САСНА (сасонка). 1. Пра вышыню, таўшчыню і характар ствала, форму кроны; пра колер, пах (сасны): выносістая, выносная, высозная, высокая, вялікая, гіганцкая, гонкая, мажная, моцная, рослая, стройная, стромая, стромістая, стромкая, струнка выцягнутая, стрункая (разм.), танкаствольная, танклявая, тоўстая, цяглая (разм.)  драбнюткая, дробная, каравая, каржакаватая, кражыстая, пакручастая, пахілая, сухая, шурпатая; бухматая (разм.), густая, кашлатая, кучаравая, пушыстая, разгалістая, разложыстая, сухаверхая; бронзава-залацістая (паэт.), бронзавая, духмяная, залатакорая, залатая, залацістая, імглістая, меднакорая, меднастволая, медна-чырвоная, медная, мядзяная, светлая, смалістая, чырванастволая, чыстая, чысцюткая  рудая, рыжая, ссівелая, чорная.

Абапал дарогі — тоўстыя, выносістыя сосны (Б.Сачанка). Чаму ты стаіш невясёлая, З кронай пушыстай, шырокаю, Выносная, меднастволая, Сасонка мая адзінокая? (К.Буйло). На медныя ствалы высозных соснаў над захадам упалі промні сонца (В.Жуковіч). А сосны, гіганцкія сосны, Як варта стаяць на зямлі... (“Маладосць”). А вуха да гонкай сасны прытуліш — Яна адгукнецца затоеным стогнам (П.Панчанка). Калі сосны на схілах заціхаюць зусім, у той затоена шчаслівы, рэдкі час маўчання і непарушнасці, проста не верыцца, што яны — такія моцныя, такія гордыя, такія меднастволыя — могуць гойдацца, паддаючыся кожнаму ветрагону (Я.Брыль). З-за плячэй сасонак рослых узнімаецца рассвет (П.Панчанка). Запальвалі пасля агонь вялікі І ў стройных соснах смажылі пражмо (А.Куляшоў). Збудзіўся стромых сосен звон (М.Танк). А хто — калі і дзе на свеце — Пытаў у стромістай сасны, Што лепш ёй: кідацца пад вецер Ці быць ёй дошкай?.. (К.Кірэенка). Там адзінока на кургане Стаяла стромкая сасна (П.Трус). Настылыя, струнка выцягнутыя сосны нібыта ўслухоўваюцца ў высокае неба (А.Жук). Сасонкі танкаствольныя абуджаны ў бары (А.Александровіч). У цяглых сосен праз гушчэўе веек Глядзіць сцярожка неба сінізна (Н.Мацяш). Драбнюткія сосны Застылі ў маркоце (П.Броўка). Ліст, ціха шоргаючы па каравай сасонцы, паволі падаў долу (Р.Ігнаценка). Сасна стаяла пры паляне, кражыстая, з кучаравай шапкай старых галін (М.Гамолка). [Носке] стаяў, прыхінуўшыся плячом да каржакаватай тоўстай сасны (М.Гамолка). З бліжняй пакручастай сасонкі пырхнула маленькая куцахвостая пташка... (В.Быкаў). Вось пахілая сасонка, якую, мабыць, нейкі звер спрабаваў сагнуць (А.Савіцкі). Вельмі ўжо не хацелася вылазіць на макрэдзь з-пад гэтай сухой разложыстай сасны (В.Быкаў). Сосны, шурпатыя знізу і бронзава-залацістыя ў вышыні, цягнуцца да неба (А.Пысін). Адна смелая бухматая сасонка выбралася ажно да самай бруістай вады (К.Кірэенка). Чаму я гэтак вас люблю... І той гаёк з кашлатых сосен, Якім — куды да тапалёў! (П.Броўка). На Нарач кладуцца сівыя туманы і беляць чупрыны кучаравых сасонак (М.Хведаровіч). Разгалістыя сосны, быццам зялёныя шатры, раскінуліся на пясчаным узгорку ўскрай лесу (Я.Колас). На левым беразе засталася толькі адна сухаверхая сасна (І.Шамякін). Я хацеў блукаць Белавежай на золаку росным, Дзе з зубрамі сябруюць духмяныя гонкія сосны (П.Панчанка). І шуміш над салёнымі хвалямі, Як сасонка залатакорая, Незахмараная, незахваленая, Непаўторная Чарнагорыя (Г.Бураўкін). Шкада было жыццё ёй [Раіне] пакідаць, Далёкі шлях вячэрняе зары... І сосны залацістыя ў бары (М.Танк). І бачыў я... Узлёты ўзгоркаў і разгон З імглістымі сасёнкамі (П.Броўка). І дружна, корань да кораня, дружна, ствол да ствала, стромкія, меднакорыя цягнуцца [сосны] да святла (А.Вярцінскі). Дарогу абступіў чысты бор з меднастволымі гонкімі соснамі (Т.Хадкевіч). Дарма злуешся ты [вецер] сягоння і націскаеш на басы, Ты паглядзі — на медных соснах твае сівыя валасы (П.Броўка). Чысцюткія і светлыя, мабыць, заўсёды яны [сосны] яшчэ чысцейшымі і святлейшымі рабіліся пад сонцам (В.Карамазаў). З чырванастволай гонкаю сасной Вітаюся, як даўнішні знаёмы (В.Вітка). Між сасонак стройных, рыжых Хлапчукі ляцяць на лыжах (В.Лукша). Ссівелыя сосны на ўсе галасы Гудуць і звіняць... (С.Грахоўскі). Стаіць сухая, чорная сасна Як даўні сімвал тлену і нябыту (Н.Мацяш).

