Першая лёгка ішла агністая і хлёсткая... кабыліца Зорка (М.Ракітны). Праплыла яшчэ палоска дня Белым крыллем спуджанай лябёдкі, Белай грывай быстрага каня (Я.Янішчыц). Партызан гаворыць у адказ: — Выпраўляла мяне ў грозны час, Зброю мне ўручала і да дня Асядлала вернага каня... Родная краіна — маці мая! (М.Танк). Каня гарачага без жалю Аддай другому, здатнаму ў яздзе (С.Грахоўскі). Хлапчук падганяў гуллівага каня (К.Чорны). Ды хай адкажа час, каго нясе ў сядле той конь імклівы... (Т.Бондар). І конь крылаты ад Парнаса Мой дух імчыць... (М.Багдановіч). — Можа, чым памагчы? — спытаў ён [Імполь], ужо адымаючы ад цугляў руку і даючы свабоду нервова-чуйнаму каню (В.Адамчык). Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані (Я.Колас). Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней (І.Дуброўскі). На падмогу... падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня (М.Машара). Конь быў ліхі, натурысты, але прадавалі танна, і Стручок паквапіўся на яго (І.Мележ). Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў каваля станавіліся рахманыя, спакойныя, пакорлівыя (У.Дубоўка). Яўхім... дужай рукой прыпыніў неслухмянага каня (І.Мележ). Неўтаймаваныя нясуцца коні (В.Вярба). Чый быў конь нестрыманы, золатам падкаваны? (Л.Геніюш).
2. Пра ўкормленасць, стан каня; пра яго ацэнку: аўсяны (аўт.), гладзенькі, гладкі, дужы, кругленькі, малады, моцны, сыты, укормлены запараны, напуджаны, спуджаны, сухарлявы, узмылены, худы; баявы, добры, залаты, зграбны, легендарны, пародзісты, фарсісты, цягавіты малы, марны, нявідны, нядошлы, нязграбны, няўклюдны, пануры.
Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя... (У.Караткевіч). Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе (І.Мележ). Конік, малы, кругленькі, гладзенькі і вельмі цягавіты... (Э.Валасевіч). Малады ўкормлены конь бег шпарка, спяшаючыся да цёплага даху (“Маладосць”). Добра, што пад’ехаў ротны повар На рудым запараным кані (П.Панчанка). І ўслед за спуджаным канём — Чарнавалосы і бялёсы — Імчаць падлеткі... (Г.Бураўкін). Сухарлявы конь... ледзь мог цягнуць плуг (В.Каваль). На пачатку мая прымчаў на ўзмыленым кані ганец (У.Караткевіч). Хто табе ранюсенька да дня Баявога асядлаў каня? (М.Танк). У Кірылы добры коні, Бо Кірыла — галава!.. (Я.Колас). Гэй вы, коні, гэй малыя! Што заснулі? Весялей! Гэй, у скочку, залатыя! Варушыцеся жывей! (Я.Колас). Легендарныя коні і світкі — Ўсё разбуджана гулам зямлі (Я.Янішчыц). Коні, коні, дзе вы, коні,... зграбныя, фарсістыя (Е.Лось). Порскаюць, тупочуць нагамі нявідныя коні (М.Гарэцкі). Пан Францішак... корпаўся ў гаспадарцы з адным нядошлым канём (Я.Брыль). Гэй, варушыцеся, коні панурыя, Досі ўжо працы, бо сонца зайшло! (М.Багдановіч).
3. Пра масць каня, яго грыву, грудзі і г.д.: белагрывы, буланы, буры, вараны, галавасты, гняды, грудасты, грывасты, залатагрывы, калматы, кары, кашлаты, каштанавы, мышасты, папялясты (разм.), пярэсты, руды, сівенькі, сівы, стракаты, чарнагрывы слепаваты, сляпы.
Мой конь белагрывы, нясі мяне ў поле, Дзе воля, дзе вецер... (“Маладосць”). І — заспявалі пра лябёдачку, Пра коней вараных (А.Пысін). Прывязаны да плоту, стаяў нязграбны галавасты конь (І.Мележ). Трызніць ён [франтавік], што ляжыць у шпіталі, І смыляць яго раны агнём, І не ведае — танкам падмялі Ці стапталі грудастым канём (А.Пысін). Я распрагаў кашлатага грывастага коніка... і пускаў на пакос (Б.Сачанка). У садзе залатагрывы конь пасецца (А.Якімовіч). Дрэвы схавалі ад Чэсіных вачэй і поле, і кабету, што кіравала каштанавым канём (В.Адамчык). Патрошку цюхціў кары конь, бразгаючы банечкаю па дузе (М.Гарэцкі). Дзіцячы смех не звініць на лёдзе, а сялянскія калматыя конікі не праводзяць па снежных абшарах прыбярэжжа ранейшых “зімнікаў”. ...Граніца (З.Бядуля). ...Хлапчук... круціць над галавой лейцамі і пакрыквае на кругленькага мышастага, чарнагрывага коніка (М.Ракітны). — Гэй, мой конік! Гэй, мой сівы! Ну яшчэ, маленькі! Варушыся, гэй, не бойся, Конік мой сівенькі! (Я.Колас). Я луг шкадавала за тое, што косяць касою... Шкадавала канька сляпога... (Е.Лось). Цягнецца араты за сахой крывой, Конік слепаваты трасе галавой (Я.Купала).
* Конь-валах, конь-скакун.
Яшчэ поўнач, — петухі Першыя не пелі, Твае коні-валахі Сена не паелі (Я.Купала). Прысніўся Дубягу ў абозе сон, Што ў родную хату прыехаў ён. Спыніў каля брамы каня-скакуна... (М.Танк).