ПОЛЫМЯ. I. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць; святло ад вогнішча, ад лямпы і інш.

1. Пра велічыню, форму, колер, тэмпературу (полымя); пра характар гарэння: агромністае, аранжавае, барвовае, бела-жоўтае, высокае, гарачае, густое, жоўтае, зыркае, кароткае, магутнае, не вельмі прыкметнае, невысокае, немітуслівае, непрыкметнае, неязыкастае (разм.), пунсовае, сцюдзёнае, чырванаватае, чырвонае, чырвонасмольнае (аўт.), чыстае, языкатае; грымучае, дружнае, дымнае, жыхлівае, імклівае, напорыстае, няўрымслівае, пакручастае, траскучае, хісткае, шустрае, шыпучае.

Усход гарэў агромністым пунсовым полымем (І.Шамякін). Я глядзеў на аранжавае полымя пастушковага вогнішча... (А.Пальчэўскі). Барвовае полымя шыбае ўверх роўна, бо ў гэтым бярэзніку не праймае вецер (П.Пестрак). Бела-жоўтае полымя пыхнула дзіўна не ўверх, а па зямлі (А.Савіцкі). Бой разгараўся на шырокім полі, асветленым высокім полымем ад палаца, што гарэў (П.Пестрак). Калі прарваліся аднекуль нясмелыя промні сонца, флаг узгарэўся адразу гарачым і зыркім полымем (М.Лынькоў). Толькі зіхнула ў вочы, у твар печ. Яна глядзела на хату, на нас яшчэ не густым, але ўжо гатовым полымем (Ф.Янкоўскі). Жоўтае полымя ад сухіх бярозавых пален... гарэла роўнай агнёвай шапкай (З.Бядуля). За вокнамі раз-пораз зыркім Маланка ўспыхвала... полымем (Н.Гілевіч). Тыталь адразу скочыў убок і рвануў пісталет з кабуры. Ударыла імклівае кароткае полымя (І.Мележ). А ў полі пастушкі палілі бульбоўнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску салодкую духавітую бульбу (Я.Брыль). Возьмеш асцярожна, узніжаш на лавец скварку, патрымаеш над ужо немітуслівым і не вельмі прыкметным полымем, над жарам — скварка засквярэцца, засквірчыць... (Ф.Янкоўскі). Смажылі-пяклі яе [скварку] проста над полымем, а ўмельцы надчэквалі, калі полымя адшугае, адгуляе сваё, калі на вуголлі, гарачым і чырвоным, прабягаюць рэшткі полымя, невысокага і неязыкастага (Ф.Янкоўскі). Іскры! Іскры! Сцюдзёным полымем Дыхае ў твар (М.Танк). Чырвонае полымя, падняўшы ўгару чорны дым, выскачыла вышэй прысад (І.Пташнікаў). Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырвонасмольным, жудкім полымем (Я.Купала). У печы палалі дровы. Полымя — чыстае, зыркае (Ф.Янкоўскі). Незагойнай болькай шчымяць у душы пажары над Бялынічамі: чорныя дымы ў неба, полымя вышэй дрэў — языкатае... (В.Мыслівец). Грымучае полымя імкліва кацілася па лесе (Г.Шчарбатаў). Стоячы, як прыварожаны, не распрануўшыся, толькі зняўшы шапку, я глядзеў на дружнае полымя (Ф.Янкоўскі). Падбітая машына гарэла дымным, хісткім на ветры полымем (В.Быкаў). І якое збавенне ад гэтай назойлівай, надакучлівай морасі — вясёлае цяпельца, якое так падміргвае табе сваім жыхлівым полымем (Я.Сіпакоў). Пакручастае полымя спавівала... машыны (М.Ткачоў). [Хлопцы] маўчаць, толькі ўзіраюцца ў зыркае траскучае полымя (Я.Лецка). Памяць зямлі, памяць лесу-ратавальніка святая. Не пакрыўдзі яе нават громкім словам, нават шустрым полымем (Ф.Янкоўскі).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (полымя): бацькава, вечнае, вялікае, вясёлае, дарагое, даўняе, добрае, неапісальнае, нясмелае, роднае, трапяткое, трывожнае, усемагутнае  грознае, жахлівае, жудаснае, жудкае, злавеснае злое, нядобрае, палахлівае, панурае, прагнае, пякельнае, страшнае, цяжкое.