2. Пра ўзрост (век) сасны: адвечная, векавая, векавечная, вячыстая, даўняя, маладая, спрадвечная, стогадовая, шматгадовая.

О, мой адметны снег лясны, з якой ты выпаў цішынёю і незямною чысцінёю у край адвечнае сасны (В.Жуковіч). Ля гэтых сосен цяглых, векавых Не ўспомніць нельга грозных дзён мінулых І партызанскіх вогнішчаў і тых, Чые курганы слава ахінула (М.Танк). Мурава шавеліцца прымятая, І сасна вячыстая гудзе (“Маладосць”). Яна ж [рэчка]... змыла грэблі і зноў туды рынула, Дзе пад ветрам шумяць, расхістаўшыся, Яе даўнія сосны бусліныя (М.Танк). Там гамоняць сосны стройныя, Маладыя, неспакойныя (К.Кірэенка). Я не раю, сябры, Забывацца чытаць З крыгаходу, вясновага Гулу і звону, З шуму сосен Спрадвечных, З блакіту нябёс Свой лёс (М.Танк). З высокага пагорка над стогадовымі меднастволымі соснамі быў Дняпро (П.Броўка).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (сасны): гаманлівая, гордая, думная, задорна-смелая (аўт.), задорная, звонкая, казачная, незаменная, прыгожая, пявучая, пяшчотная, смелая, урачыстая, ціхая  адзінокая, анямелая, безыменная, бяссонная, дзікая, журботная, засмучаная, маўклівая, нерухомая, неспакойная, нямая, няўклюдная, панурая, расстайная (паэт.), смутная, снежная, сонная, сумная, суровая, хударлявая (аўт.).

Кроячы хлеб, па прывычцы і сёння Скібы кладзём і для тых, хто не ўстануць З-пад соснаў гаманлівых, бяссонных (М.Танк). Абыду сцяжынкі гаю, Падыду да гордых соснаў: Там ніхто не запытае Пра мой смутак невыносны (П.Панчанка). Сосны думныя, незаменныя, Адсочак падсумкамі аперазаныя, Безыменныя (Р.Барадулін). Там задорна-смелыя Сосны параслі, Там бярозы белыя Нікнуць да зямлі (П.Глебка). Я чую, як пахне смаловае вецце, Як стукае дзяцел па звонкай сасне (С.Грахоўскі). Я хацеў бы, каб нават тады, Як мае абарвуцца гады, Не паверылі ў смерць песняра: Ні прадвеснага ранку зара, Ні птушыная ў полі сям’я, Ні бурлівая Нарач мая, Ні пявучыя сосны ў бары (М.Танк). Адразу за агародам бор, урачыстыя, гонкія сосны (І.Навуменка). Смелая сасна вырасла на самым абрывістым беразе (К.Кірэенка). Будуць нявесела стаяць сосны, засмучаныя і ціхія (А.Жук). Гонка і высока стаялі адзінокія сосны (М.Стральцоў). Тут прывольна і зацішна... між сасонак анямелых... Між дубоў вячыстых (Н.Гілевіч). Маўклівыя сосны стаяць... Ад нізу да самай вяршыні гары (С.Грахоўскі). Дзед глянуў туды і сюды, Стаяць нерухомыя сосны (Я.Колас). Там гамоняць сосны стройныя, Маладыя, неспакойныя (К.Кірэенка). Соснаў вакол бальніцы было шмат, яны раслі гуртам, а гэтая, каржакаватая і няўклюдная, узабралася на пагорак (В.Іпатава). Вада... падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца, здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа выйшлі тут на край абрыву (Я.Брыль). Бачу маленства млечныя далі, Постаці соснаў нямых (А.Пысін). Там, дзе расстайныя сосны стаяць, Нарачы хвалі ўскіпаюць на кручах (М.Танк). Я нясу вам дар Братніх скіб і сяліб, Смутных сосен і ліп, Думак дар, сэрца жар, — Вольных, звонкіх песень чар (Я.Купала). Сонныя выносныя гордыя сосны! Шмат вы ўжо носіце сонечных вёснаў (Я.Купала). Сумныя сосны задумна маўчаць (А.Бачыла). На ўзбярэжжы пунсовыя клёны І суровыя сосны маўчаць (С.Грахоўскі). Дарога ішла лесам. Паабапал раслі хударлявыя сасонкі і пакалечаныя бярозкі (Л.Гаўрылкін).

* Сасна-прыгажуня, сасна-струна, сасонніца-сасна  сасна-векавуха, сасна-калека, сасна-ўдава.

Эх, сасонніца-сасна, Дні суровыя. Бервяно да бервяна — хата новая (А.Александровіч). — Пашкадавалі? — кіўнуў ён [Васіль] на сасну-прыгажуню (І.Шамякін). Край балот, нізін, азёраў наскіх, край лясоў, маўклівых сосен-струн... — Дарагая сэрцу Беларусь (П.Трус). І ўсплывуць адгалоскі віны У душы пад сасной-векавухай (Р.Барадулін). Толькі нічога забыць не магла ты, Памяць мая! Скруткі калючага дроту — засекі, Гул кананады, дарогі вайны, А на пажарышчах сосны-калекі Ды курганы (М.Танк). І купка ўдоў-сасёнак на пагорку, Куды мой бацька, дзіўны чалавек, Стаміўшыся шукаць у небе зорку, Як у падполле, адышоў навек (П.Макаль).

Паведаміць пра недакладнасьць