1. Пра родную беларускую мову: адвечна новая, адвечная, адзначаная ўзнёслай прастатою (аўт.), багатая, баравая (аўт.), бясконцая, вечна жывая, вобразная, вогнетрывалая, вольная, высакародная, вялікая, гаваркая, гарачая, гаючая, глыбінная, гнуткая, гордая, гучная, дарагая, дзівосная, дзіўна жывучая (аўт.), дзіўная, жыватворная, жыватворчая, жывая, жытнёвая (аўт.), звонкая, ільняная (аўт.), іскрыстая, кроўная, крыштальная, крэўная (разм.), лаканічная, ласкавая, любімая, магутная, матчына, мілагучная, мілая, мяккая, найбагацейшая, найчысцейшая, невычэрпная, непаўторная, неўміручая, нязводная (аўт.), няспынна-плынная (аўт.), па-народнаму невычэрпна багатая (аўт.), паэтычная, песенная, праўдзівая, пявучая, раздольна-велічная (аўт.), раздольна-вячыстая (аўт.), раздольная, родная, родненькая, сакавітая, сакаўная, самая славянская, светлая, сівая, сіняя, спеўная, спрадвечная, старажытная, сучасная, сялянская, трапяткая, узнёслая, цвёрдая, цёплая, цудоўная, чароўная, чыстая грымотная, грымучая, забітая, загнаная, задушаная, убогая.
Наша родная мова... Гнуткая, пявучая, адвечна новая, без якой нельга ўявіць сабе свайго жыцця, як без хлеба, як без паветра (У.Караткевіч). Хто ж нас абакраў зухавата? Хто ў душах святое забіў? Ну хто без віны вінаватай адвечную мову зрабіў? (В.Жуковіч). Аднак жа ніхто з вялікіх не сказаў пра родную мову прыгнечаных, абяздоленага беларуса так, як сказаў гэта ён [Міцкевіч], з эўрапейскай трыбуны назваўшы яе найбагацейшай і найчысцейшай з усходнеславянскіх моў, адзначанай узнёслай прастатой (Я.Брыль). Ільняная і жытнёвая. Сялянская. Баравая ў казачнай красе. Старажытная. Ты самая славянская. Светлая, як травы ў расе. Вобразная, вольная, пявучая, Мова беларуская мая! (П.Панчанка). “І буду, буду пісаць, — зноў усміхнуўся Алесь. — ...Бо недарма ў душы маёй жыве і ўсё крышталізуецца ўпэўненасць, што і нам, шматпакутнікам-беларусам, нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём, што і нам, на нашай бясконца, дзіўна жывучай, па-народнаму невычэрпна багатай мове давядзецца яшчэ сказаць чалавецтву наша вялікае, братняе слова!”... (Я.Брыль). Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара (П.Панчанка). Вякамі ёй ходу-жыцця не давалі, Вякамі чынілі насмешкі ды кпіны, Вякамі крыўлялі, глушылі, тапталі, Вялікую мову няшчаснай краіны (Н.Гілевіч). Мова наша — вогнетрывалая, Быццам брэсцкія камяні (П.Марціновіч). О слова — кропелька ў моры Маёй высакароднай мовы (Г.Каржанеўская). Ёсць паданне, што... няўмольна сальюцца мовы зямлі ў адну, няродную нам. І мая безвыходна пойдзе ў змрок..., Трапяткая і сіняя, як васілёк, Гарачая, як прамень... (У.Караткевіч). Я з той краіны..., Дзе песню новую да небакраю Нясе маладосць па шляхах вясновых І плешча мора — вечна жывая, Мая беларуская звонкая мова! (К.Цвірка). Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбіцца змрок (У.Караткевіч). З легендаў і казак былых пакаленняў, З калосся цяжкога жытоў і пшаніц, З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў, З грымучага ззяння бурлівых крыніц, З птушынага шчэбету, шуму дубровы, І з гора, і з радасці, і з усяго Таго, што лягло назаўсёды ў аснову Святыні народа, бяссмерця яго, — Ты выткана дзіўная родная мова (М.Танк). Табе складаю шчыры свой санет, Прапрадзедаў маіх жывая мова (Е.Лось). Ты — шчырага сэрца жывая крыніца, Крыштальная... мова! (М.Танк). Ты [слова] наталяла смяглы рот І выкрасала ўдар грамовы, Каб сам сабою стаў народ, Пачуўшы гукі крэўнай мовы! (Р.Барадулін). Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая адначасова, лаканічная мова (У.Караткевіч). Пра цябе [мову], як сонечнае дзіва, І Купала, ды і ўсе мы снілі сны... Ад цябе, ласкавай і праўдзівай, Адракаюцца цяпер твае сыны (П.