Калмаґораў Андрэй Нікалаевіч (Колмогоров Андрей Николаевич; 25.04.1903-20.10.1987), расейскі матэматык, акад. АН СССР (1939), замежны акад. АН ЗША (1967), Парыжскай АН (1968) і інш. З 1931 г. праф. Маскоўскага ўніверсітэта. К. належаць фундаментальныя працы па трыганаметрычных шэрагах, тэорыі меры, тэорыі мностваў, тэорыі інтэграла, тэорыі набліжання функцый. К. зрабіў істотны ўклад у распрацоўку канструктыўнай логікі, тэорыі дыферэнцыяльных раўнанняў, функцыянальнага аналізу, механікі (тэорыя турбулентнасці). К. належаць працы ў галіне тэорыі імавернасцяў, дзе ён супольна з А.Хінчыным пачаў выкарыстоўваць метады тэорыі функцый рэчаіснай зменнай (1925). Гэта дазволіла К. развязаць шэраг цяжкіх праблем і пабудаваць шырока вядомую сістэму аксіяматычнага абгрунтавання тэорыі імавернасцяў (1933), закласці асновы тэорыі выпадковых працэсаў Маркава з непарыўным часам. Пазней К. развіў тэорыю стацыянарных выпадковых працэсаў, галінавальных працэсаў. К. зрабіў важны ўклад у тэорыю інфармацыі. Браў актыўны ўдзел у распрацоўцы пытанняў матэматычнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Міжнародная прэмія Вольфа (1981), Міжнародная прэмія Н.Лабачэўскага (1986).

Літ.: Успехи матем. наук. 1983. Т. 38, вып. 4.

Паведаміць пра недакладнасьць