НАДЗЕЯ . Бясхмарная, вялікая, вясёлая, гарачая, глыбокая, дзівосная, дзіўная, добрая, жыватворчая, жывая, жывучая, залатая, зямная, іскрамётная, крылатая, палкая, патайная, прывабная, радасная, ружовая, салодкая, светлая, святая, сумленная, таемная, тамлівая, трапяткая, цвёрдая, цёплая, ціхая, цудоўная, чалавечая, шчаслівая, ясная  адважная, адчайная, балючая, баязлівая, безразважная, гаротная, згаслая, кволая, маленькая, невыразная, нясмелая, няясная, падманлівая, пакутлівая, пакутная, прытушаная, слабая, трудная, тужлівая.

Святло трапяткое ў табе Паўторыцца... надзеяй бясхмарнай (Т.Бондар). Пойдзем, сушачы вечных крыві й слёз разводдзе, К лепшай долі з вялікай надзеяй, Пойдзем, пойдзем туды, адкуль сонца ўзыходзе, Адкуль вецер прыветлівы вее (Я.Купала). Ты той, каго няма са мной Ні ў будзень, ні ў нядзелю. Ды цеплю я (якой цаной!) Вясёлую надзею (Я.Янішчыц). Жыла надзея, глыбокая, таемная: вось-вось нешта павінна змяніцца (І.Шамякін). ...А ў душы ўсё расла дзіўная надзея на тое, што Нямко раптам загаворыць... (А.Кулакоўскі). Ледзь толькі неба пацямнее, Пяюць штоночы салаўі, І горкі смутак дум маіх вяселяць добраю надзеяй (П.Глебка). Жыватворчая надзея землю абняла (Я.Колас). Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае (А.Бачыла). Ад вас [зыкаў] я набраўся надзеі жывучай... каб вярнуцца ў свой кут (А.Гурло). Пад святлом іскрамётных надзеяў рассыпаецца ў попел страх... (Л.Геніюш). Спускаліся ў лона даліны Крылатай надзеі старацелі (А.Звонак). Ад радаснай надзеі сунялося бомканне ў галаве... і Наста смела кінулася ўніз з касагора (А.Савіцкі). Але, каб не зводзіць салодкіх надзей каня, ён [дзед] узяў жменю сена і панёс да жолаба (Я.Колас). Узыходзіць сонца светлаю надзеяй На пагодны ранак і красу зямлі (С.Грахоўскі). А нашы радасці і слёзы, Надзеі светлыя, пагрозы І ўсё, чым жыцце нас вітае, Яно адзначнасці не мае (Я.Колас). Мы радкі пакідаем жывымі, І паслужаць яны сувязнымі Нашых дум і сумленных надзей (А.Пысін). Патайная тамлівая надзея... раптам пачала чахнуць і астываць (В.Адамчык). Усё перамешана з тугою і смагаю, з потам і слязьмі, з адчаем і — са святой чалавечай надзеяй (Я.Скрыган). Сумныя весткі і трапяткія надзеі насіў... Пракоп у пакамечаных салдацкіх трыкутніках (А.Васілевіч). Даруйце мне, клёны, даруйце мне, зоры... І ты, не апетае мною каханне, Шчаслівых надзей маладая зара (Н.Гілевіч). Мей надзею ў сэрцы ясную, Што не век зіма... (Я.Купала). А ў свеце, дзе столькі балючых надзей, Жывём, як на атамным полі (Я.Янішчыц). І вось спынілася, анямела сэрца: Ганна ідзе. З нейкім страхам і баязлівай надзеяй... ступіў насустрач (І.Мележ). З надзеяй гаротнай, З слязою чырвонай Блуджу я, маркотны, Па родных загонах (Я.Купала). У Марыны Паўлаўны занялася кволая невыразная надзея (М.Зарэцкі). І цяпер вось горы — Лахтальскія Альпы — невядомы, загадкавы, ніколі нябачаны край, і ў ім — маленькая трудная надзея прыдбаць волю (В.Быкаў). Нясмелая, падманлівая надзея выбавіцца з гэтага становішча падтрымлівала чалавека... (К.Чорны). Агонь патушаных надзей То ўспыхваў полымем, то гас (А.Бачыла). Арлянят падлічвае арліца. І песціць тых, што жывы, пад крылом, І кліча тых з тужліваю надзеяй, Каго разбіў аб скалы цяжкі гром (К.Кірэенка).

Паведаміць пра недакладнасьць