор сініх свет праз небасхіл І ўплятаўся вулак пыл, — Мы ўсе пяялі каля хаты (М.Багдановіч). Як зоры смугла-залатыя, Ў дакорах сыплюцца на снег (П.Трус). Неба, адразу ж пасля заходу сонца, расквечвалася, нібы пры салюце, густымі, яркімі і ядранымі зоркамі, што халаднавата ўжо, зырка глядзелі на зямлю (Я.Сіпакоў). Цвіце Кася на ўсю вёску Зоркай яснай (Цётка). Махнатыя зоры рабіліся бледнымі перад заравам (М.Лынькоў). Людзі, верце: ёсць у нас свае Зоркі зіхатлівыя ў Сусвеце! (К.Цвірка). Загараліся шляхі зорныя — Зоры зорныя над паласой... (М.Танк). Ападаў, цішэў вецер, праз мутную павалоку хмар дзе-нідзе праразаліся нізкія мігатлівыя зоры (Б.Сачанка). І ўсім добранька: раслінкам... І тым зоркам нерухлівым, І тым зоркам, што дрыжаць, І прасторам тым маўклівым, Што над зоркамі ляжаць (Я.Колас). Над Бугам грымяць і грымяць цягнікі, І сіняя плынь пагранічнага Буга, Не гасячы зор трапяткіх аганькі, То ворага твар адбівае, то друга (П.Панчанка). І цёплых зор касцёр Хай зіхаціць над нашай галавою (А.Звонак). Блішчаць зоркі, чыстыя, зыркія, нібы вымытыя ў расе (І.Навуменка). У ранішнім небе дрыжалі зябкія мігатлівыя зоркі (“Маладосць”). У небе зоркі ад марозу Пахаладзеўшыя дрыжаць (М.Багдановіч). А там, на радзіме, марозам убраны ў сцюдзёныя зоры стары медны бор (М.Танк). На вясеннім чыстым небе мільгалі далёкія халодныя зоры (Я.Колас).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (зоркі): адвечная, бяздонна таямнічая, вечная, квяцістая, маладая, мудрая, неатухлая (разм.), незгасальная, непагасная, нязгасная, нясмелая, пахучая (аўт.), пуцяводная, спелая (паэт.), таемная, трапяткая, ціхая, шчаслівая  адзінокая, баязлівая, безнадзейная, бяздумная, далёкая, забытая, завялая, задуменная, змрочная, колкая, маркотная, маўклівая, неасцярожная, недасяжная, нервовая (аўт.), неспакойная, самотная, сонная, спакойная, сумная, хлуслівая (аўт.).

