КРЫНІЦА. 1. Пра колер вады, яе чысціню, тэмпературу, характар цячэння (інтэнсіўнасць, наяўнасць гукаў і г.д.); пра ўздзеянне крынічнай вады на чалавека: агнявая, блакітная, вогнемгненная (аўт.), іскрыстая, крыштальная, люстраная, празрыстая, светлая, сіняя, срэбраводная (аўт.), сярэбраная, шклістая; ламоткая (разм.), свежая, сцюдзёная, халодная, чыстая; бруістая, буркатлівая, бурлівая, быстрая, вечна гаманлівая, гаманлівая, жвавая, звонкая, кіпучая, невычэрпная, пявучая, шпаркая  вечна неспакойная, дымная, жвірыстая, неўгамонная, неўтаймаваная, ціхая; гаючая, жывая, жыўчая (разм.).

Бурліць крыніца агнявая... (Я.Колас). Дай вось толькі прагнаць чужаніц Ад шырокіх дарог, ад блакітных крыніц, Каб пазваць на вяселле я мог землякоў, Каб мы жыць распачалі ля родных дубоў (П.Панчанка). І вось жахнула бліскавіца, Як вогнемгненная крыніца... (Я.Колас). Чаму ж ты, крынічанька, Светлая, празрыстая, Вечна гаманлівая, чыстая, іскрыстая? (А.Русак). Там цішыня, прахалода, крыштальныя лясныя крыніцы (М.Гамолка). Стаў пясочак, як вадзіца люстранае крыніцы (У.Дубоўка). Я... крыніцай на золку стала... Там пілі мяне светлую, сінюю... Рукамі, што пахлі бензінам, распырсквалі — гаючую — на пяскі, на травы калючыя (Д.Бічэль-Загнетава). Яны ж [песні] пра мілыя і гэтакія родныя нябёсы і крыніцы срэбраводныя... (У.Карызна). Слухаюць смехаў русалчыных, Лопату крылляў начніцы... Плюскату шклістай крыніцы (Я.Купала). Не ведае стомы Узбор’е... П’е жніўнем з ламоткіх крыніц (В.Зуёнак). Паводка змые берагі, Як хлыне свежая крыніца (Я.Колас). Хутка пойдуць дзяўчаты грамадою вясёлай, Каб з крыніцы сцюдзёнай чэрпаць вёдрамі золак (М.Танк). Эх вы, песні, мае песні З ніў, з дуброў цяністых, Ад сярпа, касы, сякеры, Ад крыніц бруістых! (М.Танк). Дзень добры, буркатлівая крыніца... (Я.Янішчыц). Вясною са мною дамоў Вяртаюцца птушкі ізноў. І кожная з іх пакрысе Што-небудзь з сабою нясе. Жаўрук — звон бурлівых крыніц... (М.Танк). Чаму ж ты, крынічанька, Быстрая, кіпучая, Вечна неспакойная, Звонкая, пявучая? (А.Русак). Паэзіі плысці ракой, Цячы крынічкай жвавай, Як на вяселлі маладой, Заўсёды быць цікавай (П.Броўка). І тваіх [краіны] невычэрпных крыніц Не запыніць чужая навала (Я.Колас). Замёрзла ноччу шпаркая крыніца (М.Багдановіч). З дымнай крыніцы коні пілі ахвотней, як з вядра... (В.Карамазаў). Я выпечан з такога цеста, Што толькі ў нашай старане Яго ўсчынялі ў пушчы сіняй Пад булькат жвірыстых крыніц (Г.Бураўкін). Неўгамонныя тры крыніцы б’юць, З першай — саснякі баравыя п’юць, А з другой, крутой, веснавой бруі, Галасы свае мыюць салаўі (М.Танк). На дне яра зеленавата-сінімі плямамі пракідаецца зусім свежы, яшчэ не пераможаны снегам лядок неўтаймаванай крыніцы (Я.Брыль). Крынічкі, ціхія крынічкі, Як я люблю вас... (К.Кірэенка). Зачэрпай жа сілы з гаючай крыніцы, З зямлі нашай, горам спавітай! (Я.Колас). Белыя ліпы здалёку прыйшлі, Іх напаілі жывыя крыніцы Сілай і водарам шчодрай зямлі (С.Грахоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (крыніцы): вольная, вясёлая, дзівосная, задуменная, зацікаўленая, здзіўленая, радасная, разбуджаная, родная, сарамяжлівая, скромная, стомленая, сумная, таямнічая.

Звонкая песня вясёлых крыніц, Памяці горкай не кратай (А.Бачыла). Зашумела, забурліла вольная крыніца... (Я.Колас). Дзівоснай гаманліваю крыніцай вітае нас радзімы край... (“Маладосць”). Да задуменнае крыніцы, яе крыштальнай чысціні, раўнуй мяне да навальніцы, да завірухі, цішыні... (В.Жуковіч). — А што можа рабіцца ў зямлі? — спытала здзіўленая і зацікаўленая крынічка (Я.Колас). Дарогаю зары вяртаюся ізноў... У перашум і звон разбуджаных крыніц (М.Танк). Трэба пра ўсё гэта новая песня, Песня, у якой бы краіна мая Чула шум родных крыніц напрадвесні, — Голас сірэны і свіст салаўя (М.Танк). Але крынічка была такая скромная, такая сарамяжлівая, што нават не зварачала ўвагі на сябе самую і ніколечкі не ганарылася сабой (Я.Колас). Але, каб мог, як мог калісьці, І я пабегчы басанож, — З табой і я б там ладзіў выйсце Крынічцы стомленай у Сож (К.Кірэенка).

* Вакалісты-крыніцы, дзіва-крыніца, ключык-крыніца, крыніца-жывіца, флейта-крыніца.

Прайдзі берагам паўз рэчку — здзівяць, а то і хораша збянтэжаць цябе сваім звонам і спевамі вакалісты-крыніцы і крынічкі (Ф.Янкоўскі). Самая чыстая ў свеце бруіцца Слова народнага дзіва-крыніца (В.Жуковіч). Не змаўкаючы звіняць Ключыкі-крыніцы (А.Звонак). Там крынічак-жывічак няма, бо няма і такога сасонніку, дзе б лавіць між галінак сонейка (Д.Бічэль-Загнетава). Пералівам флейты-крыніцы Альшанік пяе без устанку (П.Пестрак).

Паведаміць пра недакладнасьць