КЛЁН. 1. Пра вышыню, гушчыню, характар ствала, узрост; пра колер (клёна): высокі, густалісты, густы, кучаравы, лапчаты, малы, разгалісты, разложысты, раскідзісты, росла-разложысты, рослы, статны, стройны, стромкі, тонкі, тоўсты  голы, стары; барвовы, жаўталісты, жоўты, залаты, залацісты, зялёны, пунсовы, чырвоны  чорны.

Быў густалістым клёнам гэты цень — І мы з ёй лівень тут перачакалі... (Н.Гілевіч). Пад самымі вокнамі школы аб чымсьці шапталіся два густыя кучаравыя клёны (А.Пальчэўскі). Хутка Прымацкі прайшоў паўз малады калгасны сад, агароджаны густой сцяной лапчатых клёнаў (І.Сіняўскі). Каўпак сеў на лавачку пад старым разгалістым клёнам (У.Краўчанка). І пад росла-разложыстым клёнам, Дзе шумелі галіны густыя... Абняліся паўстанцы-браты (П.Трус). Схвачана бярозка полымем зялёным, Трапяткая ўстала перад стройным клёнам, Мусіць, спадабаўся, белай, клён прыгожы... Ззяе ў сонцы лісцем, статны і высокі, Сіла веснавая ў жылах гоніць сокі (К.Буйло). Ужо і стромкія клёны, і... дубы, і галасістыя песні птушак, што ўсё некуды плывуць і плывуць у паднябессі, здаюцца непатрэбнымі, лішнімі... (Б.Сачанка). І гарыць, як свечка, Тонкі клён барвовы (В.Вярба). Ляцяць лісты і павуціна, Барвовы дагарае клён (С.Грахоўскі). Водбліскі цьмянага сонца залацяць голле жаўталістых клёнаў (А.Звонак). Вынесем лаўкі пад клён залаты, Сядзем за стол (К.Буйло). Глянь! Адлятае апошні Ліст залацістага клёна (М.Танк). На ўзбярэжжы пунсовыя клёны І суровыя сосны маўчаць (С.Грахоўскі). Злятае ліст на дол настылы З чырвоных клёнаў і калін (С.Грахоўскі). Добра было слухаць, як шуміць голы клён каля акна (К.Чорны).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (клёна): гаманлівы, гутарлівы, дзівосны, дзіўны, задуменны, задумны, калёны, крылаты, лёгкі, мілы, напеўны, паспакайнелы, прыгожы, пяшчотны, родны, самы лепшы, юны  абгарэлы, гарэлы, згалелы, змрочны, маўклівы, нямоглы, нямоцны, пахілы, самотны, сумны.

Вяне клён гаманлівы. Ні хмурынкі ўгары (Г.Бураўкін). Дзівосны клёнік гутарлівы лапоча пад маім акном... (“Маладосць”). Хай ён [ліст] знойдзе цябе і раскажа няхай, Як з маіх не выходзіш ты думак і сноў, Як ірвецца душа мая ў бацькаўскі край Да сцюдзёных крыніц, да задумных кляноў (К.Кірэенка). Табе асветляць шлях праз гушчары Калёны клён І ясень ясны ўночы (Р.Барадулін). Загарыцца полымна над хатай клён наш мілы, лёгкі клён крылаты (К.Буйло). Журавінкай ірдзее пэўнасць: Застанецца па наснапеўным Лёгкім клёнікам — цень радка (Н.Мацяш). Паспакайнелы, вунь імгліцца Празрыстай беллю чорны клён (М.Стральцоў). Мусіць спадабаўся белай [бярозе] клён прыгожы... (К.Буйло). Вось урэшце і яе родны клён (М.Лынькоў). А дзеці выбралі Ліпе самы меншы і самы лепшы клёнік (Я.Брыль). І вечарамі юны клён ля ганка Мне тры гады ківаў, як сваяку (Г.Бураўкін). Грыша знясілена прыхінуўся да абгарэлага клёна... (К.Кірэенка). Гарэлы клён схіліўся да паркану (Я.Колас). Калі ён [Васіль] знайшоў вуліцу Чкалава, Лідзіну вуліцу, то яшчэ здалёк убачыў нямоцны, згалелы клён і драўляны дамок з парканам (І.Мележ). І вось-вось шугануць, як прыбой, Словы ўскінуць да сонца далоні І прарэжуцца самі сабой, Як лісты на маўклівым клёне... (Г.Бураўкін). Пахілы, старэнькі аб нечым гадае, Аб нечым гадае... клён (А.Звонак).

Паведаміць пра недакладнасьць