Хварэць (захварэць) на пана. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘доўга спаць, вылежвацца’ і ‘весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычаі, імкненне да раскошы і пад.’.

Дзед-жабрак прачнуўся рана, будзіць хлопца. - Уставай! Хварэць нечага на пана, хоць падзяку людзям дай! (Я.Колас. Сымон-музыка). Бач, захварэў на пана... Няма таго, каб аддаць дабрыдзень, з людзьмі па-людску паздароўкацца... (І.Аношкін. Букет бэзу).

Выраз з паэмы Я.Коласа «Новая зямля» (1923). Ужыты ў такім кантэксце: «У будныя дні ўставалі рана: няма калі хварэць на пана». Утвораны па сінтаксічнай мадэлі хварэць на сухоты і, відаць, пад уплывам устойлівага словазлучэння панская хвароба, якое ўжываецца іранічна пры ацэнцы таго, хто «з-за ляноты прытвараецца хворым і не ідзе на работу» (І.Насовіч).

Паведаміць пра недакладнасьць