ХВАЛЯ (хвалі). I. Вадзяны вал, які ўтвараецца ў выніку гайдання паверхні вады.

1. Пра вышыню, форму хваляў, пра характар гайдання: барадатая, буйная, бурліва-кіпучая, бурлівая, бурная, быстрацечная, высокая, вялізная, вялікая, гладкая, гонкая, гранітная, грувасткая, грывастая, густая, доўгая, дробная, зыбкая, зыбучая, імклівая, калматая, касматая, кіпучая, косая, крутабокая (аўт.), круталобая (аўт.), крутаплечая (аўт.), крутая, кудлатая, кучаравая, лёгкая, магутная, малая, маленькая, мускулістая, мяккая, накатная, напятая, наструненая, нізкая, няспешная, павольная, пакатая, паўнагрудая (аўт.), пеністая, пенная, перакатная, плывучая, пругкая, рабрыстая, разгульная, свежая, спакойная, стромкая, тугая, узбунтаваная, уздыбленая, ускаламучаная, успененая, хліпкая, хуткая, шпаркая, шыракаплечая (аўт.), языкатая.

Барадатыя хвалі твае [горнай ракі] Захавалі глыбокую памяць... (П.Броўка). О, бурліва-кіпучыя хвалі! Вам не страшны пажар навальніц (П.Трус). Колькі ў Нёмне бурлівых хваль... Столькі верных вартуе сыноў (Л.Геніюш). Нібы на хвалях быстрацечных, Дні гасцявання праплылі (А.Бачыла). Сцяпан стаяў на беразе, а перад ім дыбіліся і гойдаліся высокія калматыя хвалі (І.Дуброўскі). Набягалі на скалы пявучыя... Вялікія пенныя хвалі (А.Астрэйка). Баркас лёгка вынесла на бераг гладкая хваля (Э.Самуйлёнак). Захару здавалася, што... белая гонкая хваля зыбае і нясе іх... (А.Савіцкі). Грывастыя жоўтыя хвалі [Салара] Не ведаюць сцішаных мар (Я.Колас). Мора гранітныя хвалі... І ты, што мяне кахала... (У.Караткевіч). Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы (Я.Колас). Дрогкай хвалі шаўковы шолах Запрашае ў блакітны рай (П.Макаль). Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі (П.Панчанка). Па вадзе забегалі зыбкія маленькія хвалькі, пайшлі блішчастыя пухіркі, якія хутка бясшумна лопаліся (М.Лупсякоў). На хвалях зыбучых, нібы ў гамаку, Гайдаецца баржа пустая (М.Смагаровіч). Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імклівых хваль (З.Бядуля). Праз вір вятроў, Праз лютасць хваль касматых Ляжыць іх [журавоў] шлях, далёкі і цяжкі (П.Панчанка). І мора кіпучыя хвалі ўздымае (М.Танк). Косыя хвалі адна за адной набягалі на бераг... (Я.Бяганская). Возера аж пенілася ад крутабокіх хваляў (М.Гамолка). Павольна адзінокі параходзік Грабецца супраць круталобых хваль (С.Блатун). Я папрашу крутаплечыя хвалі, Каб сонца не падганялі (Р.Барадулін). Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль (М.Лынькоў). Глядзеў з прыбярэжных дзюн Чабан на кудлатыя хвалі... (П.Макаль). У золаце ранку мігцяць, пераліваюцца кучаравыя хвалі мора (Я.Журба). Хваля, надта нізкая, падмыла далягляд (Т.Бондар). Берагі ваду бяруць у рамку, Каб рака трымалася напрамку, Каб, як ранца, караблі насіла Мускулістых пругкіх хваляў сіла (П.Макаль). Шалясцелі мяккія няспешныя хвалі (М.Гамолка). Хвала напятай хвалі, што пяе... (П.Макаль). Напінаецца, вагаецца наструненая, нібы пража, хваля і, калыхнуўшыся апошні раз, разбіваецца з шумам (М.Стральцоў). Празрыста-сіні след... клаўся... на пакатыя хвалі (А.Савіцкі). Нас вада салёная трымае Весялей, чым прэсная вада. У абдымкі цесныя прымае Паўнагрудых хваляў чарада (С.Гаўрусёў). Рабрыстых хваль глухія ўздыхі, Валоў няспынны гул грудны, Ваш цёмны стогн і шэпат ціхі Цяпер не кожнаму чутны (С.Гаўрусёў). Курортны народ назіраў Хваляў плывучых плойму (П.Макаль). І вецер хвалі пругкія лістае (П.Макаль). Смяюцца зайчыкі на свежых хвалях (У.Караткевіч). ...Сонечныя зайчыкі, нібы прабуючы сваю моц, лягуць на спакойныя хвалі ракі (І.Навуменка). Берагі глуха гулі ад цяжкіх накатаў узбунтаваных хваль (М.Гамолка). Уранні сонца выліла агонь На хіб шчаціны хісткага аеру, Схавалі хвалі хліпкія яго... (Р.Барадулін). Я з паходнай кайстраю нямала Вёрст прайшоў і раніцай І ўвечар Ад бярозак краю Калевалы Да сібірскіх хваль шыракаплечых (В.Лукша). Лапатала рака языкатымі хвалямі... (В.Лукша).

2. Пра колер, афарбоўку, празрыстасць, тэмпературу (хвалі): барвовая, белагрывая, белапенная, беласнежная, белая, бірузовая, блакітная, бліскучая, бурштынная, жамчужная, жоўтая, залатая, зялёна-празрыстая, зялёная, ізумрудная, іскрыстая, крыштальная, ліловая, люстраная, празрыстая, светлая, серабраная, серабрыстая, сівагрывая, сівая, сіняя, срэбралітная, сталёвая, цёмна-сіняя, цёмная, чырвоная, шэра-зялёная, шэра-халодная, ярка-ізумрудная  каламутная, крывавая, свінцова-шэрая, свінцовая, сцюдзёная, халодная.

Хоць і даўно супакоіўся вецер, хвалі каціліся і каціліся — барвовыя, частыя... (В.Хомчанка). Белагрывыя хвалі з шумам узляцелі на бераг, кідаючы ў твар халоднымі пырскамі вады (Я.Бяганская). Хваля белая ў беразе плёхкала... (Р.Барадулін). Цемна-сінія хвалі на схіле грэбняў становяцца то ярка-ізумруднымі, то бірузовымі (В.Вольскі). Тут, каля крынічкі, кіпела жыццё... Хацелася... крыху адпачыць у прахалодзе бліскучых хваль... (Я.Колас). Бывайце ж, азёрныя далі!.. Вашы бурштынныя хвалі не раз маю думку люлялі... (П.Пруднікаў). Возера пакрылася дробнымі іскрыстымі хвалямі (М.Чарняўскі). ...Жоўтыя хвалі Не ведаюць сцішаных мар (Я.Колас). Я кідаюся ў залатыя хвалі, Крычу, аж сэрца замірае ў шчасці... (В.Вітка). І другім часам глядзеў бы і глядзеў Дубок на гэтае мора, не адрываючыся, слухаў бы шолах яго зялёна-празрыстых хваль... (М.Лынькоў). Зялёныя хвалі бягуць за пяскі, Прыбой неадступна шліфуе каменне (К.Буйло). Разгневаная Прыпяць высока ўздымае свае празрыстыя хвалі, кідаючы іх адну за адной на нізкія берагі (І.Навуменка). Хвалі ўсё плылі серабраныя, зліты месяцам, ветрам гнаныя (Л.Геніюш). І дзе на свеце ёсць такая, Як Нёман, рэчанька другая? Тут хвалі светлы, срэбралітны... (Я.Колас). Вадой маўклівай, часам замучонай Плыве Дунай — і раптам уздыхне То хваляю зялёнай, то чырвонай (У.Някляеў). Серабрыстыя бляскам, крыштальны красою... Куды ж яны [хвалі] рвуцца, куды?.. (А.Гурло). І можна было глядзець чалавеку, як шэра-зялёныя хвалі бягуць (А.Русецкі). Рака пачала пашырацца ў мой бок, насядаючы шэра-халаднаватымі хвалямі на мае туфлі... (Я.Брыль). Зліўшыся з чыстымі водамі, гэтая твань паволі асядае на дно, і каламутная хваля чысцее (В.Палтаран). Б’юцца крывавыя хвалі аб рыфы, У бераг... (М.Танк). Дзе Дон каціўся хваляю сцюдзёнай, А дым зямлю адзеў у чорны крэп, Ішоў з брыгадай ты праз стэп (К.Буйло).

