НЕБА (нябёсы). 1. Пра велічыню, уяўную аддаленасць (неба): агромністае, бяздоннае, бязмежнае, бясконца далёкае, бясконцае, бяскрайняе, высокае, глыбокае, далёкае, неабдымнае, неабсяжнае, неахопнае, недасяжнае, нізкае, нязмерна высокае, прасторнае, раздольнае, шырокае  грувасткае.

Неба, высокае, агромністае, звісала над зямлёй... (І.Мележ). У небе бяздонным дзе хмаркі купаюцца У золаце яркіх агнёў, Вольныя песні штодзень разліваюцца... (Я.Колас). У бязмежным небе Роўненькім шнурочкам Жураўлі на вырай Мкнуцца над лясочкам (Я.Колас). Свяціла сонца з бясконца далёкага, яснага неба (Я.Скрыган). Было бяскрайняе зорнае неба, а пад ім — спакойная і цёплая вада, таксама без канца і краю (Я.Брыль). У высокім і яшчэ светлаватым небе сям-там гараць маленькія рэдкія зоркі (В.Быкаў). У глыбокім начным небе высыпала безліч зор, і яны ледзь трымаліся ў марозных вышынях (М.Лынькоў). А неба! Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна (Я.Колас). Здавалася, што ў небе неабдымным Плыве свой Сож пад пенаю густой (А.Пысін). Неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае (І.Мележ). Шэрае, нізкае неба. Шэрае, ціхае мора. І свежы, зноў непераможны белы снег (Я.Брыль). Неба раздольнае, на дзіва ласкавае. Пахне мёрзлай асінавай карой... (В.Хомчанка). Пад небам шырокім і сінім Над вамі [курганамі] схіліліся ліпы (М.Танк). Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба, што яно насядае на дым і гне яго да зямлі (У.Караткевіч).

2. Пра колер, чысціню, празрыстасць, воблачнасць; пра тэмпературу, вільготнасць (неба): апалавае, аранжавае, барвовае, бела-блакітнае, белае, бірузовае, блакітнае, бэзавае, густа-сіняе, залатое, залацістае, залаціста-чырвонае, зеленавата-празрыстае, зялёнае, лазурнае, ліловае, лілова-папялястае (аўт.), малочнае, малочна-фіялетавае, мякка-шэрае, ружова-сіняе, светла-блакітнае, светлае, сіняе, сіняе-сіняе, цёмна-блакітнае, цёмна-сіняе  алавянае, бледнае, выцвілае, медна-чырвонае, пабляклае, палінялае, попельнае, попельна-сівае, рудаватае, свінцовае, сівае, цёмнае, чорнае, чорна-снежнае (аўт.), шыферна-шэрае (аўт.), шэрае; азоранае, бязвоблачнае, бясхмарнае, валакністае, вымытае, гладкае, густа зорнае, зорнае, зыркае (паэт.), пагоднае, празрыстае, свежае, свяжуткае, сонечнае, чыстае, чыстае-чыстае, яркае, яснае  асмужанае, бруднае, задымленае, імглістае, ледзь-ледзь асмужанае, мутнае, непрагляднае, хмарнае; асмужана-гарачае (аўт.), душнае, распаленае, спякотнае, цёплае  настылае, халоднае; дажджлівае, навальнічнае, парнае, сухое.

