ЛЁС . Стыхійны, незалежны ад волі чалавека ход падзей.

1. Пра ўдалы, шчаслівы, добры лёс: бяскрыўдны, выдатны, высакосны (аўт.), высокі, вялікі, гарэзны, дзівосны, дзіўны, добры, зайздросны, зорны, літасцівы, нечуваны, новы, паблажлівы, ружовы, светлы, слаўны, спагадлівы, шчаслівы, ясны.

За прагай перамены Сачу бяскрыўдны лёс (В.Вярба). Ізноў чалавек у космасе... Дзень добры, мой лёс высакосны! (П.Макаль). Простая сялянка ўпэўнена ішла насустрач свайму высокаму лёсу (ЛіМ). Вялікая і святая зямля Сонцам раны залечвала без пакут, Спакваля. Залівалася краскамі, што даўно не цвілі, Найчысцюткімі зернямі засявала палі І, расой ападаючы на суквецці бяроз, Песняй жаўранкаў славіла дзіўны свой лёс (К.Кірэенка). У кожнага аўтара свая дарога і свой лёс. У адных ён — добры, спагадлівы... (А.Бачыла). Добры лёс паслаў... [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам (К.Чорны). Можна страціць усё, Што нажыць давялося, Можна ўсё да апошняй драбніцы, аддаць І яшчэ ўсміхнуцца гарэзнаму лёсу... (Н.Гілевіч). Ці зайздросны мой лёс? (Н.Гілевіч). Якім законам сэрцы навучыць, Каб надарыла доля зорным лёсам? (Н.Тулупава). Літасцівы мой лёсе, Падары мне вясну І даспелую восень, Туманы і агонь лістпападу (С.Грахоўскі). Не, не бінты мае, не раны Сабралі люд, — то бачыў я, — А лёс мой дзіўны, нечуваны (К.Кірэенка). І зноў нам свеціць ранак малады, Свой новы лёс народ упарта творыць (Н.Гілевіч). Лёс, які дагэтуль наносіў яму [Сымону] удары, стаў больш паблажлівым (Э.Самуйлёнак). Яна ж [ружа], хаваючыся ў вецце, Захоўвала духмяны цвет. Люляў яе ружовы вецер, Ружовы лёс, ружовы свет... (П.Макаль). Мой родны Мінск, табою ганаруся І слаўлю твой шчаслівы, светлы лёс (П.Прыходзька). Яго [Таўлаевым] напевам выпаў слаўны лёс: Набатным рэхам прагучаць над краем (М.Танк). Зямля, зямля! Шчаслівы лёс Таго, хто твой араты (А.Пысін).

2. Пра непастаянны, непазбежны, цяжкі лёс: балесны (разм.), бядачы, бязлітасна-суровы, бязлітасны, бязрадасны, вайсковы, гаротны, глыбінны (аўт.), горкі, жорсткі, здзеклівы, здрадны, капрызны, круты, люты, незайздросны, неласкавы, нелітасцівы, неразгаданы, нялёгкі, няўмольны, паганы, пакутны, паламаны, пасляваенны, помслівы, свавольны, суровы, трагічны, трывожны, фатальны, хцівы, цяжкі, чорны.

Упляліся ў Ваш [Купалы] балесны лёс Шыпы і ружы (Я.Янішчыц). Марынка часта па-дзіцячы На свет глядзела, на людзей, І не туманіў лёс бядачы І новы дзень яе вачэй (Я.Колас). Але яму [хлопцу] дастаўся лёс — не, не бязлітасны суровы (В.Жуковіч). Знаеш душы беларускае рану, ведаеш лёс нашай мовы гаротны (В.Жуковіч). Хаваеш стомленыя рукі, Талкуеш мне пра сенакос. ...Але на мне свінцовай мукай Адбіўся твой глыбінны лёс (Я.Янішчыц). І нікому не вядомы Будзе лёс твой горкі. І не ўчуюць спеў знаёмы Родныя пагоркі (Я.Колас). Лёсе мой жорсткі! Калі ж ты дазволіш мне зноў убачыць першыя мэндлі на ўзгорку за роднаю вёскай... (Я.Брыль). Як бы ні аддаляўся Адам Ягоравіч ад радзімы, здзеклівы лёс прыводзіў яго толькі сюды (М.Стральцоў). Здрадны лёс Яшчэ адно прыбавіў гора, Яшчэ адзін жалобны след (А.Бачыла). Сяголета ў дзень лістападны, Капрызны лёс, вайсковы лёс, Мяне па справах неадкладных Да Івацэвічаў занёс (А.Зарыцкі). Усё, што маю, усё ад маці — Усмешка, першы боль да слёз, І асцярожны крок па хаце, І мой круты, нялёгкі лёс (С.Грахоўскі). Песні суровага і незайздроснага лёсу, Але якія не ведаюць старасці, зносу (М.Танк). Наш неласкавы лёс судзіў і яму [Міцкевічу] назваць яе [Беларусь] афіцыйна, на мове ўладароў, Літвой (Я.Брыль). Нелітасцівы быў наш лёс, браты... (Н.Гілевіч). Маці будзе да зары тужыць... Аб маім неразгаданым лёсе Паспрабуе ўрэшце варажыць (М.Аўрамчык). Мой мілы сын, мая Маруся! Нас разлучыў няўмольны лёс (Я.Колас). І ціха скардзілася потым Яна [яблыня] на свой паганы лёс (П.Панчанка). Баліць душа, засмучаная горам, За лёс пакутны твой баліць... (А.Бачыла). А я ці дарую вайне за бацьку, За мамін, такі паламаны лёс (Т.Бондар). Мая вясковая хаціна, Пасляваенны горкі лёс! Прымі мяне, бадзягу-сына, У цёплы цень сваіх бяроз (Г.Бураўкін). Можна ўсё да апошняй драбінкі аддаць Ды яшчэ і ўсміхнуцца свавольнаму лёсу (Н.Гілевіч). Ён [Сяргей Пятровіч] глядзіць на асколак прапелера, на патрушчаны, пабіты кавалак лакіраванага дрэва. Дарагая памяць баявой машыны. ...Дарагая памяць згубленых крылаў... Трагічны лёс старадаўняга Ікара... (Э.Самуйлёнак). Туманам ранішняга плёса, Смугой і золатам грады Вітаюць сны трывожным лёсам Загадкавыя гарады (В.Вярба). Нібы праклён самога свету, Ён існаваў, фатальны лёс (А.Бачыла). Паў у прошласць гнёт суровы, Цяжкі лёс жанок (Я.Колас).

Паведаміць пра недакладнасьць