ПЕСНЯ. Невялікі паэтычны твор, які спяваюць (спяваецца).

1. Пра характар спеваў, пра гучнасць, працягласць (песні): бязмежная, бясконцая, бяскрайняя, вечная, галасістая, гарманічная, грымучая, гулкая, гуллівая, далёкая, звонкая, магутная, меладычная, найзванчэйшая, нягучная, павольная, працяжная, пявучая, раздольная, стогалосая (аўт.), тысячазвонная (аўт.), ціхая, шматколерная, шырокая  адрывістая, бязгучная, доўгая, доўгая-доўгая, ледзь чутная, недапетая, несціханая, нячутная, цягучая, шумная.

Дарога вілася і звінела наперадзе, як бясконцая песня (Я.Скрыган). І песня была пад высокімі зорамі, песня таксама бяскрайняя (Я.Брыль). Як маланка ўзаўецца, Блісне стужкай агнявістай, І як песняй галасістай Вам [хмаркам] зямелька адгукнецца (Я.Колас). З грудзей нашых панясецца Вір песень грымучых І ў адзін голас зліецца, У адзін магучы (Я.Купала). Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню (Я.Брыль). І ўсе пасажыры адразу прыціхлі, зачараваныя цішынёй і хараством і ледзь чутнаю далёкаю песняю (С.Грахоўскі). І раптам... пачулася... песня... звонкая і вясёлая, як ручаіна (М.Стральцоў). І вось смычок цалуе ціха струны, Як быццам праганяе сон апошні і асцярожна выпытаць спрабуе, Дзе песня найзванчэйшая ляжыць (Г.Бураўкін). Зашумелі, загрымелі магутныя песні (Я.Купала). І думаў я песню нягучную скласці Пра мілую згоду нябёс і зямлі (Н.Гілевіч). Даспадобы мне ціхія нашы мясціны ...А працяжная песня, што ад сэрца нясецца (П.Броўка). Без гэтых песень, шчырых і пявучых, Без роднай мовы я не змог бы жыць (П.Прыходзька). Спяваў тэнар. Вясёлую, маладую, раздольную песню (Б.Мікуліч). А стогалосая песня звініць (Я.Брыль). Аж нават сорамна было мне Прызнавацца, што часамі іх [песень] Шматколерных, тысячазвонных Шукаў я на шляхах другіх (М.Танк). Дзесьці далёка над Волгай гучала песня, такая шырокая і раздольная, як рака... (С.Александровіч). Наперадзе пачулася песня, ціхая, нясмелая, як ласкавы подых ветру ў спякотны летні дзень (А.Кудравец). Усе гэтыя туманныя, разнагалосыя гукі зліваліся з адрывістаю песняю салдат... (Я.Колас). Узбуджаны настрой быў ва ўсіх, ён прарываўся часамі песняй, ціхай, бязгучнай... (М.Лынькоў). Колькі ні слухаў я песень працяжных — Самую доўгую вецер спявае (П.Броўка). Песні былі ягадныя, старадаўнія, доўгія-доўгія і цягучыя-цягучыя (Б.Сачанка). Глянь, канчаецца бабіна лета Рэхам песні ў палёх недапетай (М.Танк). Льецца нячутная песня, Вечная песня жыцця... (А.Звонак). Можна пець салаўіныя шумныя песні, Што шчаслівы ўвесь свет, няма гора ў людзей (Я.Купала).

2. Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню: вясёлая, галасістая, звонкая, многагалосая, шырокая  аднастайная, аднатонная, балесная (разм.), доўгая-доўгая, жаласная, несканчоная, развітальная.