На апалавым небе не было ніводнай хмурынкі (Б.Мікуліч). Весела і молада глядзела ў вароты блакітнае, на гарызонце аранжавае неба (Я.Скрыган). Алесь кленчыць на лаве перад акном... глядзіць на цудоўнае неба на захадзе. Барвовае, і сіняе, і залатое (Я.Брыль). Гляджу... на белыя шыферныя стрэхі вясковых хат, на гэтае бела-блакітнае... неба (В.Гігевіч). [Ластаўкі] доўга з урачыстым радасным крыкам ляталі ў чыстым блакітным небе (В.Вітка). Імклівы полаз. Храп каня пад белым небам (Л.Дайнека). У бязвоблачным, бірузовым небе свеціць яркае сонца (В.Вольскі). На вуліцы неба сапраўды ставала бэзавым (У.Караткевіч). Неба густа-сіняе, чыстае, як вымытае, у ім — ні хмурынкі, ні воблачка (І.Дуброўскі). Гармонія ў старой жанчыне, у адпаведнасці яе і яе ўбору... гэтаму залацістаму вячэрняму небу (У.Караткевіч). [Буслы] выразна вылучаюцца... на фоне вячэрняга залаціста-чырвонага неба (В.Вольскі). І ўсё навокал тады незвычайнае: зеленавата-празрыстае, як шкло, неба, быццам прасвечанае з самае запаветнае глыбіні (А.Жук). Сумна плыве маладзік бледна-сіні У небе вячэрнім, зялёным, як лёд (М.Багдановіч). З лазурных, чыстых небясоў Прыветна сонейка глядзіць (Я.Колас). Палажыў свайго нястомнага, загарэлага пестуна, а сам стаю каля веснікаў, гляджу на неба. Лілова-папялястае, ціхае (Я.Брыль). Ліловае на даляглядзе, неба вышэй было малочна-фіялетавае (У.Карпаў). Празрыстае паветра пад малочным небам туманіла вочы (Ц.Гартны). Дубы. Пасохлыя дрэвы на беразе старыцаў. Мякка-шэрае нізкае неба (Я.Брыль). Некалькі пазалочаных воблакаў... нерухома вісяць у бяздонным светла-блакітным... небе (В.Вольскі). Пасядзелі яшчэ каля вогнішча, паглядзелі, як весела гарыць агонь, як узнімаецца ў яснае сіняе неба ледзь прыкметны дымок (В.Вольскі). А над галавою — халоднае сіняе-сіняе неба (С.Грахоўскі). Праз голле было відаць неба... цёмна-блакітнае за макавінай сасны і рудаватае... над грабянём пагоркаў (А.Савіцкі). А калі я прачнуўся, то ў вочы мне кінуўся кавалачак цёмна-сіняга неба і тры вялікія чырванаватыя зоркі. Над горадам вісела халоднае алавянае неба (П.Місько). Хутка імчаліся ў бледным, задымленым... небе круглыя цёмныя воблачкі (Э.Самуйлёнак). Высока ў выцвілым ад спякоты небе змрочна крумкаў адзінокі крумкач (В.Адамчык). Запаланёнае хмарамі неба стала медна-чырвоным... (Я.Васілёнак). У пустым, пабляклым небе, як жар у прыску, палала жоўтае сонца (І.Дуброўскі). Попельнае, як падбеленае, неба святлела (А.Савіцкі). На попельна-сівым небе выбліснула некалькі зорак (І.Навуменка). Срэбнымі рожкамі мгліцца З цёмных нябёс маладзік (М.Багдановіч). З чорнага неба надзіўся нудны дожджык, і ад гэтага спаць хацелася яшчэ мацней (І.Мележ). І змагацца стаў угоры з бураю мяцежнай... Рэжа крыллямі узоры ў небе чорна-снежным (М.Чарот). Нізка насядала шыферна-шэрае неба (А.Кудравец). Шэрае неба не ведае літасці (П.Броўка). Працу скончым, скажа: “Хопіць!” Усміхнецца: дом падрос, І злятае ў змрок наш хлопец З-пад азораных нябёс (П.Панчанка). Яна [думка] хутка сходзіць, нібы хмурынка ў ясным, бязвоблачным небе (І.Мележ). Светлы жнівеньскі дзень. Высока ў бясхмарным блакітным небе плыве сонца (І.Навуменка). Была асенняя, але на дзіва яшчэ цёплая ноч — ціхая, парная, з нізкім валакністым небам (М.Ракітны). Рассее ночка ў небе сінім гладкім З Каўша свайго мільёны светлых зор (М.Танк). Захар сказаў, азіраючы зусім чыстае, густа зорнае, без адзінай хмурыначкі, начное неба: — Каб жа толькі шчасліва даляцелі дзеці (А.Савіцкі). Ён [Міхалка] не мог спаць: стаяў пры акне ўпоцемку і глядзеў праз шыбу ў зорнае неба (К.Чорны). Над зямлёю звісала яркае, зыркае неба (Я.Колас). Вячэрняя сцішанасць высокага пагоднага неба мірам і добрасцю ліецца ў разварушаную душу (В.