Саюз вызваленьня Беларусі (СВБ), падпольная моладзевая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-47 гг. СВБ створаны ў лістападзе 1946 г. па ініцыятыве сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. Быў створаны аргкамітэт, падрыхтавана праграма, былі прызначаныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч («Дубовы»), а фінансавы - Кастусь Рамановіч («Сокал»). Галоўнай мэтай СВБ было «аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы». Асноўным метадам барацьбы СВБ была антысавецкая агітацыя, але й не выключаўся ўзброены супраціў.
СВБ быў разьбіты на «тройкі». Аднак сыстэма кансьпірацыі была ненадзейная. Напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэньняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасьля трапілі ў рукі дзяржбясьпекі.
У канцы траўня 1947 г. сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласьці было арыштавана 18 сябраў СВБ, выдадзеных правакатарам. 30 жніўня 1947 г. Вайсковы трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягераў.