ПАЦАЛУНАК . Агністы, агнявы, ап’яняльны, асцярожны, бязгучны, вясёлы, гарачы, доўгі, доўгі-доўгі, дрыготкі, звонкі, лёгкі, моцны, неабдымны, неўпатольны (разм.). нясмелы, палкі, палымяны, парывісты, пругкі, пякучы, радасны, развітальны, расстайны, сакавіты, салодкі, страсны, сустрэчны, трапяткі, хмельны, шчыры  безразважны, вялы, горкі, дзікаваты, зацяжны, кароткі, пакутлівы, пералётны (аўт.), прагны, салёны, сасмяглы, сляпы, халодны, шалёны.

І лёгкім дзявочым лятункам Ужо не вярнуцца сюды — Агністым сляпым пацалункам Дзіцячыя дзьмухне сляды (С.Гаўрусёў). Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў... [Лабановіча] шчасцем (Я.Колас). Запанавала маўчанне з яго бязгучнымі пацалункамі (У.Караткевіч). [Міхась] зноў прытуліў... [Тамару] да сябе, і іх вусны, гарачыя і сухія, зліліся ў доўгім пацалунку (І.Сіўцоў). Памятаю тыя нясмелыя, дрыготкія, гарачыя і прагныя пацалункі (Б.Сачанка). Яна [Хадоська] не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам (І.Мележ). Дзе спляценне цяністых карунак, дзе зялёная траўка ўстае, звонкі радасны пацалунак ашчаслівіў, відаць, яе (Е.Лось). Сасмяглы пацалунак на губах, Як вечнасць — неўпатольны, неабдымны (В.Вітка). Першы раз табе я падарыў Пацалунак, палымяны, шчыры (І.Калеснік). [Захар] не зведаў радасці і ад прызнання Гайдаш, і ад яе дзікаватага, парывістага пацалунка (А.Савіцкі). Развітальны пацалунак горкі На губах астылых засмыліць... (“Маладосць”). Мой век складаецца: ...З сустрэчных і расстайных пацалункаў... (М.Танк). Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна (Э.Самуйлёнак). Яшчэ трапяталіся смехам вейкі, як... [Рэня] уздыхнула і раптам парыўчата абняла... [Алёшку], страсным пацалункам апаліла анямеўшыя губы яго... (М.Лынькоў). Тыя два, першыя для яго [Алеся], пералётныя пацалункі... здаюцца часамі проста... чымсьці неверагодным (Я.Брыль). Праляталі гадзіны ў размове, Пацалунках, як ты, трапяткіх (А.Марціновіч). ... А гаркаваты пах смалы на лапках зломаных яловых — Як хмельны пацалунак на губах (М.Аўрамчык). Абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку (А.Марціновіч).

Паведаміць пра недакладнасьць