3. Пра ўражанне, псіхалагічнае ўспрыняцце (хвалі): вольная, вясёлая, гаючая, гулкая, гуллівая, дураслівая, жывая, жычлівая, закалыханая, заспакоеная, звонкая, лагодная, ласкавая, мімалётная, няўрымслівая, пяшчотная, спеўная, трапяткая, чулая  абамлелая, абвялая, адчайная, грозная, грымлівая, грымучая, звар’яваная (разм.), злосная, лютая, лянівая, маркотная, млявая, палахлівая, раззлаваная, раз’юшаная, раз’ятраная, скамечаная, сонная, стомленая, сярдзітая, упартая, шалёная.

Я прыйшоў адтуль, дзе Свіцязь Плешча хваляю гаючай (А.Зарыцкі). Дык ідзі ж, мая краіна, Гулкай, светлай хваляй... (Я.Колас). Люблю [Нёман] твае жывыя хвалі... (А.Русак). Лагодна пляскае вясло Па гладзі хваль закалыханых (П.Макаль). [Ранак] паром заспакоенай хваляй Прыгнаў да вусця ў лазнякі (К.Кірэенка). Эх ты, разводзейка! Эх ты, бурлівае! Ты аднаўляеш, купаеш зямлю; Вынясі ж, вынясі хваляй жычліваю К лепшаму шчасцю людскую сям’ю! (Я.Купала). Перад блакітным алтаром тваім [Нарач] Трымаю споведзь і прашу прабачыць, Што я наважыў одумам сваім У гэтых звонкіх хвалях парыбачыць (Н.Гілевіч). Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі (С.Грахоўскі). Я рукой мімалётную хвалю крануў — І ты, мора, мне стала і родным, і блізкім (П.Панчанка). Колькі патрэбна было перадумаць Думак і дум — і пякельных і горкіх, — Каб дачакацца вось гэтага берага... і хвалі няўрымслівай... (К.Кірэенка). Прадчуванне вясны... І пяшчотныя хвалі ракі нясуць мяне ўдаль... (“Маладосць”). Сонца хвалі спеўныя серабрыць (Л.Геніюш). Добра нам адным сядзець у змроку, Слухаць плёскат абамлелых хваль (К.Буйло). А Нёман гамоніць, сярдзіта шуміць, і коцяцца грозныя хвалі (П.Трус). Успененыя хвалі кідаліся ў змроку, грымлівыя, лютыя (Э.Самуйлёнак). [Хвалі] наплываюць на пясчаны бераг... і, стомленыя, абвялыя, адкочваюцца назад (Т.Хадкевіч). ...Недзе задуменна плёскалі ў бераг маркотныя хвалі... (М.Зарэцкі). Зноў рака, зноў відовішча звар’яваных хваль (У.Караткевіч). Жамчужна-блакітная рака ледзь шалахцела млявымі хвалямі (У.Караткевіч). І плывуць пад ветрам Хвалі палахлівыя (Я.Пушча). Шэры каменьчык... Жоўтае дно... Хвалі скамечаны, як палатно (Д.Бічэль-Загнетава). Любуюся над соннай хваляй адметным горадам старым (В.Жуковіч). Што шуміш так, мора, Гулам несціханым, Гулам хвалі чорнай, Хвалі раззлаванай (А.Александровіч). А мора падкідвае раз’юшаныя хвалі ў самае неба (З.Бядуля). Каменні варочае хваляй цяжкой Мора (П.Макаль). Хочацца... Маўчаць і слухаць дзень цэлы... Як хваля хітрая вуркоча (В.Вярба). Упартай хваляй рвецца мора Кудысь у далёкія прасторы (А.Гурло).

* Пяюхі-хвалі, хвалі-віхуры.

На вольны свет, на рэчку-дзверы, пяюхі-хвалі цешаць слых... (Е.Лось). І рук загарэлых узмахі па хвалях-віхурах... (Д.Бічэль-Загнетава).

II. Тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі: агністая, агнявая, белагрывая, гулкая, густая, драбнюсенькая, драбнюткая, дробная, залатая, зялёная, імклівая, каласістая, кароткая, крутая, лагодная, ласкава-халаднаватая, ласкавая, мяккая, нестрыманая, срэбная, сярэбраная, трапяткая, цёмна-зялёная, цёплая, чулая, чырвоная, чыстая, шыза-сіняя, шызая  ацяжэлая, гарбатая, крывавая, цяжкая.