Хочацца мне прыдарожнай дубровы Песні вясёлыя слухаць душой (А.Куляшоў). Званы гучна загудзелі Галасістай песняй (Я.Купала). Я нават чую аднатонную многагалосую песню жытніх каласоў (Я.Колас). Напевамі песні шырокай Гамоняць палі і лугі (Я.Колас). Аднатонныя песні спявала восень, жалобна шумеў аголены лес (Я.Колас). Аднатонную песню вялі колы вагонаў (Я.Колас). А якую жаласную, несканчоную песню выводзіў комін!.. Гэта балесная песня ў коміне клала свой адбітак на настрой Лабановіча... (Я.Колас). У паветры было ціха, толькі звон летнікоў зліваўся ў адну доўгую-доўгую... песню (Я.Колас). Калі развітальную песню Пяюць журавы, — На лукі, ішмары, Дзе сцелюцца ніцыя лозы, На купіны моху Зязюльчынага і травы З-пад хмараў асенніх Дажджом ападаюць іх слёзы (М.Танк).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (песні); пра ацэнку (песні): агністая, агнявая, адвечная, адзіная, бадзёрая, баявая, бесклапотная, бравая, бунтоўская (разм.), бурная, бязвоблачная, велічная, верасам прапахлая, віхурна-вясёлая, вольная, высокая, вясельная, вясёлая, гарачая, гарэзлівая, горда-арліная, гордая, грозная, да грудзей прытуленая, дарагая, дзівосная, дзіўная, жніўная, жывая, жытняя, жыццярадасная, звонкакрылая (аўт.), здаровая, здольная, іскрыстая, кранальная, крылатая, лагодная, ласкавая, лёгкая, любая, маладая, мудрая, мужная, мядовая, наструненая, натхнёная, начлежная, неадступная, незабытая, незабыўная, непаўторная, непераможная, неспадманна-сапраўдная (аўт.), неўміручая, новая, нявыспеваная давеку, нязломная, няўрымслівая, палкая, палымлівая (разм.), празрыстая, працавітая, простая, радасная, радзінная, разухабістая (разм.), раскутая, родная, сакавітая, салаўіная, салодкая, сардэчная, свабодная, светлая, світальная, свойская, святая (паэт.), серабрыстая (паэт.), славутая, слаўная, смелая, сонечная, спагадная, срэбна-звонкая (аўт.), старадаўняя, сярэбраная, трапяткая, урачыста-раздольная, урачыстая, хвацкая (разм.), хмельная, цудоўная, цёплая, шчодрая, шчырая, юная, ягадная, яркая, ясная  азяблая, анямелая, босая (аўт.), гаротная, горкая, даўно забытая, дзікая, думная, жаласлівая, жаласняная (аўт.), жалезная, журботная, забытая, засмучоная, засмяглая, кволая, легкадумная, магільная, маркотная, набалелая, наіўная, непрытомная (аўт.), нудная, нязваная, нязнаная, нясвойская, нясмелая, няспетая, пакутная, пастылая (разм.), порсткая, посная, прытомленая, самотная, сіратлівая, сіроцкая, слёзная, смутная, старая, сумна-шэрая, сумная, тужлівая, халодная, шчымлівая.

