Гінько Янка (03.01.1912 - 1980-я гг.), беларускі палітычны дзеяч, удзельнік дэсанту батальёна «Дальвіц» у 1944 г. У 1939 г. скончыў Вашаўскую політэхніку па сьпецыяльнасьці інжынера геадэзіі. У 1940-41 гг. працаваў па сваёй сьпецыяльнасьці ва ўсходняй Беларусі. Пад час нямецкай акупацыі працаваў старшынёй Беларускай Народнай Самапомачы ў Глыбокім. Сябра ЦК БНП, кіраўнік палітычнай рэферэнтуры партыі. У 1944 г. адмовіўся працаваць намесьнікам прэзыдэнта БЦР у Слуцку. Лейтэнант БКА. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. - у батальёне «Дальвіц». 17 лістапада 1944 г. дэсантаваўся ў раёне Ліды. У сьнежні трапіў у палон НКВД. Праходзіў на працэсе кіраўніцтва БНП у Менску ў 1946 г., атрымаў 25 гадоў канцлягераў. У 1953 або 1954 гг. Гінько трапіў на Інту. Вызваліўся пасьля 1956 г., застаўся працаваць на Інце. Ажаніўся й з дапамогай жонкі атрымаў дазвол на пражываньне ў Маскве. Бываў у Беларусі. Апошнія гады жыцьця моцна хварэў.