Раманчук Сымон (1916-1951?), беларускі вайсковы дзеяч, кіраўнік паўстаньня палітзьняволеных у «Мінлагу». У 1930-я гг. закончыў Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у польскую школу падхарунжых. Аднак пачатак нямецка-савецкай вайны перашкодзіў яе скончыць. З 1940 г. у родных мясьцінах хаваўся ад НКВД, езьдзіў у Львоў. Пад час нямецкай акупацыі Раманчук працуе ў грамадзянскай адміністрацыі ў Нясьвіжы. З сакавіка 1944 г. ён, старэйшы лейтэнант, узначальвае пэрсанальнае бюро пры Галоўным кіраўніцтве Беларускае Краёвае Абароны. З 1944 г. - у Нямеччыне. У Беларусь вярнуўся ў 1945 г. з дэсантам батальёна «Дальвіц», быў арыштаваны. Па іншай вэрсіі, зь Беларусі Раманчук летам 1944-га не выязджаў. Афіцэр БКА Уладзімір Сіўко ўспамінае, што ў лютым 1946 г. Раманчук спрабаваў уцякчы зь менскае «амэрыканкі», але няўдала. Раманчука пасьля гэтага страшна катавалі й ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Яго засудзілі на 10 гадоў канцлягераў. Спачатку ён знаходзіўся ў «бытавых» лягерах, а пасьля трапіў да палітычных, у «Мінлаг». Там пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш, якая пазьней напіша пра яго ў «Споведзі»: «Наш сьветлы герой, які ведаў адно толькі - сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю». У «Мінлагу» Раманчук рыхтаваў паўстаньне, кантактаваў у гэтай справе з расейцамі й палякамі. Аднак яго здрадзілі. Пасьля суду быў расстраляны на Інце.

Паведаміць пра недакладнасьць