Я стаяў перад бацькавым полымем. Свяці ж і свяціся, полымя! Як трэба яно, гэтае святло! Сваё і на сваёй бацькаўшчыне. Дзеля самой бацькаўшчыны! (Ф.Янкоўскі). Прашу, перуны, не грыміце Над полымем вечным (П.Панчанка). Яшчэ і яшчэ ўспомніцца, загаворыць простымі, непрыдуманыміі толькі шчырымі — словамі перажытае, убачанае, незабыўнае, непрыдуманае. Будзе і пра даўняе полымя на вуголлі ў горне маленькай вясковай кузні. І пра тое полымя, якому стагоддзямі засцілі, якое тушылі, якому гнюсілі чужынцы... І пра тое вялікае, усемагутнае — дзеля чалавечнасці, чалавецтва, Чалавека (Ф.Янкоўскі). Як тады [у вайну] трэба было добрае полымя! Пагрэцца, каб не скачанець, не легчы карчом. Дарагое яно, калі б можна было раскласці агонь... (Ф.Янкоўскі). Штодзень не раз бачыў помнік, пры ім неапісальнае полымя (Ф.Янкоўскі). Душою радасна-ўлагоджанай Не забывайце, што і сёння — Гарыць, гарыць мая Лагойшчына Трывожным полымем бяссоння (Н.Гілевіч). Мая любоў гадавалася пры дарагім на Бацькаўшчыне полымі. Любоў маю гадавалі і мацавалі цяжкія гады жахлівага полымя, жахлівых гадоў і перуноў над краем (Ф.Янкоўскі). З... акна шугала злое, чырванаватае полымя... (У.Карпаў). Сярод ночнай цемры золата блішчыць... жудкім полымем (Я.Купала). Ноч, на калодцы стаіць свечка і дрыжыць. Палахлівае полымя асвятляе тоўстыя бярвенні накату і маўклівыя твары байцоў (І.Грамовіч). Ужо не іскры, а снапы пякельнага полымя На галовы абрынуліся са страхі (Г.Бураўкін). Прагнае полымя ўмомант знішчыла палову вёскі, лізала магутны ствол дуба (К.Чорны). Завіруха лесавая з Вечалля Рукавом змяці Цяжкое полымя (Р.Барадулін).

II. Запал, уздым, душэўны стан: гаручае, жывое, зыркае, зялёнае, непагаснае, чырвонае.

Толькі ніхто не пагасіць ніколі ў сэрцы гаручага полымя волі. Полымя, што кожнай весняю раніцай Над непакорнай зямлёй разгараецца (М.Танк). Зачараваныя, глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым... (М.Танк). Тых, хто любіць сваю радзіму, Страх не здужае, не сгасне. Зыркім полымем, чорным дымам [маладых] успыхнуў гнеў (П.Панчанка). Мая душа — яна не спіць, Зялёным полымем шугае, Чырвоным полымем гарыць! (П.Броўка). Возьмеш яе [кнігу] у рукі — і апячэ цябе радасцю і болем, непагасным полымем чалавечых лёсаў (М.Аўрамчык).

III. Пра тое, што мае колер полымя: адвечнае, барвовае, белае, гарачае, густое, жоўтае, зялёнае, ліловае, чырвонае, ярка-барвовае, яркае  сумнае.

У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы і бярозы каля хат... (І.Мележ). Але на плошчы нечакана, Ледзь-ледзь прабіўшыся з зямлі, Барвовым полымем цюльпаны Ў Дзень Перамогі расцвілі (С.Грахоўскі). І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак (І.Мележ). Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі (І.Шамякін). Пад марш вясельны пчол з чмялямі Бялюткім полымем [вішня] гарыш (П.Броўка). Схвачана бярозка полымем зялёным (К.Буйло). Калі бачыў ты, як тут шугае Бэз ліловым полымем ля хат, Ад якога сполахі мільгаюць Ў шыбах вокан і ў вачах дзяўчат (М.Аўрамчык). Пасадзіў [дзед] рабіну, каб вечна гарэла чырвонае полымя (В.Карамазаў). Звоніць белае срэбра На яблынях, грушах, Яркім полымем Свечкі гараць каштаноў (П.Броўка). Густым ярка-барвовым полымем гараць макаўкі асін (І.Навуменка).

* Полымя-дым, светач-полымя.

У полымі-дыме Дарогі, масты перапраў (А.Пысін). Нашу яго [скарб] у жывой душы, Як вечны светач-полымя, што сярод цемры і глушы Мне свеціць між вандоламі (Я.Купала).

Паведаміць пра недакладнасьць