Панчанка). У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы!.. (П.Броўка). Дарагая, магутная мова народа майго! Ты жыць вечна будзеш... (“Полымя”). Я выпешчу, выпушчу ў ранак вясновы, Як птушак, душы запаветныя словы Пасланцамі песеннай матчынай мовы (Т.Бондар). Таму я і іх [песні] да апошняй аддам Зямлі..., якой я вінават за цяпло, За хату з бярвенняў сасновых, За гора і радасць, за цень і святло, За родную матчыну мову (М.Танк). Мілая мова твая, паэтычная, спеўная і гаваркая, яна свеціцца ўсёй чысцінёю крынічнаю, водарам дыхае, быццам вясна (В.Жуковіч). Мова! Як сонца маё беларускае, Ты свецішся словам кожным. Цябе і заворвалі і закопвалі. І ўсё ж нашы продкі праз гора Данеслі да нас цябе, родную, цёплую, Жывую і непаўторную (Я.Янішчыц). Пакіну для памяці знак свой прысутны, — каб слова, што дыхала... не знікла, а ў родныя нетры пранікла... да следу нашчадка — нязводнае мовы (С.Панізнік). Наша мова неўміручая, бо яе захоўваюць усе (У.Караткевіч). Беларуская мова, Маўчання хвілінаю Ушануй аднаго са сваіх старэннікаў: Як і ты, меў павагу, Няспынна-плынная, Да канкрэтных назоўнікаў — Не да займеннікаў (Р.Барадулін). Пявучая родная мова, Ты — уладарка нявызнаных скарбаў (А.Зарыцкі). Не звініць і не льецца Раздольна-вячыстая мова... (Н.Гілевіч). Каб ніколі не чураўся Сваёй родненькае мовы, У якой узгадаваўся, Хоць забыўся дзеля новай (Я.Купала). Спрадвеку хлеб наш сакаўны І мова сакаўная (В.Вітка). Мова і з крыўдай, са скарбамі ўласнымі, што пранесла праз жудасны век, і сівая, і, разам, сучасная, як харошы, жывы чалавек (Л.Геніюш). І будзе мне сэрца грэць Кожным ашчаджаным словам Мая спрадвечная Беларуская мова (Р.Барадулін). Край мой беларускі, край! Дай ты мне паслухаць, дай! Як на лад пявучы Старажытнай мовы Тут гамоняць пушчы, Там шумяць дубровы... (Н.Гілевіч). Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! (У.Дубоўка). Якія знаёмыя назвы і словы, Якая цудоўная, родная мова! (П.Панчанка). Трэсліся, быццам ад землетрасення, Гвалтоўныя сейбіты сталі рурскай Ад партызанскага вымаўлення Грымотнай мовы маёй беларускай (П.Макаль). Песні пачаў пець той мовай убогай, Якой пагарджаюць горка, нядбала, Пэўна і песняй счураюцца многа, От, ведама, здумаў Янка Купала (Я.Купала). Што ім [простым людзям] іхні лёс, Вялікі й суровы? Што ім, — мо ўжо адкажаш нарэшце ты, — Да загнанай, забітай, задушанай мовы, Іх вялікасць першы вандроўны артыст?.. (У.Караткевіч).
2. Пра ўяўную мову навакольнага асяроддзя (мову прыроды): гутарлівая, даверлівая, задумлівая, звонкая, лапатлівая, неўміручая, панятлівая (аўт.), пявучая, родная, стройная, шапатлівая самотная, сумная.
Задумлівай, даверліваю моваю Нясе нам любасць мудрае жыццё (К.Кірэенка). І столькі ён [вецер] мне песень новых Пераказаў і нашаптаў На гэтай неўміручай мове Маіх лясоў, азёр і траў (М.Танк). Лісцікі зеленяй хваляцца небу панятлівай мовай: Росамі мыюцца раніцай, Песцяцца сонцам паўднёвым (Я.Купала). О зямля! Ты ўся ў абновах! Ты ў мільён званочкаў звоніш, Ты на ста пявучых мовах Весняй радасцю гамоніш (Н.Гілевіч). І па струнцы па шаўковай Тромкнуў пальчыкам Сымон, — Адазваўся песняй новай, І панёсся стройнай мовай Чуткіх струн удалы звон (Я.Колас). Гэта я з табой вечарую, Туманамі цябе чарую. Васількоў шапатліваю моваю Зачароўваю, зачароўваю (Г.Бураўкін). Я чую дуброў размову І доўгі, працяглы, стогн, І гэтая сумная мова Вядомая мне здавён (П.Броўка).
* Мова-песня.
І ні разачку ніколі Ты не чула, як жыва, Галасоў начных у полі, Ці як шэпчацца трава?.. Як у лесе дрэва з дрэвам Ціха, важна загудзе, І як жыта шумам-спевам Мову-песню павядзе? (Я.Колас).