Беларуская Вайсковая Арганізацыя (БВА), нелегальная арганізацыя беларускіх вайскоўцаў-нацыяналістаў. Заснавана ў 1944 годзе па рашэньню ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Будавалася па ўзору «Польскай Арганізацыі Вайсковай». БВА мусіла складацца з актыву БНП, найперш з дэсантных груп батальёна «Дальвіц», якія перакідваліся ў Беларусь. У красавіку 1945 г. у Бэрліне адбылася нелегальная канфэрэнцыя БНП, на якой зноў паўстала пытаньне БВА. Усевалад Родзька прапанаваў рэарганізаваць партыю ў Беларускую Вайсковую Арганізацыю, якая павінна была ўзначаліць антысавецкі партызанскі рух на Бацькаўшчыне. Аднак большасьць удзельнікаў канфэрэнцыі неўзабаве загінулі ў баях з бальшавікамі або трапілі ў іх рукі (Родзька, Гелда ды іншыя). Пра дзейнасьць БВА ў пазьнейшы час нічога невядома.

Паведаміць пра недакладнасьць