МЕЛОДЫЯ. Арганная, безупынная, бесклапотная, бестурботная, бурная, велічная, вольная, гордая, гучная, дзівосная, дзіўная, дужая, душэўная, жыццярадасная, задуменная, задумлівая, задушэўная, захапляльная, захапляючая, крылатая, ласкавая, летуценная, лёгкая, лірычная, магутная, мажорная, мірная, моцная, мяккая, напеўна-задумлівая, напеўная, нячутная, павольная, палкая, пераліўчатая, поўная велічнай гармоніі, працягла-пявучая, працяжная, простая, пявучая, пяшчотная, родная, рэзвая, светлая, страсная, стройная, ціхая, чыстая, шчырая, шырокая  аднастайная, аднатонная, асенняя, жалобная, журботная, надакучлівая, назойлівая, неадчэпная, неверагодная, нудная, падобная на далёкі прыглушаны плач, прыглушаная, пякельна-шалёная (аўт.), сумная, суровая, тужлівая, цягучая.

Яны [сосны] як звонкія струны... У любую пару года хораша слухаць, як на гэтых дзівосных цымбалах няўрымслівы вецер-арганіст іграе то ціхія, лірычныя, то магутныя, арганныя мелодыі (С.Законнікаў). Плешчацца мора, а хвалі вядуць сваю безупынную, бесклапотную мелодыю... (“Маладосць”). Спявалі дрэвы безупынную мелодыю сваёй ветравой волі (К.Чорны). Паплавы прытаіліся слухаць бурную мелодыю зыкаў (К.Чорны). Мелодыя танца..., вольная, напеўна-задумлівая, клікала моладзь... (У.Шахавец). Да гэтай дужай, крылатай, душэўнай мелодыі прасіліся новыя, непаўторна свежыя словы (Я.Брыль). Гучаць беларускія мелодыі ў аркестры: ціхія, задуменныя, працягла-пявучыя і лірычныя (“Полымя”). Урачыстая, магутная сімфонія бушуе, скаваная мембранай. Гэта захапляючая, моцная мелодыя (Э.Самуйлёнак). Ласкавая, летуценная мелодыя скрыпкі хвалявала, навявала ўспаміны... (М.Лупсякоў). Па радыё выконвалася п’еса Шумана. Мелодыя лілася светлая, лёгкая (К.Кірэенка). Мірную мелодыю лета... парушыла завыванне машын і тарахценне фурманак (Р.Няхай). Шырокая напеўная мелодыя запаўняе ўсю прастору, плыве ўдалячынь (З.Бандарына). З надрэчча цягне сіняй прахалодаю, На небе ранак З хмар карункі тчэ. І я лаўлю нячутную мелодыю, Якая не народжана яшчэ (П.Макаль). Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале (І.Мележ). Мудрык іграў “Дунайскія хвалі”. Працяжная, крыху сумная мелодыя прымусіла прыціхнуць нават тых, хто яшчэ размаўляў (І.Навуменка). З усіх ананікавых танцаў мне запомнілася толькі простая і страсная мелодыя вальса (Я.Брыль). Стройная мелодыя прылашчыла... і камендант... адкінуўся на спінку крэсла (Р.Няхай). Клава ціха спявала сумную, задушэўную мелодыю (І.Мележ). І глушыць выбух чыстую мелодыю, Што не паспела загучаць яшчэ (П.Макаль). Ён [голас] нібы не спяваў, а ціха расказваў, расцягваючы словы ў шчырую, сумную мелодыю (А.Кудравец). Мяккая, пяшчотная мелодыя песні лілася аднекуль з поля... (Т.Хадкевіч). Над вуліцай... плыве жалобная, сумная мелодыя (А.Вярцінскі). Нарэшце я забыў неадчэпную мелодыю (В.Вольскі). Рэня... з трывогай прыслухоўвалася да журлівай мелодыі... (В.Гардзей). Наста чула ўсё тую ж прыглушаную мелодыю, якую па-ранейшаму цягнуў Зуеў (А.Савіцкі). Бярозы на шляху... не шумяць нудлівым шэптам асенняе мелодыі — пазіраюць на вясну (Ц.Гартны). Скрыпяць дошкі, шалясцяць зараслі; вецер свішча... Усё гэта зліваецца ў адну нейкую пякельна-шалёную мелодыю (Я.Купала). Тужлівая, падобная на далёкі прыглушаны плач мелодыя, рэзала сэрца (А.Савіцкі).

Паведаміць пра недакладнасьць