ПРАСТОР (прастора). Свабоднае вялікае месца, абшар, абсяг; свабода, раздолле.

1. Пра колер, празрыстасць паветра; пра неагляднасць, бясконцасць (прастору): аксамітны, белы, блакітны, бліскучы, бязвоблачны, залаты, залацісты, зіхатлівы, зорны, зялёны, іскрысты, празрысты, светла-зялёны, светлы, сівы, сіні, сінявокі (аўт.), чарнабровы (аўт.), чысты, ясны  затуманены; агромністы, безгранічны, бяздонны, бязмежны, бязмерны, бясконцы, бяскрайні, вольны, вялікі, далёкі, неабдымны, неабсяжны, неаглядны, прывольны, раздольны, свабодны, цёмна-дальні (аўт.), шырокі.

Песня льецца ў прастор аксамітны, Адгукнецца за ўзгоркам пакатым, Мятным водарам жнейка аблітая Са жніва паспяшае дахаты (П.Трус). Вёска адплывала... у белую іскрыстую прастору (В.Карамазаў). Убачу народ — непахісны ў змаганні, І роднага неба блакітны прастор (К.Буйло). Града снегу, на якой пракладзены дзве каляіны палазоў, — брудная дзяга, кінутая на гэтым чыстым бліскучым прасторы (Я.Брыль). Кліча ранак і жней, і сярпы На прастор свой бясконцы Жаць прастор залаты — Жыта колеру сонца (А.Куляшоў). Як ты сэрцу майму міла, Дарагая Беларусь! Залацістыя прасторы, Незлічона ясных зор... (П.Броўка). Я доўга глядзеў на зіхатлівы азёрны прастор (С.Грахоўскі). Бо хто знае, колькі дарог Прайсці давядзецца па зорных прасторах... (М.Танк). Яно [возера] паглядае, як сіняе вока, з бязмежнага зялёнага прастору зямлі (П.Броўка). І прастор празрысты, светлы Поўніцца зноў гулам пчоллім (В.Вітка). Шумяць і бушуюць сівыя прасторы [мора]... (А.Звонак). Ад Карэліч на Любчу пачынаецца лагодная роўнядзь... з светла-зялёнымі прасторамі слаўнага лёну... (Я.Брыль). Сябры! Прыгожая зіма У нас па ўсёй краіне, Нідзе на свеце больш няма Такой прасторы сіняй (П.Глебка). На заводах, на фабрыках дымных, Дзе палёў сінявокі прастор, — ...Іх [маладых] злучае юнацкі задор (М.Чарот). Іграй [скрыпка] — прасторам чарнабровым. Праз дым і чад я змог дыхнуць (У.Някляеў). Лес адшумеў, расступіўся: перада мною бясконцы ясны прастор (Я.Скрыган). І ў затуманеным прасторы Ці то ў душы маёй плылі Вачэй бяздонныя азёры, Крылатых броваў жураўлі... (Г.Бураўкін). І вось я на зямлі сібірскай... Усё тыя ж бязмежныя прасторы, якія здзіўляюць, уражваюць (А.Пысін). Бяскрайнія прасторы ляжаць перад ім [Сцёпкам] (Я.Колас). Перад ім [Саўкам] той самы вялікі і шырокі прастор, якога ён не заўважаў раней... (Я.Колас). Хмары так хочуць шырокага, вольнага Ў небе прастору, бясконца раздольнага, — Хочацца шпарка па небе лятаць... (А.Гурло). Сівы рыбак. Ён любіць мора За неабсяжныя прасторы, За шум прыбою неўгамонны, За подых штармавы, салёны (М.Танк). Усё заззяла, і прасторы сталі неабдымнымі (К.Чорны). Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы (Я.Маўр). І заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі Сінія касачы (П.Панчанка). Засынаў цёмна-дальні прастор (П.Трус). Вось яны, прывольныя прасторы роднай зямлі (М.Аўрамчык).

2. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (прастору): абуджаны, велічны, дзівосны, дрымотны, жывы, звонкі, каласіста-спелы (аўт.), лагодны, пеністы, родны, святы, спакойны, сцішаны, ціхі, цудоўны, шаўковы (аўт.)  гнеўны, знямелы, маўклівы, неспакойны, нязнаны, сірочы, сонны, тужлівы.

Ад сініх полацкіх азёр Да ціхіх тураўскіх нізін Шуміць абуджаны прастор (А.Александровіч). Тры сэрцы мужных, тры народы Дняпра спакойны велічны прастор Злучае плынню яснай назаўсёды (А.Зарыцкі). Спакваля, марудна вяртаўся Захар з тае дзівоснае прасторы і зноў, як бы нанова, адкрываў сабе свет (А.Савіцкі). Вось з дрымотных прастораў начных шум данесла рака... (А.Куляшоў). На лагодным агромністым прасторы неба не было ні адной хмурынкі (І.Мележ). Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Як толькі заціхнуць і буры і шторм, Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў Бязмежны, жывы, неспакойны прастор (С.Грахоўскі). Мо знайшоў бы я сад вінаградны, Каб не звонкі жытнёвы прастор, Дзе любоў колас коласу шэпча, Дзе легенды расказвае бор (А.Русак). Далей за ракою — лугі, за імі каласіста-спелыя прасторы палёў... (Я.Брыль). Не зразумела мне адно: У гнеўных пеністых прасторах Як утрымала палатно Стыхію, што названа морам (Ю.Свірка). Сок родных вясновых прастораў Хай чэрпае кожны рукой (М.Танк). Не прасочыцца вораг да прастораў святых (В.Шымук). Ах, хараство вераснёвае — Сцішаны, ясны прастор, Шчырай лагодай прасякнуты ён (А.Зарыцкі). Пайшла за ціхія, далёкія прасторы Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве (А.Куляшоў). Раніца. Цудоўныя прасторы... (У.Дубоўка). За гэты мурожны шаўковы прастор Гатоў я памерці цяпер (П.Броўка). Так зычліва ззялі зоры, Мабыць радыя вясне, А знямелыя прасторы Штось таілі ў цішыне (Я.Колас). Час той схаваўся за дальняй гарою, Здасца хвілінай — яна прада мною. Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор. Пахне чабор (П.Броўка). А юным — заўтра між тых зор Ісці ў нязнаныя прасторы... (К.Кірэенка). Выбухі гармат абуджалі гулкім рэхам сонныя прасторы поля (М.Лынькоў). Быў тут нейкі тужлівы прастор, як на старым забытым дварышчы (М.Стральцоў).

* Прастор-бязмеж, шыр-прастор.

Ёй [Мар'яне] так хацелася шчасліва абняць увесь прастор-бязмеж (Н.Гілевіч). Сцяпан на момант прыпыніўся, Абвёў паглядам шыр-прастор (Н.Гілевіч).

Паведаміць пра недакладнасьць