Кантар Ґеорг (Cantor Georg; 03.03.1845-06.01.1918), нямецкі матэматык, у 1879-1913 гг. праф. універсітэта ў Гале. К. распрацаваў тэорыю бясконцых мностваў і тэорыю трансфінітных лікаў. Даказаў незлічальнасць мноства рэчаісных лікаў і ўстанавіў такім чынам існаванне неэквівалентных бясконцых мностваў (г.зн. такіх, якія маюць розныя магутнасці), сфармуляваў (1878) агульнае паняцце магутнасці мноства. У 1879-1884 гг. К. сістэматычна выклаў прынцыпы свайго вучэння пра бясконцасць. Увёў паняцці лімітавага пункта, вытворнага мноства, пабудаваў прыклад дасканалага мноства (Кантара мноства); развіў адну з тэорый ірацыянальных лікаў; сфармуляваў адну з аксіём непарыўнасці (Кантара аксіёму). Ідэі К. зрабілі вялікі ўплыў на развіццё матэматыкі.

Тв.: Труды по теории множеств. М., 1985.

Паведаміць пра недакладнасьць