Быкаў). Над ім [Валерыкам] сіне-белым крылом, як выцвілы, позні сноп, павісла празрыстае... неба (І.Пташнікаў). У бляску сонца нікнуць росы; Свяжуткі, чысценькі нябёсы (Я.Колас). Спяваюць у сонечным небе жаваранкі... (М.Лынькоў). Перада мною яна, крыніца і сонца. Яно толькі што выкацілася на чыстае-чыстае неба (Ф.Янкоўскі). Дрыжала дробненька і жоўтае ад сонца поле ля сада, і асмужанае ўгары неба (І.Пташнікаў). Чаму закідана вуголлем дарога і неба зрабілася шэрым і брудным? (А.Куляшоў). Я магілу капаў пад задымленым небам, І яе, сваё першае шчасце, хаваў (П.Панчанка). Рассыпаны зоркі на небе імглістым (П.Панчанка). У ахвоту ззяла сонца ў чыстым, недзе над самым лесам ледзь-ледзь асмужаным небе (В.Карамазаў). Ля шляху нерухома... маячылі ў мутным небе бярозы... (В.Быкаў). Непрагляднае неба, здаецца, апусцілася на стрэхі хат (П.Пестрак). Калі парою лістападу У вырай адлятаюць птушкі, Яны ў дубровах пакідаюць Свае вясновыя напевы, Каб не згубіць іх недзе часам У хмарным небе на чужыне (М.Танк). І неба было ўжо не лагоднае, не асмужана-гарачае, а халаднаватае і нядобрае, і, гледзячы на яго, хацелася зашпіліцца ці надзець паліто (І.Мележ). Млоснаю нематою патыхала летняе неба, цёмнае і душнае (М.Гарэцкі). У распаленым небе, Як у прысаку шэрым, Паміж зор можна бульбу Пячы на вячэру (М.Танк). У спякотным чэрвеньскім небе тоўпіліся шызыя груды Альпаў (В.Быкаў). Зачэпіцца вецер настылым небам за сосны, З шалёным свістам закруціць агні і снягі (Т.Бондар). Трубяць развітальную трывогу У халодным небе жураўлі (С.Грахоўскі). У цёплым чыстым небе на ўсю моц ззяюць круглы месяц і зоры (В.Карамазаў). Тут пад небам дажджлівым... Мы друкуем гарачыя словы Аб славе і доблесці (П.Панчанка). Душа ідзе ў крылаты стан, нібы пад небам навальнічным гіганцкі слухаю арган (В.Жуковіч). Якое неба парнае, Туман такі густы (І.Калеснік). Сухое узбекскае неба, Скупое на дождж і на гром, І цешыцца марна не трэба, Што новы дзень прыйдзе з дажджом (Я.Колас).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (неба): беларускае, вечна прывабнае, вольнае, жаўруковае (аўт.), жураўлінае (аўт.), звонкае, зорамі вышытае (аўт.), лагоднае, ласкавае, маладое, мройнае, неразгаданае, неразгадана-таямнічае (аўт.), палюбленае (аўт.), пяшчотнае, разбуджанае, роднае, самалётнае (аўт.), святочнае, спрадвечнае, таемнае, таямнічае, урачыстае, ціхае, шчодрае  абыякавае, бяздушнае, бязлітаснае, бязрадаснае, бясплоднае, бяссоннае, глухое, грознае, жалобнае, журботнае, зводна-неспагаднае (аўт.), злое, змаркатнелае, змрочнае, маркотнае, маўклівае, мёртвае, млявае, напружанае, незнаёмае, непрыветлівае, непрыхільнае, нерухомае, нудна панурае, нядобрае, нямое, панурае, панылае, пранізлівае, п’янае, раззлаванае, раскрыжаванае (аўт.), раўнадушнае, слязлівае, соннае, спахмурнелае, сумнае, суровае, сцішнае (аўт.), трывожнае, тужлівае, цяжкае, чужое, шалёнае.

Зараз хочацца мець беларускага неба багата, Па тых сцежках хадзіць, дзе хадзілі і нашы дзяды, Каб старая зязюля, прысеўшы на хвою ля хаты, Кожны вечар лічыла пражытыя дома гады (П.Панчанка). Не тое ў вёсцы, сярод цішыні палёў, пад купалам зорнага неба, неразгадана-таямнічага і вечна прывабнага (І.Навуменка). Там ліпы як ліпы і вербы як вербы — Растуць як хочуць пад вольным небам (К.Цвірка). Ды нам і размінацца Зусім няма патрэбы Сярод палёў жытнёвых Пад жаўруковым небам (М.Танк). Неба жураўлінае, журботнае, Цёмная вільготная зямля (П.Панчанка). І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ўвечар асядае ўжо дзяняшняя гарачыня (Я.Скрыган). Васіль устаў, паглядзеў на сіняватае, глыбокае, зорамі вышытае неба (І.Мележ). У мяне няма нічога, Акрамя прастораў польных Пад высокім, пад лагодным сінім небам (К.