Ляйбніц Ґотфрыд Вільгельм (Leibniz Gottfried Wilhelm; 01.07.1646-14.11.1716), нямецкі матэматык і фізік, акад. Лонданскага каралеўскага таварыства, акад. Парыжскай АН (1700). Найбольш важная заслуга Л. у матэматыцы - распрацоўка (нароўні з А.Ньютанам) дыферэнцыяльнага і інтэгральнага злічэнняў, якая мела велізарнае значэнне для далейшага развіцця матэматыкі і прыродазнаўства. У сваіх працах (1675) Л. сфармуляваў паняцці дыферэнцыяла як бясконца малой рознасці двух бясконца блізкіх значэнняў зменнай велічыні і інтэграла як сумы бясконцага ліку дыферэнцыялаў і даў найбольш простыя правілы дыферэнцавання. Упершыню сустракаюцца ў Л. сучасныя знакі дыферэнцыяла d і інтэграла ∫. Л. даследаваў (1673-1674) знаказменныя шэрагі (Ляйбніца шэрагі) і стварыў канструкцыю лічыльнай машыны. Працы Л. ахоплівалі ўсе пачатковыя раздзелы дыферэнцыяльнага і інтэгральнага злічэнняў.

Літ.: Погребысский И.Б. Готфрид Вильгельм Лейбниц. 1646-1716. М., 1971.

Паведаміць пра недакладнасьць