Беларускі Вызвольны Рух (БВР), палітычна-вайсковая арганізацыя беларускіх нацыяналістаў на эміграцыі. БВР быў заснаваны ў 1950 г. у Зах. Нямеччыне й Ангельшчыне маёрам Л.Зарэчным і напачатку дзейнічаў нелегальна. Пры дапамозе ангельскіх сьпецслужбаў, у 1950-51 гг. некалькі дывэрсыйна-разьведвальных груп БВР былі перакінуты ў Беларусь. Амаль усе разьведчыкі-беларускія вайскоўцы выканалі заданьне й вярнуліся на Захад. У Манчэстары (Ангельшчына) пачала арганізоўвацца «Баявая афіцэрская школа БВР», якая мусіла падрыхтоўваць кіруючыя партызанскія кадры для перакідкі іх у Беларусь. У сваёй дзейнасьці БВР супрацоўнічае з Украінскай Нацыянальнай Гвардыяй атамана Бульбы-Бараўца. У 1952 г. адбываецца легалізацыя БВР. Маёр Л.Зарэчны, як «кіраўнік Арганізацыйнага бюро Галоўнага Штаба БВР», выдае 27 лютага 1952 г. адозву да беларускіх вайскоўцаў з заклікам далучацца да «Вайскова-палітычнага цэнтра Вызваленьня Беларусі», які будзе каардынаваць сілы беларускага антыбальшавіцкага фронту. 9 сакавіка 1952 г. у Манчэстары адбылася «надзвычайная канфэрэнцыя» беларускіх вайскоўцаў, на якой быў утвораны Галоўны Штаб БВР. У 1952 г. у Лянгэнфэльдзе (Зах. Нямеччына) пачалі выходзіць газэта «Незалежная Беларусь» і «Інфармацыйны бюлетэнь Галоўнага Штабу БВР» (выдавец - Палітычна-прапагандовы аддзел Галоўнага Штаба БВР).

БВР супрацоўнічае з Беларускай Цэнтральнай Радай, дасылае сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952-53 гг., абапіраючыся на структуры БЦР, у розных краінах Захаду арганізоўваюцца Краёвыя Штабы БВР. Утвараюцца й Аддзелы моладзі пры БВР (напрыклад, у 1953 г. у Аўстраліі Аддзелам моладзі кіраваў лейтэнант Ул.Шнэк). БЦР на чале з Р.Астроўскім імкнулася падпарадкаваць сабе БВР, але гэтаму супрацівіўся палкоўнік Зарэчны, які хацеў захаваць незалежнасьць сваёй арганізацыі. У выніку, 8 лютага 1954 г. прэзыдэнт БЦР звольніў Л.Зарэчнага ад пасады старшыні Галоўнага Штаба БВР, прызначыўшы на ягонае месца маёра Ўладзіміра Сеньку (апошні адмовіўся выконваць гэты загад). Аднак Зарэчны рашэньні выканаўчых ворганаў БЦР праігнараваў і 18 лютага 1954 г. выдаў Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці. Палкоўнік Л.Зарэчны заклікаў сяброў БВР самім вырашыць лёс арганізацыі, склікаўшы Ўсеэміграцыйны зьезд БВР. Аднак, яшчэ напярэдадні зьезду БВР быў расколаты на дзьве часткі. У Ангельшчыне ствараў «свой» БВР Сымон Серафімовіч, перайшоў у лягер бэцээраўцаў кіраўнік палітычна-прапагандовага аддзелу Галоўнага штаба БВР Ягор Попка (капітан Б.Жубровіч).

29 жніўня 1954 г. у Манчэстары прайшоў першы Ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім быў прыняты статут і выбраны кіруючыя ворганы арганізацыі. Генэральным сакратаром БВР быў абраны С.Шчэрба. Старшынёй ЦК БВР стаў Л.Зарэчны, а пасьля ягонага адыходу ад арганізацыі - Ул.Сенька. На зьезьдзе быў прыняты Маніфэст БВР. С.Шчэрба пісаў: «Маніфэст гэты мы перакінем усякімі шляхамі на родныя нашыя землі, каб падняць наш Народ на духу, а калі прыйдзе адпаведны час - да рэвалюцыі...».

27 кастрычніка 1954 г. пленум і калегія БЦР «зьліквідавалі» БВР і арганізавалі Беларускі Вызвольны Фронт. Аслаблены БВР пачаў падзяляцца на малыя групы. Маёр Сенька выконваў абавязкі старшыні ЦК БВР толькі фармальна. Уплыў БВР на беларускую эміграцыю з гэтага часу стаў мінімальны. 7 верасьня 1957 г. у Дэўсбуры (Ангельшчына) прайшоў другі Агульны Ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім прысутнічаў 41 дэлегат з Ангельшчыны, Аргентыны, Гішпаніі, Францыі, Аўстрыі, Канады і Аўстраліі. Аднак на ім вырашаліся дробныя справы, як напрыклад «чыстка» шэрагаў БВР ад «бязбожных групаў», «уласаўцаў» і г. п. Фактычна, гэта быў канец Беларускага Вызвольнага Руху. Спробы яго рэанімацыі адбываліся яшчэ ў 1960-70-я гг. У Манчэстары дзейнічалі дзьве варожыя групы, кожная зь якіх называла сябе «Беларускім Вызвольным Рухам». У Ангельшчыне выдаваўся часапіс БВР «Жыве Беларусь». У Кліўлендзе (ЗША) жыў Алесь Змагар (Яцэвіч, палкоўнік Баравы), які зьяўляўся старшынёй Галоўнай Управы БВР. Змагар з 1965 г. неперыядычна выдаваў газэту «Незалежная Беларусь». Да пачатку 1980-х гг. ён рэгулярна распаўсюджваў ад імя БВР адозвы да ўгодкаў 25 Сакавіка й Слуцкага паўстаньня. На сёньняшні дзень арганізацыя ўжо не існуе.

Паведаміць пра недакладнасьць