Беларускі Вызвольны Фронт (БВФ), беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. БВФ быў заснаваны 27 кастрычніка 1954 г. указам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. Галоўнай мэтай БВФ было вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 г. і пастановы 1-га й 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў, ды стаяў на плятформе Беларускай Цэнтральнай Рады.

Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Зах. Нямеччына), узначаліў падпалкоўнік Дзімітры Касмовіч («Каршун»). Былі арганізаваны Краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Нямеччыне, Ангельшчыне, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 г. выходзіў часапіс «Барацьба», ворган БВФ, наклад якога ў 1950-я гг. складаў тысячу паасобнікаў.

Асноўную частку актывістаў БВФ склалі былыя сябры Беларускага Вызвольнага Руху - прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ ня толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы, але й спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падпольля ў Беларусі.

БВФ супрацоўнічаў ў шэрагам антыкамуністычных арганізацый: з Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азыі (АПАКЛ, з 1955 г.), Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, Міжнароднай федэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР Дз.Касмовіч у 1964 г. выступаў у Эўрапарлямэнце, а ў 1968 г. - у Брытанскім парлямэнце. У 1967 г. БВФ быў адным з арганізатараў Эўрапейскае Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. У 1967 г. была арганізавана Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сэуле (Паўднёвая Карэя), і зь якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт. Пачынаючы з канца 1950-х гг. асноўная дзейнасьць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзеньні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацый, ва ўдзеле ў міжнародных канфэрэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаваньне беларускае пытаньне.

У 1960-70-я гг. актыўна дзейнічалі Краёвыя аддзелы БВФ у Ангельшчыне (кіраўнік штаба - Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сіднэй і Мэльбурн, актывісты - Уладзімір Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэкі), Канадзе (Вэнніпэг), ЗША (актывісты - Іван Касяк, А.Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, В.Лапіцкая).

Са сьмерцю ў 1991 г. Дз.Касмовіча, БВФ фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мэмарандумы ў газэты й часапісы Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць