ЧАС (часіна). I. Працягласць існавання з’яў рэчаіснасці: абноўлены, апантаны, быстрацечны, бязлітасна імклівы (аўт.), высокі, вялікі, гаючы, грозны, імклівы, круты, маўклівы, непадатлівы, непадкупны, няўмольны, падзеямі ўзрушаны, узрушаны, шчаслівы, шчасны.

Ты над прахам былога Праходзіш, абноўлены час (А.Звонак). Дзядзька Колас, мабыць, не чакалі?.. Дык даруйце, што турбую Вас. Пільна трэба: хутка ўцякае быстрацечны, апантаны час (П.Пруднікаў). Усё спакойна вырашае Бязлітасна імклівы час (П.Броўка). Высокі час душы — задумы прыйдзе слова і выбухне ў цішы — ўсясільнае! — вяснова (Т.Бондар). Няхай жа на крыллях вялікага часу, Сябры мае добрыя, Лірнікі мудрыя, Героі, нашчадкі Шаўчэнкі Тараса, Ляціць і маё да вас слова (К.Кірэенка). Ды раны залечацца часам гаючым — І зноўку ад ран супакоіцца сэрца (П.Броўка). Тут грозны час сяброў мне не збярог, Ім светлы дзень сустрэць не давялося (Н.Гілевіч). Любімая, толькі з табою надоўга забуду аб тым, што шчасце мяжуе з бядою ў часе імклівым, крутым (В.Жуковіч). Апынуўся ізноў я сам-насам з ноччу зорнаю, з цішынёй, непадкупным маўклівым часам (В.Жуковіч). Прыцішыўся час непадатлівы (Р.Барадулін). Дзялілі далі нас, і час дзяліў няўмольны (К.Буйло). Ты ідзеш над зямлёю, Падзеямі ўзрушаны час (А.Звонак). З той няпэўнай хвіліны Яны [ходзікі] не прысталі ні раз. За гадзінай гадзіну Шчаслівы адлічвалі час (А.Куляшоў).

II. Прамежак, адрэзак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, месяцаў і г.д.: вольны, восеньскі, залаты, летні, любы, непаўторны, прыгожы, светлы, урачысты, чароўны  апошні, асенні, глухі, горкі, ліхі, нешчаслівы, смутны, суровы, цяжкі.

Антось спаць доўга не меў моды, А як надарыцца мінутка Часіны вольнай ці святы дзень, Ну хоць адзін разок на тыдзень Хадзіў на Нёман ці на тоні: Рыбак быў дзядзька наш Антоні (Я.Колас). Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў] (І.Дуброўскі). Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня (І.Навуменка). Толькі час не вернеш залаты — Лепей з ім у сне не сустракацца (І.Калеснік). І люб і смуцен час прыгоды, Калі душа ўсяе прыроды З тваёю злучыцца душою У адным суладдзі і настрою (Я.Колас). Прашумела непагода, Але буду я заўсёды Помніць гэты непаўторны светлы час, Гоман лесу, бліскавіцы, Веснавую навальніцу, што здружыла нас (М.Танк). Стаяў красавік, прыгожы час вясны (У.Краўчанка). У палавіне кожнага дня ў сялянскіх хатах бывае той урачысты час, калі сям’я садзіцца за стол (Я.Брыль). Чароўны час! Здаецца, вось Па мураве і красках Сюды ў ззянні сініх рос На цыпках прыйдзе казка (П.Панчанка). І тут жа паспагадаў ён [настаўнік] і тым падарожнікам, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах (Я.Колас). [Зарэчны:] Сябры, таварышы мае, мой час апошні настае (А.Бачыла). Не надышоў мой час асенні. Ўдалечыні мае снягі... (Г.Каржанеўская). Шчасных дум чародкі Хай плывуць праз рэшткі год... Хай растопчуць стынь і лёд Горкае часіны! (А.Звонак). Мінае, канае часіна ліхая (Г.Бураўкін). Рэдкае збожжа, травы палавіна, Колас не гнецца зярном да зямлі. Знаць, нешчасліва была та часіна, Як кідалі зерне сяўцы па раллі (Я.Колас). Для беларуса Алеся Караневіча, можа, самым дарагім і блізкім быў запарожскі казак Піліпенка, якога прыняў да душы ў суровы час бою... (І.Новікаў). Думаў я, пройдуць зімы і вёсны, Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны, Сэрца забудзе часіну цяжкую (П.Броўка).

III. Перыяд у жыцці чалавека; пара года: барвовы (аўт.), вечна юны, далёкі, залаты (нар.-паэт.), зорны, імклівы, непаўторны, песенны, райскі, рупны, светлы, суджаны  доўгі, ліхадзейскі, нудны, пусты, смутны.

Восень, восень! Птушка залатая, Прыгаством і ты чаруеш нас, — Паглядзі, за хатай дагарае На лістах крушын барвовы час (А.Куляшоў). Красавік — гэта першыя краскі вясны... Вечна юнага часу Урачыстая песня (А.Звонак). І добра ўсё ж, што ў часе залатым Паверыў я зусім не словам тым, А твайму сэрцу (К.Цвірка). На той зямлі, дзе ў зорны час Пакінуты маленства вёслы, Каторы год без нас, без нас Па колкіх броўках ходзяць вёсны (К.Цвірка). Вясна, Вясна небывалая! Імклівы і песенны час (П.Панчанка). Ты спяшыш, нібы ў апошні раз, Да ўтульных, засяроджаных ускраін, Дзе з арабін — о, непаўторны час! — Зрываў з каханай спелыя каралі (Г.Бураўкін). Я зноў хачу зірнуць назад Пад тыя стрэхі родных хат, Дзе зачалася пуцявіна, Дзяцінства светлая часіна (Я.Колас). Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі (Н.Гілевіч). Два гады не такі ўжо вялікі час ў жыцці чалавека. Але ён бывае доўгім і нудным... (М.Машара). Можа раптам прыйсці нейкі час ліхадзейскі, Апануе цябе смутак прыкры і боль (П.Марціновіч). Месяц, праведзены дома, у сям’і, здаваўся яму цяпер нейкім райскім часам (М.Ткачоў). [Хлебароб] славіць рупны час работ, Гарачы месяц жнівень (А.Вялюгін). Сцелюцца валокны, Тчэцца павуціна — Блізка, блізка восень, Смутная часіна (Я.Колас). І час — пусты, як гук, Разлука — нібы вечнасць, І — рух ласкавых рук — Як міг і недарэчнасць (В.Вярба).

IV. Перыяд у жыцці чалавецтва, народа, дзяржавы, грамадства: агнявы, адказны, баявы, бурлівы, бурны, велічны, веснавейны (аўт.), вялікасны, вялікі, гарачы, гераічны, дарагі, дзедаўскі, дзіўны, добры, крылаты, легендарны, магутны, мірны, мудры, незабыўны, памятны, светлы, слаўны, старадаўні, старажытны, цудоўны, шчаслівы  балючы, бядотны, бязмежна-суровы, бязрадасны, гаротны, глухі, горкі, грозны, далёкі, жахлівы, жорсткі, змрочны, ліхі, люты, навальнічны, небяспечны, неспакойны, няласкавы, пакутлівы, пануры, сівы, суровы, сцюжны, трагічны, трывожны, цёмны, цяжкі, чорны.

