Багдановіч Глеб (1913-1960-я), беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, доктар медыцыны. Удзельнік дэсанту батальёна «Дальвіц» у лістападзе 1944 г. на Віленшчыну. Сын сэнатара Вячаслава Багдановіча, расстралянага бальшавікамі ў Вялейцы ў 1941 г. Скончыў Віленскую беларускую гімназыю, медыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні. Пад час нямецкай акупацыі Багдановіч спачатку працаваў доктарам у Івянцы на Гарадзеншчыне. Удзельнічаў у падпольным руху, быў сябрам БНП. З траўня 1944 г. - афіцэр БКА. З ліпеня 1944 г. Багдановіч знаходзіўся ў беларускім дэсантным батальёне «Дальвіц». 17 лістапада 1944 г. ён у складзе 28-асабовай групы дэсантаваўся на Віленшчыне. У чэрвені 1945 г. з акаўскай групай «Лялюся» з боем прарваўся ў Польшчу. Багдановіч жыў і працаваў урачом на Беласточчыне, удзельнічаў у падпольным руху. Быў прызваны ў польскае войска, у ранзе паручыка служыў старэйшым палкавым урачом. 14 красавіка 1949 г. ён быў арыштаваны польскай СБ і дэпартаваны ў СССР. Зьняволеньне Багдановіч адбываў на Варкуце. Пасьля вяртаньня ў Беларусь, працаваў урачом, але хутка памёр. Пахаваны ў Рудзенску.

Паведаміць пра недакладнасьць