Між зорак адвечных нязгаснай і новай Заззяла ты [слова] зоркаю... (А.Александровіч). А ноччу, калі Руневіч, стоячы, на варце, многа, па-чалавечы думаў пад вечнымі, і ў кнігах апісанымі, і ўсё ж бяздонна таямнічымі зоркамі, — метраў за дваццаць ад яго паста свяціла вокнамі, спявала скрыпкамі афіцэрскае казіно (Я.Брыль). А квяцістыя зоры, бы дыяменты, усыпаюць усё неба (Я.Колас). Ходзіць месяц, выглядае: Дзе ты, зорка маладая? (Н.Гілевіч). У вочы мудрым зорам глянуць уладары касмічных трас (Л.Дайнека). І лёгка забрысці Па неатухлых зорах У неба ў забыцці... (Р.Барадулін). Тры бярозы шумяць Пад зарой незгасальнай, Тры бярозы Чацвёртую ўспамінаюць (М.Танк). І ўзыходзяць Над лесам Пражытых табою гадоў Непагасныя зоркі Законаў бацькоў і дзядоў (Г.Бураўкін). Неба на ўсходзе пацямнела, на ім заблішчалі першыя, яшчэ нясмелыя, бледныя зоркі (Т.Хадкевіч). І жнівеньскія зоры пахучыя, як дыні, Сінія, нібыта верасы (Г.Бураўкін). Ледзь пуцяводныя зоры відаць (М.Танк). Зоры спелыя навіслі густа (А.Вялюгін). Зоркі таемныя, зоркі далёкія Ціха мігаюць, дрыжаць (Я.Колас). Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім (І.Сіўцоў). Ціхія зоркі пераліваліся дзіўнымі агнямі розных колераў (Я.Колас). Тваё нараджэнне шчасліваю зоркай Адзначана ў небе высокім (Н.Гілевіч). Я толькі гляджу ў неба. Там прарэзалася і блішчыць маленькая адзінокая зорка (В.Быкаў). Баязлівая зорачка загарэлася ў небе над непрывычна прыціхшай вёскай і зазіхацела (В.Гарбук). Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба (К.Чорны). Неба, спакойнае і лагоднае, свяцілася бяздумнымі зоркамі (І.Чыгрынаў). Ляцяць мае думкі Да нейкае зоркі забытай, Маўклівай... (У.Някляеў). Хай ранак збірае ў чырвоны прыпол На ўсходзе завялыя зоры (М.Арочка). На небе мігцелі вялікія колкія зоркі, марознае паветра дыхнула бадзёрасцю (С.Грахоўскі). А над лесам цёмнае неба ды маркотныя задуменныя зоркі (З.Бядуля). З неба асенняга ноччу Неасцярожная зорка, як светлячок, заляціць (М.Танк). І было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор (Я.Колас). А ў вышыні — Зірні: Нервовых зор табло! (Р.Барадулін). А яны, неспакойныя зорачкі, кожную ясную ночку будуць свяціць сваім немяцежным бляскам (Я.Колас). На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка (В.Быкаў). І скалы над вадой звісалі, нібы шторы, Чарнелі сонныя на гарызонце зоры (С.Шушкевіч). У галодных вачах ваўкоў мігцяць, пераліваюцца водбліскі далёкіх сумных зор (М.Лынькоў). Начныя хлуслівыя зоры, Вялікі ўстрывожаны свет... (П.Панчанка).

* Агеньчыкі-зоркі, агняцветы-зоры, дружкі-зоры, зорка-заранка, зорка-знічка, зорка-поўня, зоркі-каралі, зоркі-сёстры, зоркі-спарышы, зоры-сведкі, зоры-стажары, іскрачкі-зоркі, краска-зорка.

[Неба] заззяла тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў-зорак (Я.Колас). Аддам сягоння ўсё За агняцветы-зоры, За любы, родны край, Так сэрцу дарагі! (П.Трус). А дружкі-зоры штось пяялі Аб шчасці вечнага кахання (К.Буйло). Не крыўдзі, Сонца, нашу расіянку, У тваю сям’ю прыйшла яна дачкой, Падобная на зорачку-заранку, Што ўсходзіць над стагамі за ракой (А.Пысін). Ты не знікнеш зоркай-знічкай — Дай жа, дай мне слова (А.Бачыла). Сее зорачкі-каралі Млечны пас (Я.Колас). Паплыву я між бяроз За імглістай зоркай-поўняй Ў срэбры палыновых рос (В.Вярба). А дзве зоркі смяюцца... Яснакосыя, шустрыя зорачкі-сёстры (К.Буйло). Схаваўся месячык за дрэвы. Мільгаюць зоркі-спарышы (Г.Бураўкін). Як жывыя, зоры-сведкі У нябеснай у купелі, Патанулі далі ў белі, Засвяціліся палеткі (Я.Купала). Ажываюць аблогі-імшары, Загараюцца зоры-стажары, Асвятляюць вялікі паход (Я.Колас). На марознай шыбе зіхацелі радасныя іскрачкі-зоркі (І.Мележ). Дзе ты, краска-зорка ясная? Між народу ты свяцілася (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць