ЦЕМРА (цемната, цьма). Адсутнасць святла, густы змрок: аглухлая, акамянелая, аксамітная, апраметная, белая, беспрасветная, бяздонная, бяскрайняя, варожая, ваўчыная, вечная, вільготная, глухая, глыбокая, горкая, грозная, густая, дабратворная, жахлівая, завейная, завірушная, застылая, зацятая, зласлівая, злая, злосная, імглістая, колкая, крамешная, летняя, лёгкая, марозная, маўклівая, мройная, мутная, навальнічная, непраглядная, непранікальная, непранікнёная, нямая, няўтульная, падманлівая, падманная, панурая, панылая, прамозглая, пудкая (разм.), рыхлая, санлівая, сляпая, сонная, страхлівая (разм.), сцюдзёная, таямнічая, халодная, цвёрдая, цягучая, чарнільная, чорная.

Чалавек прыслухаўся: навокал аглухлая цемра хутара... (К.Чорны). [Ганна] васільковымі вочкамі ўпілася ў цемру аксамітную (М.Нікановіч). Слуп агню прарэзаў апраметную цемру (У.Караткевіч). ...У тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая, завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко... вяртаўся з карчмы пехатою (Я.Брыль). Ні агеньчыку, ні водбліску, адна бяскрайняя цемра (В.Хомчанка). Цемра бяздонная, Хоць выкалі вока, Белага свету нідзе не відно (П.Глебка). Сядзіць і ходзіць па святліцы [Сушко], углядаецца ў цьму за акном, варожую і зацятую ў сваёй немаце (Я.Колас). Блакітны агеньчык бліснуў у вечнай цемры пячоры (У.Шыцік). Ты скажы мне, цьма глухая: Доўга будзеш ты, ляжаць? (Я.Колас). За акном была глухая непранікальная цемра (Э.Самуйлёнак). Цемра ночы знікла, горкая, густая (А.Александровіч). Бязлюдна ў цемры густой Шапоча бярозавы ліст (А.Звонак). Над садамі, над хатамі і талай зямлёй павісла густая, вільготная цемра (А.Кулакоўскі). Потым у акне пагасла святло — і вуліца захлынулася густой, колкай цемрай (Б.Мікуліч). Смерць прыходзіла не ў дабратворнай цемры, а ў шаленстве фарбаў і колераў (У.Караткевіч). Зласлівая цемра лягла над зямлёю (А.Александровіч). Неба на захадзе, якое святлела доўгі час пасля захаду сонца, пачало агортвацца ў лёгкую летнюю цемру (Я.Колас). З падманлівай санлівай цемры высоўваліся насустрач вартаўнікі з дубальтоўкамі (М.Паслядовіч). Белыя маланкі то азаралі дачны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру (Е.Лось). Бацька зноў запрог беднага коніка і зноў нырнуў у сцюдзёную, завейную ваўчыную цемру (К.Кірэенка). Навальніцы няма, навальніца сышла, Хмары далей паціснулі ў свет, І страхлівая цьма, дажджаная імгла Разам з ёю пайшла ў адзін след (Я.Колас). Усё паглынула глыбокая цемра... Побач, у халоднай цемры, трывожна шапацеў клён (Л.Дайнека). Вакол... непарушная цішыня і густая цягучая цемра (П.Галавач). Саўка застаўся адзін у гэтай маўклівай і грознай цьме (Я.Колас). Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры (У.Караткевіч).

* Цемень-імгла, цемра-здрадніца.

Падзівіся, браток, Што за цемень-імгла! (Я.Колас). Маўчала цемра-здрадніца, І месяц з неба знік (П.Панчанка).

Паведаміць пра недакладнасьць