Хвост падтуліць (падціснуць). Фразеалагізм з такой вобразнасцю і значэннем ёсць таксама ў рас. (поджать хвост), укр. (піджати хвіст), балг. (свия си опашка), серб.-харв. (подвити реп) м. Яго сэнс - ‘спалохаўшыся, стаць асцярожным’.

Ідзі, ідзі, погань буржуйская... Бач, хвост падціснуў, калі на лапы наступілі... (М.Лынькоў. Міколка-паравоз).

Выраз узнік у выніку пераносу на чалавека дзеянняў і ўласцівасцей ваўка ці сабакі: воўк звычайна ходзіць, падтуліўшы хвост; сабака, калі на яго накрычыць гаспадар, бяжыць з падтуленым хвастом у будку. Параўн. выкарыстанне фразеалагізма з агаленнем яго вобразнасці: «А Воўка сядзеў, як той цюцька, падтуліўшы хвост, і маўчаў, нічога не казаў матцы» (Л.Арабей).

Паведаміць пра недакладнасьць