Па зубчыках дрэў і сапраўды коціцца, паўзе на будку гарбатая і агністая... хваля (А.Савіцкі). Бляск па небе разліваўся хваляй агнявою (Я.Колас). Направа — накат за накатам — белагрывыя хвалі [жыта] (Я.Брыль). Абуджайце песняй далі [маладыя], Нестрыманай, гулкай хваляй К новым перамогам (Я.Колас). Хвалямі густымі льецца жыта ў палёх (Л.Геніюш). Здавалася, што густыя хвалі [водару] ідуць не ад зямлі пад соснамі, а выкатваюцца з маладога ядлоўцу (А.Савіцкі). Полымя ледзь-ледзь падхопіцца, пакоціцца, нібы драбнюсенькая і кароткая хваля сіняга агеньчыку, і знікае (Ф.Янкоўскі). Залатыя хвалі пшаніцы і сярэбраныя хвалі жыта коцяцца праз увесь вялізны абшар, радуюць сэрца старшыні (“Беларусь”). Хай жа зялёнымі хвалямі, Жытам рунеецца час! (А.Звонак). Не паспееш пазавіхацца каля ўчарашняга цяпельца, ажыўляючы заінелыя галавешкі і вугалі, а ўжо чуеш: пабегла над табою ў паветры лагодная імклівая хваля (К.Кірэенка). Пад рукамі маладзіцаў лён ды з песнямі паплыў, мігатліваю крыніцай, каласістай хваляй ніў (Л.Геніюш). Ходзіць хваляй, чыстай і крутой, Поле жыта (Н.Мацяш). Ветрык з’явіўся адразу, забегаў па шчоках Санькі, ласкава-халаднаватай хваляй урываючыся праз левае акно (Я.Брыль). Мяккія хвалі жыта, калі яно каласіцца,... ранішнія росы ў лагах блакітам ляглі па зялёнаму (В.Ждановіч). Месяц дае ў паднябессі У срэбныя хвалі нырца (А.Звонак). Як сканаю — душа застанецца... Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы (У.Караткевіч). Цёмна-зялёнымі хвалямі прасціраліся да небасхілу і хаваліся ў сіняй смузе векавыя непраходныя пушчы (Т.Хадкевіч). І ціхі вецер камяком гарачым На міг маё дыханне перахопіць... І цёплай хваляй Ён плыве ўладарна (Г.Бураўкін). Пад ціхім ветрам яны [жытнія палі] пераліваліся цёплымі трапяткімі хвалямі (М.Лынькоў). Цяжкія хвалі каласоў плылі... (П.Панчанка). Ля Сіняй бухты хваляй чулай Туман да берага паўзе (В.Вярба). Не жоўтыя клёны, Не зоры мяне ўсхвалявалі, — Чырвоныя хвалі, Руінаў чырвоныя хвалі (П.Панчанка). Ясным днём палі пераліваліся квеценню лугавін, шыза-сінімі хвалямі жыта (Т.Хадкевіч). Пахкае жыта кінула пад ногі ацяжэлыя хвалі (К.Кірэенка). І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй заліваюць край (Я.Колас).

III. Прыліў, праяўленне пачуцця, адчування: гарачая, лёгкая, літая, мяккая, пяшчотная, трапяткая, цёплая, чыстая  бясконцая, вогненная, горкая, грымлівая, даўкая, змрочная, ліпкая, ліпучая, тлумная, цяжкая, шархоткая, шчымлівая, ярасная.

Зноў стукае ў сэрца гарачаю хваляй Далёкая памяць тых вёснаў і лет (А.Бачыла). Гарачая хваля ўдзячнасці... захлынула яго [Васіля] (І.Шамякін). Быццам нейкая лёгкая і чыстая хваля падхапіла і несла яго [Васіля] (М.Стральцоў). І памяці хваля літая У гулкую сечу шпурне (С.Законнікаў). Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля (П.Місько). Прадчуванне вясны... Ці тады яно пачалося, Калі ты мяне хваляй пяшчотнай нясла ў акіян забыцця (Р.Барадулін). І вогненнай хваляй бясконцай, Як токам мяне праняло (А.Бачыла). Абуджаныя гэтымі словамі [песні] сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу... (І.Мележ). Усё... разам грымлівай цяжкай хваляю абрынулася на Захара (А.Савіцкі). Змрочнай ліпучай хваляй падціснула сэрца туга і адзінота, нарадзілася нечаканая крыўда на Захара (А.Савіцкі). Наста быццам плыла на гарачай тлумнай хвалі... (А.Савіцкі). Млявасць расплылася па змучаным целе. Але пад ёй [Настай] усё яшчэ жыла шархоткая хваля... (А.Савіцкі). З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымалася ярасная хваля (“Полымя”).

Паведаміць пра недакладнасьць