Ставала часу і кніжкі чытаць... і песню агністую і баявую праспяваць у хоры... (В.Мыслівец). Родны горад!.. Мы сваёй не пашкадуем працы... Каб шумелі паркі маладыя, Каб звінелі песні агнявыя! (П.Броўка). А зламаныя сосны Адвечную песню шумяць і шумяць (С.Грахоўскі). Сэрцу радасна і балесна Ад таго, як прыходзіш зноў Ты, мая беларуская песня... Ты ж мая адзіная, Ты ж мая наіўная, Ты ж мая радзінная, Ты ж мая жніўная, Ты ж мая вясельная, Ты ж мая вясенняя, Ты ж мая нязваная, Ты ж мая нязнаная, Да грудзей прытуленая — Матуліна (Г.Бураўкін). Праз полымя пякельнае вайны І праз усе франты, як сцяг, пранеслі Адважныя і мужныя сыны Шчымлівыя і баявыя песні (С.Грахоўскі). Песня ішла і ішла поруч з маладосцю і сталасцю, радасцю і бядой, працай і адпачынкам: то бадзёрая, парыўная, то журботная, жаласлівая... (А.Ліс). Ляцела над плошчай мелодыя песні, Славутай, народнай, бунтоўскае песні (К.Кірэенка). Я цябе прымаю, Быццам песню, Што праходзіць праз маё жыццё. Бурную, як ранняе прадвесне. Ясную, як поначы касцёр (П.Глебка). Песні вольныя Разліваліся (Я.Колас). Радуйся, жыві ды спявай бязвоблачныя песні... (М.Калачынскі). Дзе тыя прашчуры, Што цябе [песню], як жаваранка, Бераглі і лашчылі, У туманы хуталі, Грэлі пад пахаю, Ціхую-ціхую, Верасам прапахлую (Г.Бураўкін). А як умелі беларусы складаць песні! То журботныя..., то ўрачыста-раздольныя..., віхурна-вясёлыя (М.Гамолка). Не спакушай нас высокай песняй гэтак рана, Галактыка (П.Панчанка). Я гарачыя песні люблю (М.Танк). Што ж яны там спявалі? Можа гэтую горда-арліную песню (Я.Брыль). Што ж, дазволіш, пясняр, яму [злачынцу] ліха тварыць, Тваю гордую, мужную песню забіць? (Е.Лось). Грозную песню ім [хмаркам] гром напявае... (Я.Колас). Плывуць у сэрцы пералівы Дзівоснай песні... (Я.Колас). Долю чорную ноч не схавае, Калі выльецца песня жывая! (М.Багдановіч). Кажуць: намалюй ноч месячную, май, Або сівую буру на Ла-Маншы. Не быў я там І знаю толькі жытніх песень край І сцежак маладосці нашай (М.Танк). Над вёскаю... узлятае звонкакрылая песня (З.Дземідовіч). Нясліся зыкі песень здольных (Я.Колас). Песня вольная, крылатая Пралятае над старонкаю (А.Русак). Думкі ўюцца, томяць грудзі — Волі хочацца і ім, — Хочуць песняй стаць лагоднай, Мілым дзіцяткам маім (Я.Колас). Касцы з касавіцы песню на кончыках косаў неслі. Дадому праз лес наўпраста — лёгкую з мяккіх пакосаў (Д.Бічэль-Загнетава). Мы трацім слова, Мы нямеем І хвалімся, Што ўжо не ўмеем Так гаварыць, Як наша маці, І дарагую песню трацім (С.Грахоўскі). Не зломяць сэрца ні замовы, Ні боль, ні лютая бяда, Пакуль магу ісці і словы У песні любыя складаць (К.Кірэенка). Якое шчасце — вызнаць мару І чуць заўжды яе агонь, Які так радасна ўладарыць Над лёсам песні дарагой (К.Кірэенка). Чутна і песня маладая, І поле раптам ажывае (Я.Колас). І ў хату ў поўнач упушчу Даўно забытую жар-птушку..., Што ад вясны і да вясны Тры песні мудрыя складала (С.Грахоўскі). А недзе ў высокай сіне-выгаралай далі стомлена трапечацца жаўручок, здаецца, трымаецца з апошніх сіл на сваёй кволай, наструненай песеньцы... (А.Дзятлаў). Край мой, дзяцінства маё, Песень натхнёных калыска... (П.Броўка). І песня лунае начлежная воддаль (М.Танк). Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах з неадступнаю песняй, — Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары, чарэсні (Я.Купала). Дрэмле вечар у ціхай дуброве, летняй стомаю пахне зямля. Заспявай мне на матчынай мове незабыўную песню з сяла (Л.Геніюш). Як толькі паверыў, што зноў уваскрэсне, Забулькала ў горле у салаўя Нідзе не забытая матчына песня (С.Грахоўскі). І сэрца б’ецца думай гордай: А ці ж адна на свеце зала, Дзе песняй шчырай, непаўторнай Радніць людзей баян Купалы! (Н.Гілевіч). Ён [Колас] з песняю непераможнай Край абышоў і ўсіх сяброў (М.Танк). Толькі б песня была Неспадманна-сапраўдная, Як зямля (Н.Гілевіч). Толькі пела цёплая крынічка Неўміручай песняй пра жыццё (А.Звонак). І новыя песні ў народзе звінелі, Як голас юначкі-вясны (Я.Колас). О, Беларусь! Мой лёс, Мой вечны боль, Мая нявыспеваная да веку Песня! (Н.Гілевіч). Вечна сонцу купацца У лясных беларускіх крыніцах, І няўрымслівай песні У вечным паходзе звінець! (Н.Гілевіч). Я ведаю, што песня мусіць быць нязломнай, крылатай... (М.Танк). Разводзілі кастры Купалля продкі І песні палымлівыя спявалі (С.Панізнік). Свет быў поўны гукаў... Ён жыў увесь час, дзівосна багаты і розны, з няўціхнай песняй: празрыстай, звонкай — ранкам, гарачай, прытомленай — днём, ціхай, думнай — увечары (І.Мележ). Я цябе [Беларусь] пазнаў і палюбіў... З пушчамі, з бярозавымі трактамі, З гулам самалётаў над зямлёй, З працавітай песняй дружных трактараў, З яснай электрычнаю зарой (П.Панчанка). І песня, просценькая, цёпленькая песня “са свае галавы”, просіцца на язык (Я.Брыль). І вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла... радасная хмельная песня (У.Караткевіч). Запявалам вызваўся Хлор, завёўшы разухабістую вясельную песню (Ц.Гартны). Раскутая песня не будзе больш плакаць (М.Танк). І снуюцца сумна ў сэрцы, Ўюцца адгалоскі Роднай песні Беларускай вёскі (М.Багдановіч). Пракоціцца цымбальным звонам у ціхім вячэрнім паветры здаровая, сакавітая... песня касцоў (М.Нікановіч). Я тады б у песні звонка салаўінай Выліў тугу і на вецер буйны кінуў (М.Багдановіч). Салодкай песні век не вер, Пакуль не разбярэшся — хто спявае (У.Корбан). Паміж вёскамі, па лугавой даліне, цячэ апетая ў сардэчнай песні рэчанька (Я.Брыль). Дзе вы, песні, дзе свабодныя? (Я.Купала). Не пытайце, не прасіце Светлых песень у мяне, Бо, як песню заспяваю, жаль вам душу скалыхне (Я.Колас). Поле ўздыхнула світальнай песняй (М.Танк). Свойскай песняй у слоў родных цвеце Я хачу, што ў душу мне нагоне, З вашых хат, вашых спочаных гоняў, Вашу долю, нядолю апеці (Я.Купала). Ці помніш ты сваю матулю, Што над калыскаю тваёй Пяяла песню-байку “люлі”, Снуючы ў думках рой надзей? Святую песню родных межаў, Няхітры мовы свойскі твор, З якой зліваецца звон вежаў, А рэха ловіць цёмны бор? (Я.Купала). Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сінім-сінім небе жаўранак (Р.Мурашка). Дзякуй шчыра табе, Украіны зямля, Што калыскаю ты Слаўнай песні была (М.Танк). Мы гадавалі дружбу ў песнях смелых (М.Танк). Спагадная, нудная песня плыве, Губляючы ў пушчах свае пералівы, У шэлестах белага коласу нівы (Я.Купала). Жаваранак, жаваранак, Наша радасць весняя, Падымі ты нас, гукні Срэбна-звонкай песняю (К.Кірэенка). Ува мне старадаўняя песня запусціла свае карані (Л.