Аляхновіч Францішак (09.03.1883-03.03.1944), беларускі палітычны дзеяч, драматург, пісьменьнік, журналіст. Нарадзіўся ў Вільні. За беларускую патрыятычную дзейнасьць быў рэпрэсіраваны расейскім царскім рэжымам, а пасьля бальшавіцкім (шэсьць гадоў правёў на Салаўках). Выдаў кнігу ўспамінаў «У кіпцюрох ГПУ» (1934). Пад час Другой сусьветнай вайны ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, быў старшынёй Віленскага акруговага камітэта БНП. Савецкая разьведка называла яго «правай рукой ксяндза Гадлеўскага», што гаворыць аб ягонай цеснай супрацы з кіраўніком Беларускага Супраціву. Быў забіты ў Вільні, праўдападобна, савецкім агентам.