КЛОПАТ (клопаты). Адвечны, бацькоўскі, бескарыслівы, вечны, выключны, высокі, вялікі, гарачы, добры, доўгі, жыццёвы, ласкавы, мацярынскі, надземны, надзённы, найвысокі, найвялікшы, неадступны, немарудны, нехапаткі (разм.), няспынны, нястомны, паважны, прыемны, пяшчотны, сардэчны, смешны, спрадвечны, цёплы, чулы  абразлівы, будзённы, будні, дробны, журботны, згрызотны (разм.), мізэрны, мітуслівы, невыносны, нікчэмны, пакутлівы, пусты, пякучы, сумны, цяжкі.

Гэта спраўлялі бацькі свой адвечны клопат па гаспадарцы, гатавалі ўсё патрэбнае ў дарогу... (Я.Лецка). З бацькоўскімі клопатамі... сабралі Багуцкага ў цяжкую дарогу (М.Лынькоў). Зноў ты, маці, прада мной: Бачу я тваё старанне, Бачу вечны клопат твой (А.Пысін). Праверка сшыткаў, ведала Ганна, — доўгі клопат (І.Мележ). У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці (Я.Скрыган). Потым дарогі іх разышліся... іх галасы перасталі гучаць, паглынутыя дробнымі жыццёвымі клопатамі (М.Лынькоў). Найвялікшым сваім клопатам яна лічыла зберагчы ад гэтай страшнай навалы сваю дачку... (М.Лынькоў). [Багдан] З радасным здзіўленнем прыгадаў ласкавы Чэсін клопат, і развітанне, і трывогу (А.Савіцкі). Зноў дубы на маўклівай сяўбе. І ў мяне ёсць свой клопат надземны. Часам я адчуваю сябе Вартавым, што чакае ўсё змены (А.Пысін). Усё ў чалавеку, што робіць яго чалавекам: І памяць, і клопат надзённы, і мараў разбег (Н.Гілевіч). Будзе ў ёй [песні] пра шлях далёкі, пра прастору пад крылом і пра клопат найвысокі аб гняздзечку пад акном! (Е.Лось). Вясна... Каму вясна, а яму толькі яшчэ большыя турботы, нястомныя клопаты (М.Лынькоў). Алесь на дзеле пераканаўся, Што ён дарэмна марнаваўся І што ўжо больш няма збавення, Як толькі ўзяцца за вучэнне, Як гэты клопат немарудны (Я.Колас). Днём Курані былі ў будзённым, нехапаткім клопаце (І.Мележ). Думкі яго [лорда] былі заняты больш паважнымі клопатамі (М.Лынькоў). Гаварыць тут пра сардэчныя клопаты, пра Васіля нельга было... (І.Мележ). Былі, напэўна, недарэчы І словы тыя неўпапад, І смешны клопат той хлапечы Аб лёсе дзедавых прылад (А.Пысін). Яшчэ адно лета, адно з многіх, якія ўжо зведалі ў спрадвечным клопаце Курані (І.Мележ). Яе мацярынскі, чулы і пяшчотны клопат паставіў у строй не аднаго байца (“Беларусь”). І мой будзённы, мой згрызотны клопат, Што не даваў зірнуць ушыр і ўвысь, Сарваўся ўміг і адляцеў кудысь... (Н.Гілевіч). Валіны клопаты здаліся Юру абразлівымі (У.Карпаў). Дзяцел сеяў чорнае насенне, А ў мяне журботны клопат быў... (А.Пысін). Адзінаю ўцехаю былі дзеці; неадступныя былі клопаты аб іх здароўі... (У.Дамашэвіч). Над палеткам загінуў сум непатрэбнай самоты, смутак мізэрных клопатаў (П.Глебка). Адкінь нікчэмны мітуслівы клопат І не вагайся: “Быць або не быць” (С.Грахоўскі). Мама мая — паэтэса Са шчымлівай грудною песняй, З клопатамі пякучымі (Я.Янішчыц). І ў яго з душы спаў яшчэ адзін цяжкі клопат (В.Адамчык).

Паведаміць пра недакладнасьць