Геніюш). Няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня (“Полымя”). Спявае жаўранак вясне, ёй трапяткую дорыць песню (В.Жуковіч). Песня была не вельмі ўжо і хвацкая, але ў гэтыя дні... [яе] круцілі можа сто разоў... (У.Караткевіч). Калі на ўсё жыццё зачаравала, Цудоўная, як радасць напрадвесні, — Матчына песня! (К.Кірэенка). Як за дзіцё, за песню я баюся... Каб шчодраю была, нібыта восень, Каб для людзей была жаданай госцяй... (В.Лукша). А край падымаўся, пад зорамі рос, Квітнеў штовясну небывала. Яму сваю шчырую песню прынёс Пясняр непаўторны — Купала (К.Буйло). Прарэзвалася юная песня, Падрастала яна І мацнела (А.Пысін). Шмат пуцін схадзіў ён [Купала] з песняй звонкай, яркай, як дзень ясны (Я.Колас). Я... Песню азяблую сагрэць хачу... (Р.Барадулін). Над анямелай песняй жаўрука Паднятых крылаў Дым... (А.Пысін). Расою ішла песня босая... (Р.Барадулін). Каб гэткі прайсці шлях жыццёвы, бясконцы: Ад песень гаротных да велічных гімнаў,... — Мець трэба было ў грудзях сілы без меры І ў будучыню непахісную веру, Мець трэба было непакорнае сэрца (М.Танк). Ці таму гарую, Што шукаў на свеце Я святла і сонца І ўздыхаў па леце? Горкія мне песні Толькі дасталіся... (Я.Колас). Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук... (Н.Гілевіч). Той рвецца да славы шырокай, вялікай, Той — жыці нязначна, як дзеці; Той песняй азвецца нясвойскай і дзікай, Той — родную думку запеці (Я.Купала). Шуміць шумненька барок Песняй жаласнянай... (Я.Купала). Хто пачуў тваю песню жалезную, Хто астрожную скаргу пачуў? (М.Танк). Па дымных руінах пранеслі Сумленна сваю маладосць, Спявалі журботныя песні, Адчулі і гора і злосць (П.Панчанка). Пад ветрам бярозка Дрыжыць сіратліва ля гаю, Бярозка, а можа забытая песня мая (Г.Бураўкін). Плакала засмучаная песня, Узнікала над франтамі бура, Узлятала песня, як віхура (П.Броўка). Хто гэта знае: чаму на чужыне Вецер у вочы дзьме пылам заўсёды. Песня на вуснах, засмяглая, стыне, Неба глядзіць штармавой непагодай (М.Танк). Пытаю словы, што зямля дала мне: Ці перайначыў калі сэнс іх Ў сваёй нейкай легкадумнай песні? (М.Танк). Магільную песню ў душы запяе, Нашле нуды плесень на думкі мае (Я.Купала). І напаўняе нячутны хор Маркотнай песняй сціхшы двор (М.Багдановіч). Выспела песня ў душы, пакутная, набалелая... (В.Макарэвіч). Атуманіла ночанька цёмная Нашы нівы і нашы сялібы. І ўсім песню пяе непрытомную (Я.Купала). А там — пад журбой арабінавай Песня нясмелая (К.Кірэенка). Навек астаешся ты песняй няспетай, мая Беларусь (А.Бачыла). Плачуць ветры... З песняй нуднай і пастылай пралятаючы ўдаль (Я.Колас). Пачулася птушыная песня, такая порсткая, як сонечны прамень... (М.Стральцоў). Павек не паверу, каб тут у паэтаў сумна-шэрыя, посныя песні былі! (Н.Плевіч). Хай над пакутнаю зямлёй пральецца Дажджом жаданым, як слязінай весняй, Хмурынка, што на Случчыну імкнецца Тужлівай і самотнай песняй (В.Вітка). Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня! (Я.Брыль). А гулка сіроцкая песня Па свеце нясецца з трывогай (Я.Купала). Вам страшна нашай слёзнай песні І жальбы страшна вам [ворагам Беларушчыны] глухой? (Я.Купала). Песеньку заводзіць, Як жыццё, старую (Я.Купала). Народныя песні душой [пясняр] успрымаў Тужлівыя, быццам шум бору (К.Буйло).

