ЛЮБОЎ. Пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці; каханне: абноўленая, адданая, адзіная, братэрская, бязмежная, вялікая, гарачая, кроўная, ласкавая, моцная, нязменная, прасветлая, прыгожая, радасная, самаадданая, сардэчная, светлая, святая, сыноўняя, трапяткая, узнёслая, усемагутная, усеўладная, чыстая, шчаслівая, шчырая  горкая, горная, дурная, злая, маўклівая, неадчэпная, неспатольная, сарамлівая, сумная, трывожная, тужлівая.

Хачу абноўленай і чыстай Аддаць людзям любоў сваю (А.Пысін). Як гаючы бальзам, п’ю твой вецер ласкавы І шапчу табе [Беларусі] слова адданай любві (Г.Бураўкін). Пайду, шукаючы справядлівасць — Любві адзінай, нязменнай (В.Вярба). Мы дружбы народам жадаем І шчырай братэрскай любві (А.Бачыла). Вялікая любоў вяла гэтага чалавека [Язэпа Драздовіча] па роднай зямлі (А.Ліс). Дамоў Янук ледзь, змораны, дайшоў: Мо давяла гарачая любоў Да волі, да Раіны (М.Танк). Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай (Н.Гілевіч). Нарадзілася дачка, і сэрца загарэлася новым пачуццём... самай моцнай любві — любві маці (І.Дуброўскі). Перамагла прасветлая любоў! Яго [Кузьмову] дачку, кірпаценькую Зінку, Са Стрыбуком убачылі ізноў (Н.Гілевіч). Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця Хоць па кроплі малой ад цябе — Працавітасці шчырай тваёй, І сардэчнай любві і спагады (Н.Гілевіч). Любоў да роднага краю, да мовы свайго народа — самая светлая і святая робіць чалавека сапраўдным грамадзянінам (ЛіМ). Радзіма мая дарагая, Ты ў шчасці жаданым жыві! Я сэрцам табе прысягаю У шчырай сыноўняй любві (А.Бачыла). Я маю шчасце быць маленькім сціплым сведкам шчырай любові да вялікага сына Расіі [Лермантава]... (Я.Брыль). Пагодны май і светлыні даволі. Святочны май. І свята пірагоў. Ды ўбачу, як расце яшчэ на полі Наш горкі хлеб І горкая любоў (Я.Янішчыц). Радзіма, Радзіма, Зямля маіх продкаў... Сціскалася сэрца ад болю салодкага, Ад горнай любові, пазнанай спярша (А.Звонак). Ні праклёны, ні грозьбы не давалі палёгкі; хоць не ведаў гэтага, любіў яе [Ганну]... па-ранейшаму любіў дурной, як хвароба, неадчэпнай любоўю (І.Мележ). На лузе, нібыта на свяце, Стаю ў неспатольнай любві... (Я.Сіпакоў). Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў (П.Панчанка). Паўторыць тысячы разоў Імя адной адзінай, Яна, усеўладная любоў, Душ юных гаспадыня (А.Звонак). Я спадзяюся на сяўбу, На кожны лісцік новы, На залатую малацьбу Трывожнае любові (Я.Янішчыц).

* Круча-любоў.

А ці ты выстаіш, круча-любоў, Тая, якой мы баімся і самі (Я.Янішчыц).

Паведаміць пра недакладнасьць