Здаецца паданнем гадзіна пакут І час агнявы, веснавейны (Ю.Лявонны). Гэта сведкі тых паходаў, Баявога часу, Дзе шашой, а дзе і бродам Маладосць хадзіла наша (А.Звонак). Бурлівы час нідзе, ніколі ва мне любві не заглушыў (В.Жуковіч). Час быў такі бурны, неспакойны, трывожны, — рэвалюцыя, вайна... (Я.Колас). Па-купалаўску гучна старая таполя пяе Там, дзе жыў песнапеўца Вялікіх часін пералому (А.Звонак). Мы з кожным днём дужэем У наш гарачы час (Я.Журба). Здалёк было чуваць, як чакалі ў чатыры цапы, нібы ў далёкія дзедаўскія часы (І.Шамякін). Красуйся, Беларусь!.. Цябе пяюць твае сыны. Пяюць і славяць дзіўны час, Узлёты думак агнявых (А.Александровіч). Я веру ў добры, мудры час, як веру ў добры, мудры сказ (А.Вярцінскі). Час суровы, ты быў і крылаты, і пакутлівы, і дарагі (П.Пруднікаў). Хачу згадаць я светлы час, Што да жыцця паклікаў нас... (А.Куляшоў). Светлы час! Грозны час! Гэта ў дні агнявыя Разлічаўся народ за пакуты былыя (П.Броўка). Калісьці, ў старадаўні час, Жыў ганарысты пан у нас (У.Дубоўка). Шчаслівы час да нас прыйшоў, народ мой атрымаў незалежнасць, але і цяжкі гэты перыяд, ён выпрабоўвае сёння кожнага (“Беларусь”). Не адзін зарубцаваўся знак З тых часоў панурых і балючых (М.Танк). Вада з прыдарожнага ручая Была саладзей за мёд нам... Краіна мая, маці мая, Час твой цяжкі і гаротны! Топча, катуе тваю зямлю Вылюдак ашалелы. Я кроў да апошняе кроплі пралью, Каб толькі табе палягчэла (П.Панчанка). Мой родны край, паслухай слова сына, У горкі час зямлю сваю агледзь, — Шляхі, шляхі, разліў азёраў сініх, Высокіх сосен вылітую медзь (П.Панчанка). І калі вораг забразгоча зброяй, То нашы сэрцы будуць біцца так, Як у гвардзейцаў, у бацькоў-герояў У грозны час... (Н.Гілевіч). Была вайна. Жахлівы час. Мужчын пабралі з кожнай хаты... (М.Чарот). Быў жорсткі час. Мы плакаць не ўмелі, Хоць боль вужакай сэрца абвіла... (К.Буйло). Сцюжны час, бязмежна-суровы. Спіць народ, нібы зерне ў раллі (У.Караткевіч). І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія змрочныя часы (А.Лойка). У такі ліхі час [у вайну] суседзі сталі як родныя (М.Лынькоў). І гэтай велічы не зрушыць Ні вораг злы, ні люты час: Мы палажылі ў сцены дружнасць... (П.Глебка). Цар... не мог рызыкаваць, не мог згадзіцца, каб у такі навальнічны час узбунтаваліся яшчэ і палякі (У.Караткевіч). Быў час небяспечны, трывожны... ворагі ішлі на гарады нашы, пожні (Я.Колас). У няласкавы час прыгадаецца ўсім, Хто жадае свабоды і шчасця айчыне, Як ішлі мы ў салдаты адзін за адным, Як тужылі ў баях (К.Кірэенка). Мінулы страшны час нам толькі мо прысніцца... (М.Чарот). Навокал шумелі лясы, Віхуры стагналі зімой, Суровыя тыя часы І школай былі і турмой (Н.Гілевіч). Не відно мае дарогі — Горы, лес, балоты, гразь... Колькі смутку і трывогі Ў гэты цяжкі, цёмны час! (Я.Колас). Цяпер дубы расказваюць быліны І шэпчуць баравыя верасы Аб тым, як Пушкіну цяжкой часінай Далі прытулак нашыя лясы (М.Аўрамчык).

* Час-бог.

Дзень цудоўны настаў, каб разгледзець я мог хараство, што наслаў мне высокі час-бог (В.Жуковіч).

Паведаміць пра недакладнасьць