* Думка-песня, звон-песня, песні-арляняты, песні-веснаплыні, песні-весялушкі, песні-пералівы, песня-байка, песня-быль, песня-гаворка, песня-дума, песня-жальба, песня-заклік, песня-казка, песня-калыханка, песня-крык, песня-крынічанька, песня-меч, песня-музыка, песня-навасёлка, песня-прызванне, песня-радасць, песня-рокат, песня-скарга, песня-споведзь.

Калі ж пройдуць партызаны ў нетрах баравых, Думку-песню праспяваюць Пра сяброў сваіх (М.Танк). Пад звон-песню жывучых гусляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць (Я.Купала). Песні, песні-арляняты, Вам наказ гарачы з сэрца я даю: Будзьце куляй, бомбай, мінай і гранатай, І штыком, і сілай для байца ў баю (К.Буйло). Ой, песні!.. Песні-веснаплыні, Маёй душы зялёнацвет (П.Трус). Ой, мае вы песні, Песні-весялушкі! Будзьце мне слухмяны Вы, мае пяюшкі (Я.Купала). І ў гэтых песнях-пералівах Я чуў магутнасць і разгон (П.Трус). Ці помніш ты сваю матулю, Што над калыскаю тваёй Пяяла песню-байку “люлі”? (Я.Купала). Дык дазволь жа і мне ты, краіна, Прывітаць малады твой разгон, Песню-быль, казку-сон... (Я.Колас). Схіляецца дзень к надвячорку Ў зняменні стаяць тапалі І слухаюць песню-гаворку Арыкаў ташкенцкай зямлі (Я.Колас). Акалічны народ гуслі знаў гусляра; Песня-дума за сэрца хапала (Я.Купала). Ці вас песня-жальба, Думкі, ўзгадавала? Ці людское гора Ў лесе вас спаткала? (Я.Колас). Гэта значыць — трэба мне пільней Углядацца ў далячынь-дарогу. На Марселя вуліцы хутчэй Заклік-песню кінуць на падмогу (М.Танк). Сніў наш Дон, што плынь сваю з Волгай ён магутнай зліў, А над ім палі пяюць Песню-казку плодных ніў (К.Буйло). З дажджом і сонцам дбайна даглядаў [бор] грыбоў і ягад кожную дзялянку І птушанят маленькіх калыхаў пад ветравыя песні-калыханкі (В.Жуковіч). Без хітрых шматкроп’яў і клічнікаў, Без чорнай бяздомнай тугі Плыве мая песня-крынічанька — Бярозавыя берагі (Г.Бураўкін). Ён [Купала] на ўзбраенне песню-меч Даў мужным партызанам (А.Александровіч). Водзіць [гусляр] пальцам худым па сталёвых струнах, К песні-музыцы ладзіцца, строе (Я.Купала). Тым часам песня-навасёлка Пайшла гуляць па цаліне (Н.Гілевіч). Гарманісты чародкамі ходзяць, Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон (Г.Бураўкін). А як волю ўсю пачуе, Дрэва тое ажыве, Песня-радасць запануе, У прасторы паплыве (Я.Колас). Ёй, зямлі нашай, сэрца й душа! Час было журбу заглушыць... Песняй-рокатам дужых машын (А.Звонак). Чыя песня-скарга Ў неба йдзе дакорам, К месяцу і к сонцу, І к далёкім зорам? (Я.Колас). Даўно вядома: песня-споведзь Умее абмываць душу (А.Пысін). Дзіўна тут усё і незнаёма: Песня-крык і востры пах пладоў (П.Панчанка).

Паведаміць пра недакладнасьць