Кірэенка). Над Брэстам у небе ласкавым Празрыстыя хмаркі плывуць... (А.Бачыла). У чыстым небе, маладым і сінім, Перапляліся промні з павуціннем (Г.Бураўкін). З арламі неба мройнае — Купала, З ратаем Колас — Крэўная зямля (Р.Барадулін). Хай дзівіцца палюбленае неба, Хай забіраюць шаты да сябе... (Е.Лось). Хацелася зноў выйсці пад гэтае шчодрае сонца, пяшчотнае неба, якое трывожыць душу прадчуваннем вясны (А.Жук). І, пэўна, гэтакі лёс у сапраўднага сокала — Не паспеўшы стаміцца і пастарэць, Узляцець над зямлёю высока-высока, У разбуджаным небе сустрэць сваю смерць (Г.Бураўкін). Зямля мая, нябёсаў родных сінь, Лугоў зялёныя пасцелі! Вы ўстаяце з-за смутных далячынь... (Я.Колас). А мне праз акіян, праз маё самалётнае сцішнаватае неба над вечным акіянам... стала яшчэ раз шчасліва ясней, якія мы, людзі на ўсёй планеце, аднолькавыя (Я.Брыль). Спакойна вясну сваю могуць чакаць усе дрэвы і горы... Спрадвечныя неба і мора (М.Танк). Снег, які толькі што панападаў,... бывае сіні-сіні — нібы святочнае вясновае неба (Я.Сіпакоў). Неба было па-жнівеньску зорнае, вялікае, урачыстае ў вечнай сваёй цішыні (Я.Брыль). І хочацца спяваць пад ціхім, чыстым небам у самоце (Я.Брыль). Шчодрае неба спакойна шуміць дажджом, а прагная зямля гатова багацець бясконца (Я.Брыль). Не радуе неба бяздушнае, злое (Я.Колас). Не стрэнеце вы Ні сяброў, ні спагады Пад бязлітасным небам чужым (М.Танк). Імчалі... у бязрадасным небе журавы... (Э.Самуйлёнак). Бедавалі людзі і з непрыемнасцю паглядалі на глухое бясплоднае неба (Я.Колас). Неба, цяжкое, хмарнае, грымлівае, нізка-нізка вісела над зямлёй (Л.Дайнека). Пад небам зводна-неспагадным... Сную... (Я.Купала). Змаркатнелае неба ўсё далей, шырэй абкладвала мутная хмара (В.Быкаў). Шэрае, маркотнае неба зусім нерухомае (І.Пташнікаў). З нябёс маўклівых глядзяцца зоры (А.Куляшоў). Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае (М.Гамолка). На Доўгіх засівелася неба... ціхае, млявае... (І.Пташнікаў). Неба — напружанае, бясконцае — трымціць пякельнай слепкасцю (Я.Скрыган). Усё ж лягчэй чамусьці дыхаць мне На неспакойным моры Чорным, Як недзе там — у дальняй старане, Пад незнаёмым небам зорным (М.Танк). У нізінах на пожнях стаялі вялізныя лужы, і ў іх адбівалася свінцовае, непрыветлівае неба (А.Асіпенка). Яны ідуць агромністай грамадой пад непрыхільным небам сваім (А.Ліс). Будзе вясна. Хоць адвячорак яшчэ ўсё як быццам зімовы... З нізкім, нудна панурым небам (Я.Брыль). І неба было... халаднаватае і нядобрае (І.Мележ). Толькі бачылі яе [смерць] ...ніцыя лазнякі ды, панурае зімовае неба (М.Лынькоў). Здаецца, каб былі фарбы, ...пастараўся б перадаць усе колеры і адценні тайгі, гэтага пранізлівага неба і цішыню адцвітання (С.Грахоўскі). Неба спахмурнелае крамсаюць Дваццаць шэсць ахвярных бліскавіц (Р.Барадулін). Час вам [вятрам] з’явіцца з песняй імкліваю, Час вам расчысціць неба слязлівае (П.Броўка). І нікога навокал няма, толькі шэрае сумнае неба... (Я.Брыль). І толькі тут між іх [ліп] маіх сябровак, З якімі разам рос калісьці я, З якімі ў цяністых у дубровах, Пад небам непагожым і суровым, Звінела песня ранняя мая (М.Танк). Па адным, па два яны [заслонаўцы] асцярожна прабіраліся па глухіх завулках... гарадка, які насцярожана пазіраў на трывожнае неба, у якім яшчэ змагаліся з цемрынёй першыя водбліскі зарыва (М.Лынькоў). Тут неба нізкае, цяжкое, Як безнадзейнасць, ад яго Аж гнуцца тундравыя хвоі Ды асядаюць плечы гор (М.Танк). Чужое неба сэрцу не дагодзіць, душы не загадае: “Не балі!”... (Е.Лось). Гарыць рака і над ёй кусты. Усё ад агню зялёнае. Нават неба ў хмарах густых Зялёнае і шалёнае (У.Карызна).

Паведаміць пра недакладнасьць